Мітынг
Мітынг (англ.: meeting — сустрэча), дэманстрацыя — форма грамадскага або палітычнага удзелу (дзеяння), масавы сход для абмеркавання актуальных пытанняў жыцця, выказвання салідарнасці, падтрымкі ці пратэсту адносна тых ці іншых грамадска-палітычных з'яў. Паводле зместу мітынгі могуць быць урачыстыя, мемарыяльныя, жалобныя, палітычныя, па характары — стыхійныя і арганізаваныя.
У гісторыі Беларусі мітынгі сталі адной з форм выяўлення актыўнасці рабочага руху на даволі высокай ступені яго развіцця і ўздыму. У 1901 годзе рабочыя Беларусі арганізавалі 23 палітычныя масоўкі і манiфестацыі. У 1903 годзе на 123 мітынгамі былі адзначаны дзень памяці нарадавольцаў (1 сакавіка) і святкаванне 1 Мая. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 мітынгі на Беларусі найперш былі звязаны з антыдумскай агітацыяй. Антыдумскія масоўкі і мітынгі прайшлі ў 1905 года ў 20 гарадах і мястэчках Беларусі. Найбольшае пашырэнне мітынгі атрымалі ў час Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. Традыцыяй савецкага часу сталі ўрачыстыя мітынгі для адзначэння рэвалюцыйных і святочных дат, выказвання «інтэрнацыянальнай салідарнасці з рэвалюцыйнай барацьбой», змаганнем за мір і інш. У сувязі з Чарнобыльскай катастрофай (1986) традыцыяй становяцца штогоднія жалобныя шэсці і мітынгі. Першыя масавыя акцыі пратэсту супраць палітыкі КПСС—КПБ і па ўшанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій прайшлі ў кастрычніку 1988 года ў Курапатах. Мітынгі арганізоўваюцца прыхільнікамі і апазiцыяй афіцыйных улад Рэспублікі Беларусь.