Перайсьці да зьместу

Вадаём

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Патрыяршыя сажалкі ў Маскве

Вадаё́м — сталая або часавая навала стаялай або з паніжаным сьцёкам вады ў натуральных або штучных западзінах (азёры, вадасховішчы, сажалкі й т. д.). Вывучэньнем вадаёмаў займаецца навука гідралёгія.

Вадаёмы ўтвараюцца пры наяўнасьці на паверхні замкнёных катлявін і перавышэньні прытоку вады ў гэтае паглыбленьне над стратамі яе на фільтраваньне ў грунт і выпарэньне.

Вадаёмы могуць быць сталымі й часавымі, якія ўзьнікаюць толькі ў шматводныя пэрыяды году. Да такіх вадаёмаў адносяць старыцы й лужыны, якія ўзьнікаюць увесну пры разьлівах буйных рэк, а таксама перасыхаючыя рэкі й раўчукі.

Па хімічным складзе й колькасьці соляў, раствораных у вадзе, вадаёмы падзяляюцца на салёныя й прэсныя.

Фізычныя, хімічныя й біялягічныя працэсы ў вадаёмах працякаюць розна, у залежнасьці ад таго, да якога тыпу яны адносяцца.

Да штучных вадаёмаў адносяцца вадасховішчы й сажалкі.

У апошні час папулярнасьць заваёўваюць вадаёмы з бутылкаўчуковай плёнкі, такі як Firestone Pond Liner.

На 2022 год у Беларусі налічвалася звыш 20 000 вадацёкаў агульнай працягласьцю 90 600 км. Сярод іх 90% складалі малыя рэкі й ручаі. Аснову ж рачнога сьцёку ўтваралі вялікія й сярэднія рэкі. Таксама налічвалася звыш 10 000 азёраў, якія зьмяшчалі каля 9 кубічных км вады, 85 вадасховішчаў з плошчай паверхні вады ад 1-го кв.км і 1500 сажалак для рыбаводзтва й адпачынку[1].

На 2015 год у вадаёмах Беларусі вадзілася 65 відаў рыбы, у тым ліку 9 занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: сьцерлядзь, кумжа, ласось, ручаёвая стронга, ліпень, мірон, рыбец, стынка й азёрны гальян. Таксама налічвалася 18 чужародных відаў, сярод якіх сустракаліся малая паўднёвая колюшка й чарнаморская пухлашчокая іголка-рыба[2].

  1. ^ Водныя рэсурсы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
  2. ^ Марына Шыпулька. Прэснаводная рыба нашых вадаёмаў // Зьвязда : газэта. — 27 кастрычніка 2015. — № 207 (28065). — С. 9. — ISSN 1990-763x.