Перайсьці да зьместу

Авэстыйская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Авэстыйская мова
Ужываецца ў сучасных Іране й Аўганістане
Рэгіён Іранскае ўзвышша
Колькасьць карыстальнікаў
  • 0 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў літургічная мова зораастрызму
Статус: 10 вымерлая[d][1]
Пісьмо Avestan[d] і гуджараці[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ae
ISO 639-2(Б) ave
ISO 639-2(Т) ave
ISO 639-3 ave

Авэсты́йская мова (раней вядомая таксама як старажытнабактры́йская або зэ́ндзкая) — адна з моваў усходняе падгрупы іранскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, вядомая як мова Авэсты — літургічных помнікаў зораастрызму — ад якой мова й атрымала сучасна вядомую назву. Як лічыцца, арэал выкарыстаньня мовы ахопліваў прынамсі такія старажытныя рэгіёны як Сістан (Арахозія), Герат, Мэрв і Бактрыя[2]. Яская культура — археалягічная культура на поўдні сучаснага Туркмэністану пэрыяду 1500—1100 гг. да н.э., часта атаясамліваецца з раньняй культурай усходнеіранскіх народаў, апісаных у Авэсьце[3].

Статус авэстыйскае мовы як мовы набажэнстваў забясьпечыў мове трывалае выкарыстаньне цягам доўгага часу пасьля яе выміраньня. Гэтая акалічнасьць, а таксама шэраг лінгвістычных чыньнікаў дазваляе параўнаць мову з вэдыйскай мовай — найстарэйшай з індаарыйскіх моваў, што захаваліся дагэтуль.

Іранская група індаіранскае галіны моваў звычайна падзяляецца ў лінгвістыцы на дзьве падгрупы — усходне- й заходнеіранскую. Авэстыйская мова традыцыйна адносіцца да ўсходняе падгркпы іранскае групы, але некаторымі іншымі дасьледчыкамі падобны варыянт клясыфікацыі аспрэчваецца з прычыны разьвіцьця адрозьненьняў між усходне- ды захдонеіранскімі мовамі ўжо пасьля існаваньня авэстыйскае мовы.

Адначасова з гэтым, авэстыйская мова не адлюстроўвае тыповыя (паўднёва-)заходнеіранскія інавацыя, ужо прысутныя на той момант у старажытнапэрсыдзкай, таму ў гэтым разуменьні аднясеньне авэстыйскай да ўсходнеіранскіх моваў азначае толькі яе клясыфікацыю як не-заходнеіранскай[4]. У сваю чаргу, авэстыйская мова гістарычна разьвіла шэраг уласных інавацыяў, напрыклад, шыпячае вымаўленьне ў назоўніку aša, супрацьпастаўленае першапачатковаму /rt/, якое захавалася ў старажытнапэрсыдзкай і санскрыце (arta ды rta адпаведна). Іншыя лінгвісты мяркуюць, што авэстыйская мова, будучы роднаснай з старажытнапэрсыдзкай, якая належыць да (паўднёва-)заходнеіранскіх моваў,складае з гэтаю мовай г.зв. старажытнаіранскую групу[5]. Аднак на карысьць уваходжаньня авэстыйскае мовы ў склад усходнеіранскай падгрупы прыводзяцца такія аргумэнты як геаграфічная ўстаноўка Авэсты; сувязь эпічныхматываў Авэсты з усходнеіранскай эпічнай традыцыяй; традыцыя парсаў, што зьвязвае выступы Заратустры; некаторыя асаблівасьці мовы Авэсты, што зьвязваюць яе з усходнеіранскімі мовамі — сагдыйскай, харэзьмійскай.

Між тым, авэстыйская мова блізкароднасная старажытнапэрсыдзкай і, у некаторай ступені, таксама вэдыйскай мовам[6]. Выказваюцца тэорыі, што мова магла быць блізкай дыялектам, якія пазьней палеглі ў аснову мовы пушту[7].

Час існаваньня старажытнаіранскага дыялекту, які паслужыў асновай для авэстыйскае мовы, прыблізна адзначаецца пэрыядам другой паловы ІІ тыс. — першай паловы І тыс. да н.э.

Пэрыяд існаваньня авэстыйскае мовы прынята ўмоўна падзяляць на два этапы — стара- й раньнеавэстыйскую мовы. Раньнеавэстыйская мова не зьяўляецца вынікам эвалюцыі стараавэстыйскае мовы, паколькі два храналягічныя этапы адрозьніваюцца ня толькі паводле часу ўласнага існаваньня, але маюць таксама дыялектныя адрозьненьні; пры гэтым кожны авэстыйскі тэкст, незалежна ад яго прыналежнасьці да таго ці іншага храналягічнага этапу мовы, зьведваў уласныя зьмены.

Ужо напрыканцы IV — у пачатку VI стст. авэстыйская мова была мёртвай і выкарыстоўвалася толькі як мова набажэнстваў, але ў гэтай мове выкарыстоўваецца дагэтуль — парсамі ў Індыі й гебрамі ў Іране.

У ІІІ або IV стст. н.э. была распрацаваная ўласная сыстэма запісу авэстыйскае мовы, да гэтага часу мова перадавалася выключна вусным шляхам у літургічных мэтах. Тым ня менш, першая спроба пісьмовае фіксацыі ажыцьцяўленая каля 100 г. да н.э. — выкарыстоўваўся адзін з альфабэтаў на арамэйскай аснове, у якім не было сымбаляў для галосных, а сымбалі для зычных маглі перадаваць некалькі гукаў. Гэты тэкст не захаваўся да цяперашняга часу, шматлікія дасьледчыкі ўвогуле адмаўляюць ягонае існаваньне. Пры Сасанідах адбылася наступная кадыфікацыя Авэсты, яна скончылася ў канцы IV — пачатку VI стст. н.э.

Авэстыйскае пісьмо мела 53 сымбалі, якія запісваліся справа-налева. Сярод гэтых сымбаляў каля трыццаці зьяўляліся, за кошт даданьня разнастайных знакаў, варыяцыямі трынаццаці графэмаў пісьма пэглеві, якія вядомыя з зараастрыйскіх тэкстаў пэрыяду пасьля існаваньня Сасанідзкай імпэрыі. Гэтыя сымбалі, як і знакі пісьмовасьці пэглеві, ёсьць заснаванымі на сымбалях арамэйскага пісьма. Тым ня менш, некаторыя іншыя сымбалі, напрыклад знакі для галосных фанэмаў, паходзілі зь іншых сыстэмаў пісьмовасьці, у асноўным з грэцкай. Некаторыя іншыя сымбалі, у прыватнасьці знакі прыпынку, зьяўляліся ўласным вынаходжаньнем мовы. Акрамя таго, у авэстыйскай пісьмовасьці зьмяшчаўся сымбаль, які ня меў уласнага гукавага адпаведніку — сымбаль для зычнага /l/, але гэты сымбаль выкарыстоўваўся для запісу тэкстаў на пазэндзе (адзін зь відаў пісьмовасьці для запісу зараастрыйскіх тэкстаў).

Авэстыйскае пісьмова засноўвалася на альфабэтным прынцыпе; вялікая колькасьць пісьмовых помнікаў сьведчыць на карысьць таго, што ўладкаваньне пісьма ажыцьцяўлялася з мэтаю неабходнасьці перадачы вусных тэкстаў зь вялікай ступеньню фанэтычнае дакладнасьці. Правільнае вымаўленьне рэлігійных тэкстаў Авэсты да гэтага часу лічыцца важным фактарам выкананьня набажэстваў і да т.п. Вялікая колькасьць графэмаў і іх спалучэньняў тлумачылася неабходнасьцю адлюстраваньня розных пазыцыйных варыянтаў тых ці іншых фанэмаў.

Зараастрыйскія грамады Індыі (найбуйнейшыя грамады прадстаўнікоў гэтае рэлігіі з тых, што захаваліся ў сьвеце) таксама выкарыстоўваюць для перадачы тэкстаў пісьмовасьці на аснове старажытнага індыйскага пісьма брагмі. Пачатак разьвіцьця падобных сыстэмаў запісу прыпадае на пэрыяд каля ХІІ ст. і адзначаецца такімі помнікамі як Нэр’ясанг Дгавал ды іншымі творамі тагачасных багасловаў; гэтыя рукапісы зьяўляюцца сучасьнікамі захаваных пісьмовых помнікаў авэстыйскім пісьмом. На сёньняшні час авэстыйская мова часьцей за ўсё запісваецца пісьмом гуджараці, між іншым, гуджараці зьяўляецца традыцыйнаю моваю індыйскіх зараастрыйцаў. Некаторыя авэстыйскія літары, што ня маюць адпаведнага сымбалю, утвараюцца шляхам даданьня дыякрытычных знакаў: напрыклад, /z/ у слове zaraϑuštra запісваецца як сымбаль для /j/ з даданьнем кропкі ўнізе.

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для фанэтыкі авэстыйскае мовы ўласьцівае захаваньне звонкіх шыпячых зычных і прысутнасьць сэрыі фрыкатываў у адрозьненьне ад сэрыі прыдыхальных у іншых іранскіх мовах. У гэтым артыкуле фанэтыка мовы апісваецца на ўзоры трансьлітарацыі авэстыйскае пісьмовасьці.

  • Галосныя:
a ā ə ə̄ e ē o ō å ą i ī u ū

Ніжэй прадстаўлены сьпіс авэстыйскіх галосных, разьмеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указаньне гуку паводле IPA, зьлева — адпаведны сымбаль для гэтага гуку ў авэстыйскай пісьмовасьці, трансьлітараваны лацінскім альфабэтам.

Тып Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
кароткія доўгія кароткія доўгія кароткія доўгія
Верхняга
ўздыму
i /i/ ī /iː/   u /u/ ū /uː/
Сярэдняга
ўздыму
e /e/ ē /eː/ ə /ə/ ə̄ /əː/ o /o/ ō /oː/
Ніжняга
ўздыму
  a /a/
ā /aː/ å /ɒː/
Насавыя   ą /ã/  

Падоўжаныя галосныя былі неістотнымі для сэнсаадрозьненьня, ē, ə̄, ō зьяўляліся толькі варыянтамі фанэмаў.

  • Зычныя:
k g γ x xʷ č ǰ t d δ ϑ t̰ p b β f
ŋ ŋʷ ṇ ń n m y w r s z š ṣ̌ ž h

Плыўныя y ды w на ўзор артаграфіі авэстыйскага пісьма часта транскрыбуюцца як ii ды uu адпаведна.

Ніжэй прадстаўленая табліца авэстыйскіх зычных, разьмеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указаньне гуку паводле IPA, зьлева — сымбаль авэстыйскага пісьма для гэтага гуку, трансьлітараваны на лацінскі альфабэт.

Тып Лябіяльныя Зубныя Альвэалярныя Постальвэалярныя
або палятальныя
Вэлярныя Лябіявэлярныя Глётальныя
Насавыя m /m/ n /n/ ń [ɲ] ŋ /ŋ/ ŋʷ /ŋʷ/
Выбухныя p /p/ b /b/ t /t/ d /d/ č /tʃ/ ǰ /dʒ/ k /k/ g /ɡ/
Фрыкатывы f /ɸ/ β /β/ ϑ /θ/ δ /ð/ s /s/ z /z/ š /ʃ/ ž /ʒ/ x /x/ γ /ɣ/ /xʷ/ h /h/
Апраксыманты y /j/ w /w/
Дрыжачыя r /r/

Часам мяркуецца, што ў стараавэстыйскай мове [ð] ды [ɣ] зьяўляліся аляфонамі /θ/, /x/ адпаведна.

З праіндаіранскага *-rt- у авэстыйскай мове разьвілася шыпячая š, але ягоная рэалізацыя й фаналягічны статус як адной ці дзьвюх фанэмаў застаецца нявысьветленым; умовы, пры якіх адбыўся гэты пераход, таксама застаюцца кепска акрэсьленымі. Напрыклад, у раньнеавэстыйскай раўназначна існавалі як ərəta/arəta, якое было вытворным ад aša, альбо, прыкладам, arəti ды aši, aməša («бесьсьмяротны») і marəta («сьмяротны»). У некаторых выпадках падобныя зьмены адбываліся толькі ў раньнеавэстыйскай: напрыклад, раньн. pəšūm, але pərətūm (Гаты). Абодва словы зьяўляюцца формамі вінавальнага склону назоўніку «мост», але ў раньнеавэстыйскай /r t/ зноў паўстае ў назоўным склоне. Некаторымі мовазнаўцамі лічыцца, што š ня несла ўласнае гукавае нагрузкі і ўяўляла сабою толькі адзін з спосабаў перадачы /rt/[8]. Іншыя пункты гледжаньня прапаноўваюць вэрсіі, паводле якіх š зьяўлялася вынікам няправільнага прачытаньня /r r/ зь няпэўнай гукавай нагрузкай, але імаверна прадстаўляла глухі r[9]. Выказваліся меркаваньні, што š прадстаўляла ўласную фанэму, для якой Г. Мілер увёў сымбаль /Ř/, што, згодна з гіпотэзай, вызначаў [r̝̥] (параўн. з глухім аляфонам чэскага ř). На думку Г. Мілера, -rt- аднаўлялася на пісьме, калі між /r/ ды /t/ існавала мяжа марфэмаў, і аўтар тэксту пра яе ведаў[10].

  • Дыфтонгі:

У авэстыйскай мове існаваў шэраг дыфтонгаў. /ai/ сустракаўся пераважна ў адкрытым складзе, /au/, /au/ — у закрытым.

  • Склад:

У мове колькасна пераважалі адкрытыя склады. У асноўным сустракаліся склады тыпу V, CV, радзей — CCV, дзе C — зычны, V — галосны. Адкрытыя склады гэтак жа частыя ў канцы слова, як і ў ягонай сярэдзіне. Закрытыя склады сустракаюцца ў любой пазыцыі.

  • Марфаналягічныя чаргаваньні:

Колькасныя чаргаваньні ў выглядзе гістарычнага чаргаваньня фанэмаў (агаласоўкі) выступаюць адным з дадатковых сродкаў іменнага й дзеяслоўнага словаўтварэньня й словазьмяненьня (у атэматычных парадыгмах як імя, так і дзеяслову). Чаргаваньне існуе ў каранёвым складзе (калі аснова каранёвая) і ў суфіксальным (калі аснова вытворная).

Існуе тры ступені чаргаваньня: слабая (або нулёвая), гуна (або поўная ці сярэдняя), урыдгі (або доўгая, узмоцненая). Кожнай клясе граматычных формаў прадпісваецца тая ці іншая ступень чаргаваньня. Гістарычна поўная ступень чаргаваньня існавала толькі ў націскной пазыцыі, слабая, адпаведна — у ненаціскной.

  • Прасодыя:

Авэстыйскае пісьмо не пакінула нейкіх пазначэньняў адносна тону. Аднак сьлед меркаваць, што мова найбольш старажытных частак Авэсты мела тон. Напрыклад, у тэкстах Гатаў некаторыя доўгія склады лічацца ў мэтры за два склады, будучы за тымі, якія ў старыя часы мелі цыркумфлексны тон. У далейшым, імаверна, адбывалася абмежаваньне месца тону, неўзабаве ён зьнікнуў на карысьць сілавога націску.

Тыпалягічная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Тып выражэньня граматычных значэньняў і характар мяжы між марфэмамі:

Паводле тыпу выражэньня граматычных значэньняў авэстыйская мова адносіцца да сынтэтычных моваў. Граматычныя значэньні выражаюцца з дапамогаю флексіяў (у тым ліку ўнутраных у іменным скланеньні, што сталі вынікам пераўтварэньня ступеняў агаласовак у атэматычных формах). Парадак сьледаваньня марфэмаў зьяўляецца фіксаваным.

zəm-e
зямля-SG.LOC
на зямлі
pus-am
вянок-SG.ACC
bandaya-ta
завязаць.thematic-3.SG.Impf.Med
завязала сабе вянок

У авэстыйскай мове прысутнічае сэмантычная фузія: каэтгорыя ліку (адзіночны, парны, множны) выражаецца ў імёнаў кумулятыўна з родам і склонам, а ў асабістых формах дзеясловаў — з станавым і віда-часвымі значэньнямі.

  • Тып маркіраваньня:

Як і ў прэдыкацыі, так іў іменнай групе маркіраваньне залежнаснае.

  • Іменная група
puϑr-a
сын-SG.NOM
ahur-ahe
Агур-SG.GEN
сын Агура
  • Прэдыкацыя
ārmaiti-š
Армаці-SG.NOM
mainy-ū
дух-SG.INSTR
pərəsa-ite
гутарыць.thematic-3SG.Praes.Med
Армаці з духам гутарыць

У дзеяслове выражаецца асоба дзейніку, што, тым ня менш, не зьяўляецца дастатковай падставай казаць пра двайное маркіраваньне ў прэдыкацыі.

  • Тып ролевай кадыроўкі:

Авэстыйская мова — мова намінатыўнага ладу. Склонам граматычнага суб’екту (дзейніку) зьяўляецца намінатыў, прамога дапаўненьня — акузатыў:

kərəsasp-ō
Крсасп-SG.NOM
ǰana-t
забіць.thematic-3SG.Impf.Act
snaviδk-əm
Снавідка-SG.ACC
Крсасп забіў Снавідку
hāu
ён. NOM
xšaya-ta
валадарыць.thematic-3.SG.Perf.Act
paiti
у
būm-īm
зямля-SG.ACC
ён валадарыў на зямлі
y-ō
які [каторы]-SG.NOM
nōit
NEG
pasčaē-ta
спаць.athematic-3.SG.Perf.Act
які ня спаў
  • Базавы парадак словаў:

Парадак словаў простага сказу адносна вольны. Базавым парадкам зьяўляецца SOV — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік. Сувязь словаў у сказе вызначаецца паводле іх марфалягічных прыкметаў:


я. DAT
pita
бацька
draonō
дзеля. SG.ACC
frə̄rənao-t
даць.athematic-3SG.Impf.Act
бацька мне дзелю даў

Марфалёгія, сынтаксіс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Часьціны мовы:

У авэстыйскай мове вылучаюцца наступныя сэмантычна-граматычныя разрады словаў: назоўнік і прыметнік, лічэбнік, прыслоўе, займеньнік, дзеяслоў; службовыя часьціны мовы: часьціны-прыназоўнікі-пасьлялогі, злучнікі, часьціцы — сьцьвярджальныя, адмоўныя, эмфатычныя.

Паводле спэцыфічных парадыгмаў вылучаюцца дзеясловы, назоўнікі й прыметнікі, асабістыя й неасабістыя займеньнікі. Назоўнікі й прыметнікі на марфалягічным узроўні характарызуюцца аднымі й тымі ж катэгорыямі: роду, ліку, склону, на сынтаксічным — залежнасьць катэгорыі роду ў прыметнікаў. Да прыметнікаў па фармальных прыкметах можна аднесьці парадкавыя лічэбнікі, якія маюць агульныя зь імем парадыгмы скланеньня (напрыклад, лічэбнік «першы» ўзыходзіць да прыметніку fra-tara- — «пярэдні»).

Асабістыя формы дзеяслову адзначаюцца катэгорыямі асобы, ліку, ладу, стану, віда-часавай сыстэмай. Неасабістыя формы дзеяслову прадстаўленыя аддзеяслоўнымі імёнамі (дзеепрыметнік, інфінітыў) і характарызуюцца як дзеяслоўнымі, так і іменнымі катэгорыямі.

  • Іменныя катэгорыі:

У авэстыйскай мове фіксуецца тры роды: мужчынскі, жаночы й ніякі. Роды выражаюцца або супрацьпастаўленьнем тыпаў асноваў або супрацьпастаўленьнем тыпаў флексіяў, у атэматычных назоўнікаў і прыметнікаў — таксама супрацьпастаўленьнем моцных і слабых формаў (каранёвых агаласовак). Супадзеньне формаў намінатыву-акузатыву ў адзіночным ліку ў імёнаў ніякага роду ў процілегласьць імёнам мужчынскага й жаночага родаў можна разглядаць як адлюстраваньне супрацьпастаўленьня паводле адушаўлёнасьці/неадушаўлёнасьці.

Склонавыя значэньні фармальна выражаюцца флексіяй і пры дапамозе службовых словаў (прыназоўнікаў/пасьлялогаў) у спалучэньні з склонавымі формамі. Сярод склонаў выяўляюцца назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, мясцовы, адкладальны й клічны склоны. Захоўваецца гістарычнае супрацьпастаўленьне тэматычнага ды атэматычнага тыпаў скланеньня: супрацьпастаўленьне некаторых склонавых канчаткаў; сталы характар гукавага аблічча тэматычнай асновы ў парадыгме скланеньня, чаргаваньне ступеняў агаласовак у атэматычным тыпе.

Склон Звычайны канчатак a-аснова (м.р./н.р.)
Адз.л. П.л. Мн.л. Адз.л. П.л. Мн.л.
Назоўны -s -ō (-as), -ā -ō (yasn-ō) -a (vīr-a) -a (-yasna)
Клічны - -ō (-as), -ā -a (ahur-a) -a (vīr-a) -a (yasn-a), -ånghō
Вінавальны -em -ō (-as, -ns), -ā -em (ahur-em) -a (vīr-a) -ą (haom-ą)
Творны -byā -bīš -a (ahur-a) -aēibya (vīr-aēibya) -āiš (yasn-āiš)
Давальны -byā -byō (-byas) -āi (ahur-āi) -aēibya (vīr-aēibya) -aēibyō (yasn-aēibyō)
Адкладальны -at -byā -byō -āt (yasn-āt) -aēibya (vīr-aēibya) -aēibyō (yasn-aēibyō)
Родны -ō (-as) -ąm -ahe (ahur-ahe) -ayå (vīr-ayå) -anąm (yasn-anąm)
Мясцовы -i -ō, -yō -su, -hu, -šva -e (yesn-e) -ayō (zast-ayō) -aēšu (vīr-aēšu), -aēšva
  • Дзеяслоўныя катэгорыі:

Вылучаюцца два станы: актыўны (пераходны — дзеяньне не для сябе) і мэдыяльны (дзеяньне для сябе). Формы з пасіўным значэньнем сустракаюцца ў аорысьце, таксама загаднае значэньне выражаецца пры дапамозе актыўных дзеепрыметнікаў пэрфэкту.

Катэгорыя віду складаецца з супрацьпастаўленьня трох тыпаў асноваў: прэзэнтнай (працяглае, шматразовае дзеяньне), аорыстнай (скончанае, аднаразовае, імгненнае дзеяньне) і пэрфэктнай (выніковасьць дзеяньня).

Катэгорыя часу другарадная ў дачыненьні да катэгорыі віду. Часавыя значэньні выяўляюцца толькі ў дзеепрыметніках (будучага, цяперашняга, мінулага часоў) і ў формах індыкатыву (цяперашні, мінулы, перадмінулы час), астатнія лады — пазачасовыя. У асабістых формах дзеяслову катэгорыя часу выражаецца супрацьпастаўленьнем асноваў (ад аорыстнай і пэрфэктнай — аорыст, пэрфэкт, плюсквампэрфэкт) і асабістых канчаткаў (першасныя — цяперашні час ад прэзэнтнай асновы, другасныя — імпэрфэкт, аорыст (сыгматычны, асыгматычны), плюсквампэрфэкт ад усіх тыпаў асноваў).

У катэгорыі ладу адзначаюцца абвесны, загадны, умоўны лады, аптатыў, ін’юнктыў.

Абсалютная большасьць лексыкі авэстыйскае мовы мае агульнаарыйскае (індаіранскае) паходжаньне, на сынхронным узроўні цяжка выявіць запазычваньні зь іншых іранскіх моваў. Некаторыя дасьледчыкі схільныя бачыць у шэрагу ўласных імёнаў Гатаў антрапонімы скіфскага паходжаньня.

У сваю чаргу, авэстыйская мова ўзбагаціла лексыку іншых народаў, што вызнавалі зараастрызм. У сучаснай пэрсыдзкай мове некаторыя словы маюць авэстыйскае паходжаньне (آتش āteš «агонь» з авэст. ātarš, بهشت behešt «рай» з авэст. vahišta- (ahu-) «найлепшы (сьвет)»).

  1. ^ https://www.ethnologue.com/language/ave
  2. ^ Michael Witzel. The home of the Aryans. — Harvard University. — С. 10.
  3. ^ Mallory, J. P. Yazd culture // Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 653. — ISBN 978-1-884964-98-5
  4. ^ Eastern Iranian languages // Encyclopædia Iranica. — 1996.
  5. ^ Hoffmann, Karl. 3 // Avestan language. — Encyclopedia Iranica. — London: Routledge & Kegan Paul, 1989. — С. 47-52.
  6. ^ Hoffmann, K. Avestan language // Encyclopaedia Iranica Т. ІІІ.
  7. ^ Afghanistan vi. Paṧto // Encyclopædia Iranica. — 1983.
  8. ^ Miller, Gary D. 44 // rt-Clusters in Avestan. — Language. — 1968 Т. 2.1. — С. 274.
  9. ^ Gray, Louis H. 61 // On Avesta Š = ÁRT, Ṛ́T, ŌI = AI, and Å̄ = Ā(H). — Journal of the American Oriental Society. — 1941 Т. 2. — С. 102-103.
  10. ^ Miller, Gary D. 44 // rt-Clusters in Avestan. — Language. — 1968 Т. 2.1. — С. 274-275, 282.
  • Beekes, Robert S. P. A Grammar of Gatha-Avestan. — Leiden: Brill, 1988. — ISBN 90-04-08332-4
  • Hoffmann, Karl; Forssman, Bernhard. Avestische Laut- und Flexionslehre. — Innsbrucker Beiträge zur Sprachwissenschaft 84. — Institut fur Sprachwissenschaft der Universität Innsbruck, 1996. — ISBN 3-85124-652-7
  • Виноградова С. П. Авесты язык // Языки мира: Иранские языки. — Восточноиранские языки. — М.: ИНДРИК, 2000. — Т. ІІІ. — С. 10-38.
  • Соколов С. Н. Авестийский язык. — М.: Издательство восточной литературы, 1961.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]