Перайсці да зместу

Персепаліс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Персепаль)
Персепаліс*
Persepolis**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Агульная панарама
Тып культурны
Крытэрыі i, iii, vi
Спасылка 1
Рэгіён*** Азія
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1979  (3 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Персе́паліс (стар.-грэч.: Περσέπολις, перс.: تخت جمشید) — археалагічны помнік на месцы горада, сталіцы Персідскай імперыі (VIIV стст. да н. э.). Знаходзіцца ў 60,2 км[1] на паўночны ўсход ад сучаснага горада Шыраза. Агульная плошча 13 га.

Персепаліс у мінулым

Персепаліс быў заснаваны ў 515 г. да н. э. Дарыям I як сталіца Персідскай імперыі. Меркаванні археолагаў, якія праводзілі раскопкі ў 1930-ых гг., аб ранейшым заснаванні горада, магчыма Кірам Вялікім, пазней не знайшлі свайго пацвярджэння. Самі персы называлі горад Парса, а старажытныя грэкі — Περσέπολις, літаральна "горад персаў".

У IV ст. да н. э. Персепаліс займаў велізарную плошчу, яго цэнтрам была валадарская рэзідэнцыя. У іншаземных крыніцах горад узгадваўся рэдка, што потым нават прывяло да спекуляцыйнага сцверджання, быццам бы персідскія манархі трымалі яго існаванне ў сакрэце. На самой справе, Персепаліс будаваўся так, каб рабіць як мага больш вялікі ўплыў на наведвальнікаў. Горад выкарыстоўваўся як сезонная рэзідэнцыя, куды сцякаліся натоўпы падданых да навагодняга свята Нет Рус. Большасць будынкаў была ўзведзена з каменю, але дахі рабіліся драўлянымі, змацаванымі заціскамі з жалеза і свінцу.

У 330 г. да н. э. Персепаліс быў захоплены, а потым разрабаваны і спалены Аляксандрам Македонскім. Некаторы час ён з'яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Персіі як правінцыі дзяржавы Селеўкідаў. Але ў II ст. да н. э. адміністрацыя пераехала ў суседні горад Эстахр.

Эрнст Херцфельд, адзін з пачынальнікаў археалагічных раскопак

Персепаліс меў вызначальнае значэнне з пункту гледжання развіцця гістарычнага і археалагічнага вывучэння краін Заходняй Азіі.

Відавочна, першым еўрапейцам, які ўзгадаў пра існаванне рэштак старажытнага горада, быў венецыянец Ясафат Барбара (1413 - 1494 гг.), які аднак палічыў, што яны маюць старажытнае яўрэйскае паходжанне[2]. Магчыма, гэта адбылося з-за яго няправільнага тлумачэння каментарыяў да Карана Табары, які параўноўваў палацы Персепаліса з тронам Саламона. Падрабязнае апісанне руін і іх вызначэнне як старажытнай персідскай сталіцы пакінуў Жан Шардэн (1643 - 1713 гг.), французскі вандроўнік XVII ст.

У XVIII - XIX стст. Персепаліс наведвалі даследчыкі з розных еўрапейскіх краін для вывучэння персідскага клінапісу. З'явіліся навуковыя апісанні, фотаздымкі і планы развалін. У канцы XIX - пачатку XX ст. частка знойдзеных у Персепалісе артэфактаў апынулася ў еўрапейскіх музеях.

3 лістапада 1930 г. у Іране быў прыняты закон аб археалагічных раскопках, які забараняў неарганізаваныя даследаванні і раскраданне гістарычных помнікаў. Гэта стымулявала новы этап планамернага вывучэння на аснове выключна навуковых падыходаў. 16 снежня 1930 г. быў выдадзены першы дазвол на раскопкі ў старажытнай сталіцы. Яны вяліся нямецкімі спецыялістамі да 1939 г. на сродкі, сабраныя Чыкагскім ўніверсітэтам. З самага пачатку археолагі бралі на сябе абавязак не толькі рабіць знаходкі, але таксама захоўваць і кансерваваць захаваныя помнікі мінулага. У 1939 - 1940 гг. работы, звязаныя з кансервацыяй, праводзілі ўласна іранскія спецыялісты.

У пасляваенны перыяд вывучэнне Персепаліса вялося рознымі еўрапейскімі археолагамі з непасрэдным удзелам іранцаў. У 1975 г. археалагічныя раскопкі фактычна былі спынены.

У 1979 г. Персепаліс трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Персепаліс уяўляе сабою суцэльны комплекс рэштак будынкаў, месцаў археалагічных раскопак і магільняў старажытных персідскіх манархаў. Ён уключае:

План Персепаліса

1. Уваход, які складаецца з Вялікай лесвіцы і Брамы Нацый. Вялікая Лесвіца збудавана з вялікіх каменных блокаў, але з малымі прыступкамі. Наведвальнікі валадарскай рэзідэнцыі мелі магчымасць рабіць кароткія крокі пад час уздыму, што было зручна для тых, хто меў доўгую вопратку. На верхніх прыступках іншаземныя дэлегацыі віталі музыкі. Брама Нацый была ўзведзена Ксерксам, пра што сведчыць надпіс на 3 мовах. Асаблівую ролю ў кампазіцыі маюць вартавыя крылатыя быкі, зробленыя ў асірыйскім стылі.

2. Палац Ападана ўзведзены па загаду Ксеркса. Відавочна, у свой час гэта быў найбольш вялікі і шыкоўны будынак Персепаліса. Яго муры ўпрыгожвалі пласціны з золата і срэбра. У наш час значную цікавасць маюць захаваныя рэшткі каляровай кафлі і асабліва рэльефы, у тым ліку выявы знакамітай Неўміручай гвардыі.

3. Зала 100 калон — сэрца валадарскай рэзідэнцыі. Мяркуецца, што тут знаходзілася квадратная тронная зала агульнай плошчай 4900 м.

4. Валадарскія палацы Дарыя і Ксеркса ўяўлялі сабою зімовыя рэзідэнцыі. За імі адкрываўся шырокі двор.

5. Гарэмсара або валадарскі гарэм. Гэты будынак быў адноўлены ў 1930-ыя гг. і ў наш час месціць археалагічны музей.

6. Магільні валадароў Артаксеркса II і Артаксеркса III знаходзяцца на ўзвышшы над самым комплексам.

Таксама захаваліся фундамент скарбніцы, недабудаваная брама, шматлікія навершы калон, сажалка і г. д.

Зноскі

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 114
рус.англ.фр.