Ледавік
Ледаві́к — натуральнае намнажэнне (скопішча) лёду на зямной паверхні, якое валодае самастойным рухам.
Сучасныя ледавікі Зямлі займаюць плошчу 16 млн км² (~11 % сушы), маюць сумарны аб’ём 30 млн км³ (98,5 % прэснага лёду на Зямлі). Найбольш распаўсюджаныя ў палярных шыротах, асноўныя раёны іх скопішча: Антарктыда, Грэнландыя, Арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны за межамі Арктыкі і Антарктыкі.
У антрапагене тэрыторыю Беларусі 5 разоў поўнасцю ці часткова пакрывалі ледавікі, якія насоўваліся са Скандынаўскага і Кольскага паўвостраваў.
Адрозніваюць ледавікі покрыўныя (ці мацерыковыя) і горныя (або сцёку); зледзяненні — сучаснае і старажытнае.
Утварэнне і рух ледавіка
[правіць | правіць зыходнік]Ледавік утвараецца з цвёрдых атмасферных ападкаў (снегу) вышэй за снегавую лінію, дзе выпадзенне снегу за доўгі час перавышае яго раставанне і выпарэнне (вобласць жыўлення або акумуляцыі ледавіка) і рухаецца ўніз па нахіле паверхні (вобласць сцёку або абляцыі або ледавіковы язык), дзе адбываецца раставанне і механічная разгрузка ледавіка. Часта горныя ледавікі пачынаюцца з паніжэнняў рэльефу — ледавіковых цыркаў-караў.
У вобласці жыўлення пачатковае снегавое покрыва спачатку ператвараецца ў фірн, а потым у ледавіковы лёд.
Пры нарастанні ціску лядовай тоўшчы пачынаецца рух лёду. Звычайная хуткасць руху ледавіка — дзясяткі і першыя сотні метраў за год, асобных ледавікоў Грэнландыі — 20—40 м за суткі; пры катастрафічных зрухах да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953).
Пры руху ледавікі выходзяць ніжэй за снегавую мяжу ў вобласць абляцыі (лац.: ablatio — адыманне, знос), дзе адбываецца паступовае памяншэнне масы ледавіка шляхам раставання, выпарэння і механічнага разбурэння. У залежнасці ад зменлівых у часе суадносін акумуляцыі і абляцыі адбываецца асцыляцыя (лац.: oscillatio — ваганне) краю ледавіка. У выпадку істотнага ўзмацнення жыўлення і перавышэння яго над раставаннем, край ледавіка прасоўваецца наперад — ледавік наступае, пры зваротных суадносінах ледавік адыходзіць. Часам працэс пасоўвання ледавіка адбываецца вельмі хутка, ледавік пульсуе. Пры сталых суадносінах сілкавання і абляцыі край ледавіка займае стацыянарнае становішча.
Сваім рухам ледавікі апрацоўваюць схілы і ледавіковае ложа (трог), паліруюць і шліфуюць скалы, адшчапляюць і пераносяць глыбы і абломкі горных парод на вялікую адлегласць (гл. адорвень, валун, марэна), утвараючы марэнны рэльеф. Мацерыковыя ледавікі палярных і субпалярных раёнаў, якія спускаюцца сваімі языкамі ў мора, даюць пачатак айсбергам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Андрыеўская З. Я., Галай І. П. Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік. — Мн.: Нар. асвета, 1994. — 367 с. ISBN 985-03-0054-X. С. 147.
- Геаграфія ў тэрмінах і паняццях: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 352 с.: іл. ISBN 985-11-0262-8. C. 173, 174.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ледавік