Палянізм
Паляні́зм (ад лац. polonus — польскі) — слова, запазычанае з польскае мовы.
У беларускай мове
рэдагавацьУ беларускую мову палянізмы пачалі пранікаць з канца XIV стагодзьдзя[1]. Актыўнае папаўненьне слоўніка беларускай мовы палянізмамі працягвалася да 1930-х гадоў. Запазычаньне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносінаў беларусаў з палякамі як суседнім народам і прадстаўнікамі польскага народу, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (празь пераклады твораў з польскай мовы на беларускую)[1].
Сярод палянізмаў выдзяляюцца грамадзка-палітычныя тэрміны («айчына», «братэрства»), вайсковыя («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсьцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польскую мову ў беларускую прыйшла значная колькасьць словаў зь іншых моваў (лац. «колер», ням. «карэта»)[1].
Лексыцы польскага паходжаньня ў сучаснай беларускай мове ўласьцівыя спалучэньні ен (эн), ён (он), ан на месцы насавых галосных ę ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); -дл- («кавадла», «страшыдла»); -лу- паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы -іск-а («вятрыска»); -унак [сам суфікс пазычаны палякамі ў немцаў] («пакунак»); цьвёрдае вымаўленьне зычных перад галоснымі е (э): «бэз», «пэўны»; я (а) на месцы ўсходнеславянскіх е (э): «жалязка», «бляск»; гук ц (на месцы ч), іншым словам цоканьне: «цудоўны» (па-расейску: чудесный), «цурацца» (па-расейску: чураться)[1].
Сярод палянізмаў пэрыяду старабеларускае мовы асаблівым чынам вылучаюцца лацінізмы, якія засвоіліся старабеларускай пісьмовасьцю дзякуючы пасрэдніцтву польскае мовы. У падобных словах першапачатковы гук [s] зьмяняўся гукам [ʃ]: scrutinium > шкрутыниум, scrutator > шкрутатар. Некаторыя лацінізмы, што трапілі ў старабеларускую праз польскую мову, разам з вымаўленьнем зьмянялі значэньне, якое станавілася вузейшым: лац. custos («ахоўнік») > польск. kustosz («ахоўнік дзяржаўнага архіву») > ст.-бел. кусташ (тое ж)[2].
У іншых мовах
рэдагавацьУ расейскую мову палянізмы пачынаюць пранікаць у вялікай колькасьці з XVI—XVII стагодзьдзяў, у тым ліку праз старабеларускую мову і праз жывыя беларускія й украінскія гаворкі. Прыклады палянізмаў у расейскай мове: быдло, вензель, дозволить, доконать, доскональный, забияка, клянчить, отчизна, повидло, подлец, подначить, поединок, пончик, поручик, предместье, сума, фигляр, хлопец, шарить, шкодливый, шляхта. Пад уплывам польскае мовы ў расейскай мове ўзьніклі такія граматычныя адзінкі й зьявы як, адсутныя ў старажытнарускай мове злучнікі «если» (jeśli)[3] і «так что» (tak co), часьціца «якобы» (jakoby), канструкцыя «что за» (co [to] za), «принимать за кого» (przyjąć za kogo).
Шмат палянізмаў ва ўкраінскай мове: натхнення, без, клянчити.
Рад палянізмаў ёсьць у нямецкай мове, напрыклад «Gurke» (агурок), «Steiglitz» (шчыгол), а таксама ў іншых эўрапейскіх мовах. У некаторых выпадках іх цяжка адрозьніць ад іншых славізмаў, якія прыйшлі з чэскай і лужыцкай моваў, напрыклад такіх як «Quark» (тварог).
У ангельскай мове палянізмы звычайна зьвязаныя з польскай культурай, напрыклад «kielbasa» (каўбаса), «hetman» (гетман).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г П. У. Сьцяцко Паланізм // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 536. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ А.Ю. Мусорин. Латинизмы в юридической терминологии Статута Великого княжества Литовского 1588 года. — Новосибирск: Менеджмент, право и культура, 1997. — С. 43-46.
- ^ Этимологический словарь русского языка. Фасмер Макс (рас.)