Перайсці да зместу

Осэйдж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Осэйдж
Wazhazhe, Ni-U-Kon-Ska
Малюнак 1854 г.
Агульная колькасць 18576
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова осэйдж
Рэлігія анімізм, політэізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы місуры, арканзас, омаха, аява

О́сэйдж (англ.: Osage, саманазвы: Wazhazhe, Ni-U-Kon-Ska) — сіўанскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Арканзас, Місуры, Канзас і Аклахома. Агульная колькасць (2010 г.) — 18 576 чал.[1]

Осэйдж адносяцца да сіўанскіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі даліну Агая, аднак да XVII ст. мігрыравалі на паўднёвы захад Місуры. З 1673 г. мелі кантакты з французамі. Менавіта ад апошніх атрымалі сваё сучаснае найменне, сугучнае з саманазвай. Дзякуючы гандлю з французамі набылі ўплыў у сваім рэгіёне. У пачатку XIX ст. кантралявалі значныя тэрыторыі паміж рэкамі Місуры і Рэд-Рывер. У 18021803 гг. моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы.

Пасля пераходу Луізіяны да ЗША заключылі з амерыканцамі мірнае пагадненне 1808 г., згодна з якім перадалі 212 400 км² сваіх тэрыторый. З-за палітыкі ЗША выштурхоўвання індзейцаў на захад на землі осэйдж пачалі прыбываць прадстаўнікі іншых плямён. Осэйдж успрымалі чужынцаў як ворагаў і жорстка каралі за парушэнне сваіх межаў. У 18121836 гг. вялі вайну супраць кікапу. У 1817 г. пацярпелі паражэнне ад чэрокі. ЗША выкарысталі гэты выпадак для будаўніцтва ў Арканзасе крэпасці Форт-Сміт нібы для прадухілення далейшых сутычак. Дагаворы 1818 г. і 1825 г. з ЗША суправаджаліся новымі тэрытарыяльнымі саступкамі ў абмен на фінансавую кампенсацыю і дапамогу ў развіцці сучаснай сельскай гаспадаркі. У 1833 г. воіны осэйдж арганізавалі разню ў неабароненым лагеры каёва, што справакавала ўзаемную вайну і напады каманчаў.

Хаця падчас Грамадзянскай вайны осэйдж захоўвалі нейтралітэт, а потым аказвалі амерыканцам дапамогу ў кампаніі супраць шаенаў і арапаха, у 1871 г. іх прымусілі прадаць землі ў Канзасе і перасяліцца ў Аклахому. Яны здолелі захаваць самакіраванне і эканамічную самастойнасць. У 1906 г. Кангрэс пацвердзіў аўтаномію нацыі осэйдж. У 1897 г. на іх новай тэрыторыі была знойдзена нафта, здабыча якой давала вялікія прыбыткі. У 1923 г. яны нават былі названы самай багатай супольнасцю ў ЗША. У 2011 г. осэйдж выйгралі судовы пазоў да федэральнага ўрада пра парушэнне ліцэнзійных выплат і ў выніку атрымалі 380 мільёнаў долараў.

Осэйдж здаўна займаліся земляробствам, збіральніцтвам і паляваннем. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя і кабачкі. У канцы XVII ст. асвоілі конегадоўлю, што дазволіла прасунуцца на захад і пачаць здабычу бізонаў. Важную ролю адыгрываў гандаль, што забяспечваў агнястрэльнай зброяй і іншымі еўрапейскімі таварамі. Осэйдж прадавалі футра, скуры дзікіх жывёл і захопленых у палон рабоў. Традыцыйныя рамёствы — гарбарства, ткацтва, пляценне, аплікацыя і інш.

Вёскі осэйдж будаваліся каля рэк, звычайна падзяляліся на паўднёвую і паўночную частку адпаведна фратрыям, кожная з якіх кіравалася старэйшынам. Традыцыйны від жытла — вігвам. Мужчынская вопратка ўключала скураныя штаны і тунікападобную скураную кашулю з махрамі. Жанчыны апраналі спадніцу са скуры або тканін. Цела мужчын і жанчын упрыгожвалася пацеркамі. Распаўсюджаная зброя — дзіды, нажы, сякеры, тамагаўкі, мушкеты.

Осэйдж падзяляліся на 5 тэрытарыяльных груп. Яны лічыліся аўтаномнымі фарміраваннямі на чале з 2 правадырамі ад кожнай фратрыі. Акрамя таго, існавалі 24 роды, што аб’ядноўваліся. 15 з іх складалі фратрыю зямлі, 9 — фратрыю вады. У 1881 г. была прынята Канстытуцыя, што стварала агульныя органы ўлады, суд і паліцыю.

Пераважалі вялікія пашыраныя сем’і. Пасля шлюбу маладыя маглі сяліцца як у сям’і бацькі, так і маці. Пры гэтым муж і жонка захоўвалі асабістае права на сваю частку сямейнай маёмасці. Мужчынская маёмасць перадавалася па спадчыне да старэйшага сына. Жаночая — да старэйшай дачкі. Зямля належала вясковай абшчыне. Пасля 1906 г. сельскагаспадарчыя землі былі падзелены паміж сем’ямі. Сваяцтва перадавалася па мужчынскай лініі. Часцяком сустракалася палігінія.

Захаваліся шматлікія казкі, міфы, легенды.

Традыцыйная рэлігія была заснавана на анімістычных уяўленнях. Лічылася, што сусвет быў створаны вялікім духам Ваконда[2]. Важную ролю ў выпраўленні традыцыйных культаў і палітычным кіраванні адыгрывалі прадстаўнікі кожнага роду — «маленькія старыя людзі».

З канца XVIII ст. сярод осэйдж праводзілася актыўная дзейнасць з боку каталіцкіх, а потым і пратэстанцкіх місіянераў. Падчас эпідэміі 18371838 гг. пратэстанцкія місіянеры пакінулі тэрыторыі осэйдж, таму ў далейшым каталіцкі касцёл меў пэўныя перавагі. Да пачатку XX ст. хрысціянізацыя ахапіла большасць вернікаў, і традыцыйныя рытуалы не спраўляліся. У XX ст. распаўсюдзіўся пеётызм на аснове хрысціянскіх рытуалаў.

Зноскі