Юрыдыкі
Юрыдыкі (лац.: jurisdictio — судаводства) — у ВКЛ з 15 стагоддзя адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада гарадскога самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гарадскіх уладанняў феадала. У кожнай юрыдыкі яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў судовы орган на ўзор гарадской рады. Гарадское самакіраванне дамагалася скасаванне юрыдыкі, забараняла мяшчанам пераход на юрыдыкі пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 года пашырэнню юрыдыкі на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Юрыдыкі паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытворчасці і абмену. У той жа час пашырэнне юрыдыкі ўзмацняла ўплыў феадальнай анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканамічнаму развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі. Юрыдыкі скасаваны сеймамі 1764 і 1791 гадоў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 217. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).