Перайсьці да зьместу

Кукер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кукеры ў Карлаве.
Кукеры ў традыцыйных уборах. Раней за 1945 г.

Кукер — абрад пераапрананьня на масьленіцу ці каляды ў баўгар. У міталёгіі паўднёвых славянаў увасабленьне ўрадлівасьці. Удзельнікі абраду — кукеры, па-баўгарску: кукери, кукове, старци, бабугери, бабурци, песяцы, зибуци, доакуси, калугери, камилари, джамалари, джумали.

Абрад уключае гульнёвыя сцэны, яія закліканы паспрыяць дабрабыту, урадлівасьці і здароўю людзей, абараніць сяло ад бяды і няшчасьця. Вядомы ва ўсходняй і паўднёвай Фракіі, а таксама ў Радопах, Сарэдняй Гары, асобных рэгіёнах усходняй Баўгарыі; мае структурнае і функцыянальнае падабенства з калядна-навагоднімі абыходамі ў заходняй Баўгарыі, Македоніі, паўднёва-ўсходняй Сэрбіі (наяўнасьць разгалінаванай сыстэмы роляў; прысутнасьць пераапранутых, якія прыкідваюцца жаніхом і нявестай; выкананьне гульнявых сцэн зь яскрава выяўленай фалічнай сымболікай і г. д.).

Абрад выконваецца выключна мужчынамі, пераважна халастымі, на працягу масьленічнага тыдня і ў наступны за ім панядзелак (Кукеровден, Куковден, Старцовден). Ва ўбраньнях кукераў пераважаюць вопратка са шкур, выкручаных поўсьцю вонкі; іх маскі мудрагеліста ўпрыгожаны рознакаляровымі маністамі, люстэркамі, пёрамі, рагамі. Кукеры абвешаны розных памераў званочкамі, у руках маюць драўляныя шаблі, афарбаваныя на канцы накшталт фаласа ў чырвоны колер.

Кукеры імітуюць грубыя любоўныя дзеі з «жонкамі», таксама пераапранутымі, якія, у сваю чаргу, таксама пад рогат навакольных імітуюць цяжарнасьць і роды. Потым зьдзяйсьняецца абрадавае ворыва, высейваецца зерне.

Прызначэньне згаданай дзеі — забясьпечыць добры ўраджай, заклікаць да родаў маці-Зямлю.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]