Тула (Мексіка)
Тула — старажытная сталіца тальтэкаў, адной з галоўных дакалумбавых культур Месаамерыкі. Нярэдка яе атаясняюць з міфічным горадам Таланам. Тула размешчаная ў 65 км на паўночны захад ад Мехіка.
Тальтэкі прыйшлі як вандроўцы з поўначы Мексікі, што ў гісторыі Месаамерыкі здаралася часта. На працягу пэўнага часу яны сталі галоўнай сілай у раёне Тулы, які знаходзіўся раней у сферы ўплыву Тэатыўакана.
Найбольш вядомым з захаваным збудаванняў з’яўляецца Піраміда Ранішняй Зоркі (таксама Храм Кецалькаатля, Храм Тлаўіскальпантэкутлі, або Храм Б), на платформе якой стаіць група з пяціметровых каменных ваяроў, якія неслі калісьці дах храма. Ля ўваходу стаяць велічэзныя статуі змей. Уражлівым з’яўляецца і вялікі фрыз, на якім намаляваныя ягуары і арлы, якія пажыраюць чалавечыя сэрцы. У калонных залах палацавага комплексу захаваліся арыгінальныя малюнкі.
Міфічная гісторыя горада апавядае пра тое, як ў 947 годзе быў народжаны Кецалькаатль («птушыны змей») і ў 980 годзе узышоў на трон. Тэскатліпока («дымлівае люстэрка») арганізаваў мяцеж, і Кецалькаатль з вялікай колькасцю тальтэкаў быў вымушаны пакінуць Тулу. Частка з іх пасялілася на тэрыторыі міштэкаў. Другая частка мігравала ва ўладанні мая на паўвостраў Юкатан, дзе заснавала горад Чычэн-Іца. У архітэктуры далёкіх адзін ад аднаго гарадоў на самай справе прасочваюцца шматлікія паралелі.
У XIII стагоддзі Тула была канчаткова разбурана. Велізарныя постаці воінаў ля падножжа піраміды былі рытуальна закапаныя і дзякуючы гэтаму захаваліся да сённяшняга дня.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Тула (Мексіка) Архівавана 15 кастрычніка 2010. (руск.)