Канстытуцыя

асноўны закон дзяржавы

Канстыту́цыя (лац. constitutio — «устанаўленьне») — асноўны закон дзяржавы. Вызначае грамадзкі і дзяржаўны лад, парадак і прынцыпы стварэньня прадстаўнічых органаў дзяржаўнае ўлады, выбарчую сыстэму і прававое становішча асобы, парадак арганізацыі, кампэтэнцыю органаў улады і кіраваньня, арганізацыю і асноўныя прынцыпы правасудзьдзя. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнаньні з усімі іншымі нарматыўна-прававымі актамі пэўнай нацыянальнай прававой сыстэмы.

Канстытуцыі на тэрыторыі Беларусі

рэдагаваць

29 верасьня 1529 году ў Вялікім Княстве Літоўскім увялі першы Статут — канстытуцыйны звод законаў, які ўлучаў цывільныя (грамадзянскія), зямельныя, крымінальныя, ваенныя і прыродаахоўныя артыкулы[1].

Статут ВКЛ 1588 году

рэдагаваць

У 1588 годзе правазнаўцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале з канцлерам Астафеем Валовічам і падканцлерам Львом Сапегам распрацаваны статут ВКЛ. Ён быў зацьверджаны вялікім князем Жыгімонтам III у студзені 1588 году. Заснаваны на Статутах 1529 і 1566 гадоў, пастановах соймаў і вялікакняскіх прывілеяў. Выкарыстоўваў дасягненьні эўрапейскага права.

Статут фактычна зьяўляўся канстытуцыяй ВКЛ. Ён замацоўваў юрыдычна сувэрэнітэт дзяржавы, правы, абавязкі жыхароў, грамадзкі і дзяржаўны лад, рэлігійную талерантнасьць. Ён зьяўляўся асновай для прыняцьця судовых рашэньняў у краіне.

Статут быў надрукаваны на тагачаснай беларускай мове, што рабіла яго зразумелым для простых жыхароў дзяржавы: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем».

На большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 году, а ў Гарадзенскай, Менскай і Віленскай губэрнях (Расейскай імпэрыі) — да 1840 году.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай

рэдагаваць

3 траўня 1791 году Вялікі сойм (1788—1792) прыняў першую канстытуцыю ў Эўропе. У працы над праектам канстытуцыі працавалі самыя розныя асобы: нават кароль Станіслаў-Аўгуст прыняў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы гэтага вялікага дакумэнта. Нарады наконт канстытуцыі адбываліся таемна ў каралеўскім палацы, дзе жыў лекар караля ксёндз Сцыпіён Піятолі. Канстытуцыя 3 траўня складалася з 11 артыкулаў. Былі ліквідаваныя права «Liberum Veto», выбары караля шляхтай і абавязковасьць соймікавых інструкцыяў для паслоў, уводзілася спадчынная манархія, выканаўчая ўлада перадавалася каралю, які падпарадкоўваўся Сойму. Становішча сялянаў не было палепшаным. Канстытуцыя 3 траўня зрабіла крок да стварэньня цэнтралізаванай унітарнай дзяржавы: адзінае войска, скарб і пад. З гэтым не пагадзіліся паслы ВКЛ, якія дамагліся заключэньня 20 кастрычніка 1791 году «Ўзаемнай гарантыі» ВКЛ і ПК, дзе былі абумоўленыя ўмовы раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнікоў ВКЛ і ПК у кіраваньні краінаю.

Канстытуцыі БССР

рэдагаваць

3 лютага 1919 году на Ўсебеларускім зьезьдзе Саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР.

11 красавіка 1927 г. 8-ы Ўсебеларускі зьезд Саветаў БССР ухваліў Пастанову аб зацьвярджэньні Канстытуцыі Беларускай ССР[2], якая дзейнічала да 1937 году. Канстытуцыя складалася з 13 разьдзелаў і 76 артыкулаў. Паводле 2-га артыкула Канстытуцыі 1927 г., БССР абвяшчалася «сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту», дзе «ўся ўлада належыць саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў». Паводле 3-га артыкула, Усебеларускі зьезд Саветаў зьяўляўся «носьбітам вярхоўнай улады» ў БССР, а ў пэрыяд між зьездамі — Цэнтральны выканаўчы камітэт. Паводле 4-га арт., Беларуская ССР перадавала Саюзу ССР «паўнамоцтвы, вызначаныя арт. 1-м Канстытуцыі СССР. За Беларускай ССР, паводле арт. 4-га Канстытуцыі Саюзу ССР, захоўваецца права свабоднага выхаду з Саюзу. Паводле 5-га арт. Канстытуцыі 1927 г., на тэрыторыі БССР мелі «абавязковую сілу пастановы вярхоўных органаў Саюзу ССР». У 6-м артыкуле абвяшчалася: «Уся зямля, лясы, нетры, воды, а роўна фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт і сродкі сувязі складаюць ўласнасць сацыялістычнай дзяржавы». У 8—11 артыкулах у якасьці «мэты» згадвалася «забесьпячэньне за працоўнымі сапраўднай свабоды саюзаў, сходаў, выяўленьня сваіх меркаваньняў» і «сапраўднага доступу да ведаў»[3]. Канстытуцыя БССР 1927 году мела выключна важнае значэньне для далейшага ўтварэньня нацыянальных саветаў і паляпшэньня іх працы. Яна разьвіла агульныя палажэньні Канстытуцыі рэспублікі 1919 году аб роўнасьці нацыянальнасьцей. Разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасьці. У артыкуле 15 Асноўнага Закону было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстаньня роднай мовай на зьездах, у судзе, кіраваньні і ў грамадзкім жыцьці. Нацыянальным меншасьцям забясьпечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове. У дзяржаўных і грамадзкіх установах і арганізацыях усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, габрэйскай і расейскай моваў. Было вызначаным, што найважнейшыя заканадаўчыя акты павінны друкавацца на беларускай, польскай, габрэйскай і расейскай мовах.

Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

рэдагаваць

15 сакавіка 1994 году на 13-й сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

  1. ^ Мікола Тамашэвіч. Чатыры Канстытуцыі Беларусі // Жырандоля. — 29 верасьня 2009. — № 28 (74). — С. 6.
  2. ^ Аляксандар Чарвякоў. Пастанова VIII Усебеларускага зьезда Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх дэпутатаў аб зацьвярджэньні Канстытуцыі Беларускай ССР (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2003 г. Праверана 27 лістапада 2016 г.
  3. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2012. — № 70 (27185). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Канстытуцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў