Трасянка

мяшанка беларускай і маскальскай моваў

Трася́нка[1] — моўны фэномэн, які ўзьнікае пры зьмяшаньні расейскай і беларускай моваў, а дакладней у выніку кантамінацыі беларускай мовы расейскім лексыконам, а часам і сынтаксісам. Трасянка падобная да такіх моўных зьяваў, як крэольскія мовы і піджын.

Этымалёгія назвы

рэдагаваць

Для апісаньня гэтага моўнага прадукту раней выкарыстоўваліся тэрміны «моўная жвачка», «моўны гібрыд», «моўны сурагат», «моўная хімэра», «мешаніна», «ламаніна», «тарабаршчына», «дземянцееўка». У 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі ўжываў тэрмін «чаўня́» (магчыма ад слова «чаўпсьці» — казаць лухту, плявузгаць). Прыжылося менавіта слова «трасянка».

Этымалёгію слова тлумачыць артыкул у часопісе «Круг» (4 красавіка 1996): «Тэрмін трасянка пайшоў ад назвы корму для буйнай рагатай жывёлы, гэта значыць каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і зьядае трасянку. Праўда, малака не прыбаўляе. Так і беларусы: сваёй жудаснай трасянкі не заўважаюць ні ў хаце, ні ў аўтобусе, ні ў Вярхоўным Савеце».

Падобныя формы маўленьня, узьніклыя на аснове ўкраінскай і расейскай моваў, вядомыя як «суржык». Паходжаньне гэтага тэрміну падобнае да паходжаньня слова трасянка.

Характарыстыка

рэдагаваць

«Гвалтоўнае паняволеньне адных народаў другімі, масавыя міграцыі, нераўнапраўныя стасункі між рознымі этнасамі складаюць той гістарычны фон, на якім фармуюцца піджыны» — піша М. Дзьячкоў у кнізе «Крэольскія мовы» (1987). Але як адзначае беларускі мовазнаўца Генадзь Цыхун: «няма падставаў цалкам атаясамліваць трасянку зь піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка аб узаемадзеяньні блізкароднасных моваў, у той час як пры ўтварэньні апошніх узаемадзейнічалі звычайна далёкія ў генэтычным і тыпалягічным пляне мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы». Бальшыня дасьледчыкаў лічаць яе аснову беларускай.

Трасянка ўзьнікла як сродак камунікацыі паміж беларускамоўным сельскім насельніцтвам і расейскамоўнай адміністрацыяй або чынавенствам. Паводле Г. Цыхуна, вялікую ролю ў пашырэньні трасянкі адыгралі сталінскія рэпрэсіі 1920—1930-х гадоў, скіраваныя супраць гэтак званых нацдэмаў, калі фактычна пад узьдзеяньнем пануючай тады атмасфэры тэрору адбываўся масавы пераход на расейскую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчак. Міграцыя беларусаў у гарады пашырыла гэтую зьяву і ў гарадох, але трасянка ня стала асноўным сродкам зносінаў, бо ўспрымалася як «некультурная мова» (гл. таксама прэстыж (лінгвістыка)).

Паводле некаторых дасьледчыкаў, да трасянкі трэба залічваць таксама «просту мову», на якой пісалі І. Вышанскі, З. Капысьценскі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, І. Ужэвіч і іншыя беларуска-ўкраінскія пісьменьнікі сярэднявечча. У. Сьвяжынскі нават сьцьвярджае, што мова твораў Ф. Скарыны ёсьць прыкладам раньняй беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі.

  1. ^ Паводле Тлумачальнага слоўніку беларускай мовы слова трасянка азначае «стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле»

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць