Перайсці да зместу

Чанга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чанга
Плыты чанга. Малюнак сярэдзіны XIX ст.
Агульная колькасць 4725 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Чылі
Мова іспанская мова
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы

Чанга (ісп.: Chango) — культурная супольнасць індзейцаў ціхаакіянскага ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, зніклая да канца XIX ст. У нашы дні ў Чылі група крэолаў атаесамляе сябе з чанга. Яна афіцыйна прызнана дзяржавай карэннай супольнасцю краіны. У 2020 г. яе колькасць была 4 725 чалавек.

Іспанцы называлі чанга групы індзейцаў-рыбаловаў і збіральнікаў, што жылі на ўзбярэжжы ў раёне Атакамы. Назва паходзіць з мовы аймара і значыць людзей за смугой акіяна. Іх паходжанне да канца не высветлена. Некаторыя даследчыкі лічаць чанга прамымі нашчадкамі старажытнай культуры чынчора, але іх асабістая культура сфарміравалася толькі прыкладна ў VIII ст.

Чанга насялялі берагі бухт. Кожная супольнасць спецыялізавалася на лове пэўнага віду рыб. Важную ролю адыгрывала паляванне на ластаногіх і збор малюскаў. Са скур ластаногіх выраблялі плыты, якімі карысталіся як марскімі суднамі. Частку прадуктаў лову абменьвалі ў абарыгенаў унутраных раёнаў на прадукты земляробства. Па сведчанню іспанцаў, матэрыяльная культура рыбаловаў была надзвычай беднай.

У канцы XVIII — XIX стст. чанга былі асіміляваны ў выніку шлюбаў з еўрапейскімі, афрыканскімі і кітайскімі перасяленцамі. Доўгі час меркавалася, што яны цалкам зніклі. Аднак падчас перапісу 2020 г. частка насельнікаў паўночнага Чылі ідэнтыфікавалі сябе як чанга, паколькі лічылі сябе іх прамымі нашчадкамі.