Перайсьці да зьместу

Кэці Ледэкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кэці Ледэкі
Пэрсанальная інфармацыя
Поўнае імяпа-ангельску: Katie Ledecky
Нарадзілася17 сакавіка 1997(1997-03-17)[1][2][3][…] (27 гадоў)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяплыўчыха

Кэтэлін Жэнэвіеў Ледэкі (па-ангельску: Kathleen Genevieve Ledecky; 17 сакавіка 1997 году) — амэрыканская плыўчыха і шматкротная алімпійская чэмпіёнка і чэмпіёнка сьвету, якая ўсталявала рэкорд у найбольшай колькасьці тытулаў у гісторыі сярод плыўчых. Маючы на сваім рахунку 16 залатых мэдалёў у індывідуальных дысцыплінах на чэмпіянаце сьвету, яна ёсьць рэкардсмэнкай па водных відах спорту[5]. Ледэкі ёсьць рэкардсмэнкай сьвету на дыстанцыях 800 і 1500 мэтраў вольным стылем сярод жанчын, як на доўгай, гэтак і кароткай дыстанцыях. Зважаецца найвялікшай плыўчыхай усіх часоў і адной з найвялікшых алімпіек усіх часоў[6][7][8]. Посьпехі спартоўкі былі заўважаныя часопісам Swimming World, які пяць разоў надаваў ёй званьне найлепшай плыўчыхі году. Ледэкі таксама была ўганараваная званьнямі спартоўкі году ў 2017 і 2022 гадах паводле вэрсіі Associated Press, міжнароднай чэмпіёнкай сярод жанчынаў паводле вэрсіі L’Équipe у 2014 і 2017 гадах ды спартоўкай году Алімпійскага камітэту ЗША ў 2013, 2016 і 2017 гадах[9]. У 2024 годзе прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ушанаваў яе Прэзыдэнцкім мэдалём свабоды[10].

Паходжаньне і раньняе жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кэці Ледэкі нарадзілася ў Вашынгтоне[11], але гадавалася ў прадмесьці сталіцы ў Бэтэсды, штат Мэрылэнд[12]. Ейны дзед Ярамір Ледэцкі быў чэхам паводле паходжаньня. Ён прыехаў у Нью-Ёрк 8 верасьня 1947 году, а пазьней працаваў эканамістам[13]. Маці Ледэкі мае ірляндзкае паходжаньне[14], таму выхоўвалася ў каталіцтве[15]. Ейны дзядзька Джон Ледэкі — бізнэсовец і суўладальнік каманды НХЛ «Нью-Ёрк Айлэндэрз»[16]. Ледэкі пачала плаваць ў веку шасьці гадоў пад уплывам старэйшага брата Майкла і маці, якая плавала ва Ўнівэрсытэце Нью-Мэксыка. Цягам лета 2012 году трэнавалася з плавальнім клюбам «Сталіца краіны».

На Алімпійскім адборачным турніры ЗША ў 2012 годзе, які ладзіўся ў штаце Нэбраска, Ледэкі здолела ўвайсьці ў алімпійскую каманду, заняўшы першае месца ў заплыве на 800 мэтраў вольным стылем з вынікам у 8:19,78, больш чым на дзьве сэкунды апярэдзіўшы суперніцу з другога месца[17]. На летніх Алімпійскіх гульнях 2012 году ў Лёндане Ледэкі кваліфікавалася ў фінал на дыстанцыі 800 мэтраў вольным стылем, заняўшы трэцяе месца ў агульным заліку паўфіналаў з вынікам 8:23,84[18]. У фінале спартоўка нечакана здабыла залаты мэдаль, усталяваўшы новы рэкорд ЗША, у той час як папярэдні трымаўся з 1989 году.

Ледэкі пасьля заплыву на 1500 мэтраў вольным стылем на Ціхаакіянскім плавальным чэмпіянаце ў 2014 годзе.

Ужо праз год плыўчыха назьбірала чатыры залатых мэдалі на чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту, стаўшы найлепшай у заплывах на 400, 800 і 1500 мэтраў і эстафэце 4×200 мэтраў усё вольным стылем. Пры гэтым у індывідуальных заплывах амэрыканка ўсталявала сусьветныя рэкорды. У 2014 годзе Ледэкі перамагла ўва ўсіх заплывах вольным стылем на дыстанцыях большых за 200 мэтраў на Ціхаакіянскім плавальным чэмпіянаце. Паводле вынікаў году Ледэкі была названая плыўчыхаў году часопісам Swimming World. На чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту 2015 году ў расейскай Казані Ледэкі здабыла пяць залатых мэдалёў і пабіла тры сусьветныя рэкорды. Яна была наймацнейшай на дыстанцыях у 200, 400, 800 і 1500 мэтраў вольным стылем, а таксама ў эстафэце 4×200 мэтраў вольным стылем. Ледэкі стала першай плыўчыхай, якая перамогла на дыстанцыях 200, 400, 800 і 1500 мэтраў вольным стылем на буйных спаборніцтвах[19]. Яна таксама была прызнаная найлепшай плыўчыхай спаборніцтваў.

На пачатку 2016 году Ледэкі ўсталявала новы сусьветны рэкорд на плаваньнях у Остыне ды лёгка адабрала ў алімпійскую зборную крыху пазьней. 1 ліпеня Ледэкі пераўзвысіла 28-гадовы рэкорд нацыянальнага чэмпіянату, усталяваны Джанэт Эванз, у ранішнім папярэднім заплыве на дыстанцыі 800 мэтраў вольным стылем (8:10,91), а ўвечары заняла сёмае месца на дыстанцыі 100 мэтраў вольным стылем (53,99). Першым відам Ледэкі на летніх Алімпійскіх гульнях 2016 году стала эстафэта 4×100 мэтраў вольным стылем. Спартоўка праплыла апошні этап як у папярэднім раўндзе, гэтак і ў фінальных спаборніцтвах. Аднак зборная стала толькі другой, прапусьціўшы наперад аўстраліек. У наступным яна здабыла залатыя мэдалі ў індывідуальных заплывах на 200, 400 і 800 мэтраў вольным стылем, паўтарыўшы вынік Дэбі Маер на летніх Алімпійскіх гульнях 1968 году. У дадатак Ледэкі ўзяла золата ў эстафэце 4×200 мэтраў вольным стылем.

Ледэкі атрымлівае ўзнагароду найлепшай спартоўкі ЗША на летніх Алімпійскіх гульнях 2016 году.

На чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту 2017 году, які ладзіўся ў Будапэшце, Ледэкі пераўзвысіла рэкорд чэмпіянатаў сьвету паводле колькасьці залатых мэдалёў сярод жанчынаў, заваяваўшы пяць залатых мэдалёў і адну срэбраную, давёўшы агульную колькасьць тытулаў за кар’еру да 14. На чэмпіянаце сьвету праз два гады спартоўка займела праблемы са здароўем. Яна адмовілася ад удзелу ў папярэднім заплыве на 200 мэтраў вольным стылем, а на дыстанцыі 1500 мэтраў паказала найлепшы час у папярэдніх заплывах (15:48,90), але пастанавіла сабе зьняцца зь фіналу. На дыстанцыі 400 мэтраў вольным стылем Ледэкі ў фінале саступіла на 1,21 сэкунды аўстралійцы Арыярн Тытмус, якая ўсталявала рэкорд Акіяніі з вынікам 3:58,76. У эстафэце 4×200 мэтраў вольным стылем Ледэкі плыла на другім этапе і паказала добры час, але амэрыканкі на фінішы ўсё ж саступілі 0,37 сэкунды аўстралійкам, якія ўсталявалі сусьветны рэкорд. Адзінае золата на чэмпіянаце Ледэкі здабыла на ейнай улюбёнай дыстанцыі 800 мэтраў вольным стылем.

Спартоўка (у белай шапачцы) пасьля аднаго з заплываў у 2018 годзе.

На летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году ў Токіё, Ледэкі заваявала два залатыя і два срэбраныя мэдалі, што зрабіла яе самай тытулаванай спартоўкай ЗША на летніх Алімпійскіх гульнях другі раз запар[20]. На чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту 2022 году ў Будапэшце Ледэкі выйграла ўсе чатыры дысцыпліны, як то заплывы на 400, 800 і 1500 мэтраў вольным стылем, а таксама эстафэту 4×200 вольным стылем. З чатырма перамогамі Ледэкі павялічыла колькасьць мэдалёў на чэмпіянаце сьвету да 22, апярэдзіўшы Наталі Кафлін[21]. На чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту 2023 году спартоўка здабыла толькі два залатыя мэдалі ў заплывах на 800 і 1500 мэтраў вольным стылем.

У першы вечар летніх Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы плыўчыха заняла трэцяе месца на дыстанцыі 400 мэтраў вольным стылем, прапусьціўшы наперад аўстралійку Арыярн Тытмус і канадку Самэр Макінтош[22]. Пазьней Ледэкі абараніла свой тытул у заплыве на 1500 мэтраў вольным стылем, усталяваўшы новы алімпійскі рэкорд з вынікам 15:30:02.

  1. ^ а б https://www.rio2016.com/en/athlete/katie-ledecky (анг.)
  2. ^ а б Augustyn A. Katie Ledecky // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б Katie Ledecky // FemBio database (ням.)
  4. ^ а б https://www.teamusa.org/usa-swimming/athletes/Katie-Ledecky
  5. ^ Sterling, Wayne (29.07.2023). «Katie Ledecky overtakes Michael Phelps for most individual world titles». CNN.
  6. ^ «Greatest swimmer of all time: a ranked list of the best swimmers ever». SportsBrief.
  7. ^ «How Katie Ledecky Became the Greatest Distance Swimmer of All Time». MySwimPro.
  8. ^ Brennan, Christine (29.07.2023). «Shattering Michael Phelps’ Record, Katie Ledecky Shows Why She’s The Greatest». USA Today.
  9. ^ Scott, Roxanna (2016). «Katie Ledecky wins Female Athlete of the Olympic Games». USA Today.
  10. ^ Schad, Tom (3.05.2024). «Katie Ledecky, Jim Thorpe among 2024 Presidential Medal of Freedom recipients by Joe Biden». USA Today.
  11. ^ «Katie Ledecky». TeamUSA.
  12. ^ «Katie Ledecky». Olympics at Sports-Reference.
  13. ^ Ledecky (1947). «New York City Passenger and Crew Lists, 1909, 1925—1957». FamilySearch.
  14. ^ Zaccardi, Nick (20.06.2016). «The code to Katie Ledecky’s goals in Rio». NBC.
  15. ^ Kudialis, Chris (1908.2016). «An Interview With Olympic Champion Katie Ledecky on Her Catholic Faith». National Catholic Register.
  16. ^ Watt, Annie (27.07.2012). «New York is like this». New York Social Diary.
  17. ^ «2012 U.S. Olympic Team Trials (swimming) — Women’s 800-metre freestyle (final)ю. Omega Timing
  18. ^ «Swimming at the 2012 London Summer Games: Women’s 800 metres freestyle round one». Sports Reference LLC.
  19. ^ Crouse, Karen (8.08.2015). «Katie Ledecky Wins 800 in Record Time, Completing World Championships Sweep». The New York Times.
  20. ^ «Which athletes have won the most Olympic medals in Tokyo 2020?». AS.com.
  21. ^ «Ledecky stretches 22-medal record at worlds with 800 title». Associated Press.
  22. ^ Brennan, Christine (2024). «Katie Ledecky wins 400 free bronze in her first Olympic final in Paris». USA Today.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Профіль на сайце Міжнароднай фэдэрацыі плаваньня.