Мсціслаў
Горад
Мсціслаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Мсцісла́ў[3] (трансліт.: Mscislaŭ, руск.: Мстиславль[4]; часта Амсці́слаў) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мсціслаўскага раёна, на рацэ Віхра. За 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша — Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Тапонім Мсціслаў (гістарычнае Мсціслаўль) паходзіць ад імя Мсціслаў (напэўна, ад асновы мост (мост) — мостить (масціць), або месть (помста) — мстить (помсціць), за другі варыянт сведчыць адсутнасць каранёвага /о/)[5][6] і ёсць тыповай уладальніцкай назвай гарадоў ранняй феадальнай эпохі, то бок паходзіць ад імя рэальнага гістарычнага ўладальніка[7].
Да імя Мсціслаў дададзены старажытны суфікс прыналежнасці -j (-ёт), перад якім пасля губных зычных паяўляўся -л (Мстислав + j — Мстиславль). Назваў з падобным паходжаннем амаль не захавалася, таму яе адносяць да катэгорыі рэліктавых[7].
На думку Алега Трусава, заснавальнік горада — смаленскі князь Расціслаў Мсціслававіч, унук Уладзіміра Манамаха, назваў горад ў памяць свайго бацькі вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча[8]. Аднак, уладальніцкі тып назвы сведчыць хутчэй пра сувязь з нованароджаным сынам князя Расціслава — Мсціславам Расціславічам, якому горад меркаваўся бацькам ва ўладанне.
У 1130-я гады Расціслаў забраў у чарнігаўскіх князёў тэрыторыі паміж Дзясной і Сажом, заснаваў гарады Рослаўль і Мсціслаўль, якім даў імёны, адпаведна, сваё і сына. У рэгіёне абапал сучаснай мяжы Беларусі і Расіі больш за два дзясяткі назваў уладальніцкага тыпу, што паходзяць ад двухасноўных імёнаў — Хатовіж, Хіславічы (< Хаціславічы), Хацясловічы, Дабрахотаўка. Іх узнікненне імаверна звязана з тым самым часам і раздачай зямель Расціслававым баярам.
Форма Мсціслаў з’яўляецца традыцыйна-пісьмовай і больш блізкай па структуры да старажытнай формы (Мстиславль), у адрозненне ад формы Амсціслаў, якая адлюстроўвае адну з характэрных фанетыка-арфаграфічных асаблівасцей беларускай мовы (наяўнасць прыстаўных галосных), і таксама можа прэтэндаваць на нарматыўную[7].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 1136—1150[9] гадамі, хоць у пазнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш ранняя дата заснавання паселішча — 1135 год[8]. Пад 1156 годам Мсціслаў згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як «горад» Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзнікла на гары цяпер называнай Замкавай (даследчыкі ў 1959—1969 гадах выявілі тут культурны пласт з прадметамі XII—XVII стст., драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. У 2-й палове XII ст. Мсціслаў, імаверна, быў другой рэзідэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 годзе Раман Расціслававіч надаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Мсціслаў Раманавіч — першы князь мсціслаўскі.
У сярэдзіне XIV ст.[9] Мсціслаў далучаны да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XV стст. Мсціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна звязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Мсціславе свайго намесніка, а пазней перадаў горада свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсціслаўскіх[9]. У часы Лугвена Мсціслаўскае княства складалася з валасцей уздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра — Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхры і яе прытока Малохвы. У 1386 годзе каля горада адбылася Мсціслаўская бітва. У 1410 годзе мсціслаўская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве.
У 1501 годзе пад Мсціславам адбылася бітва паміж войскамі вяліклітоўскімі і маскоўскімі войскамі, маскоўскія войскі перамаглі, але не здолелі захапіць горад. З 1527 годзе[9] Мсціслаў перайшоў ва ўладанне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў цэнтрам Мсціслаўскага ваяводства, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іхняга складу[10]. У 1614 годзе ў Мсціславе збудавалі першы касцёл па фундацыі старосты Пятра Паца.
-
Гістарычны герб горада, 1634
-
Герб Мсціслаўскага княства, 1672
-
Гарадскі герб часоў Расійскай імперыі, 1781
16 жніўня 1634 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу Магдэбургскае права і гарадскі герб: «у залатым полі збройная рука з мячом — Малая Пагоня»[11]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касцёл і кляштар кармелітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканцаў. У 1641 недалёка ад Мсціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазней — рэзідэнцыю і калегіум[9]. 22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Мсціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 мяшчан[12]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Мсціслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтр павета Магілёўскай губерні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная ўніяцкая царква. У 1781 расійскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй частцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»), у верхняй частцы — палавіна герба Расійскай імперыі, аднак у 1797 імператрыца расійская Кацярына II унесла змены ў герб: «червлёный волк голова влево». У 1791 г. у Мсціславе адкрылася дваранскае, а ў 1810 — духоўнае вучылішча. У 1802 г. у горадзе збудавалі свечачны завод. На 1852 г. у Мсціславе дзейнічалі двухкласнае народнае вучылішча, дваранскае вучылішча, прыватная жаночая школа і 2 яўрэйскія вучылішчы. Неўзабаве з-за вялізных пажараў (у 1858 і 1863 гг.), якія ўшчэнт знішчылі Мсціслаў, пачаўся эканамічны заняпад горада.
-
Фрэскі кармеліцкага касцёла: узяцце маскавітамі замка
-
«Трубяцкая разня», учыненая акупантамі
-
Панарама горада, гравюра сяр. XIX ст.
-
Манастыр Св. Духа, малюнак сяр. XIX ст.
Паводле перапісу (1897) у Мсціславе дзейнічалі гарадская, духоўная і прыходская вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. Станам на 1914 г. тут было 1048 будынкаў, з іх 25 — мураваныя, мелася 28 фабрык і заводаў з агульнай колькасцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месце была адна бальніца на 28 месцаў, амбулаторыя, аптэка, тры аптэкарскія магазіны, тры лекары, чатыры аптэкары, 6 акушэрак і 6 фельчараў на ўвесь павет. Па колькасці шынкоў Мсціслаў займаў другое месца ў губерні пасля Магілёва. Места асвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і калодзежаў.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Мсціслаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Мсціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай акругі (з 1938 г. у Магілёўскай вобласці). У Другую Сусветную вайну 14 ліпеня 1941 да 28 верасня 1943 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
2 снежня 2000 г. на чарговым пасяджэнні ўлады Мсціслава зацвердзілі герб горада і раёна, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.
-
Панарама горада
-
Замчышча
-
У цэнтры горада, удалечыні касцёл езуітаў
-
Касцёл езуітаў
-
Колішні касцёл бернардзінцаў пасля перабудовы
-
Царква Св. Тройцы
-
Тупічэўскі манастыр
-
Сінагога
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1897 чал. — 8514 чал.[13]
- XX стагоддзе: 1939 — 10,5 тыс. чал.[13]; 1995 — 12,3 тыс. чал.[13]
- XXI стагоддзе: 2006 чал. — 11,7 тыс. чал.; 2008 чал. — 11,6 тыс. чал.; 2015 чал. — 10 437 чал.[14]; 2016 чал. — 10 376 чал.[15]; 2017 чал. — 10 370 чал.[16]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі. Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]-
Анатоль Наліваеў «Мсціслаў, сінагога»
-
Помнік самалёту
-
Вуліца
-
Царква
-
Панарама на царкву
- Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктурна-планіровачная структура Мсціслава фарміравалася на працягу стагоддзяў. Горад узнік на Замкавай гары. Складаўся з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. Архітэктурнае аблічча сярэдневяковага горада вызначалі драўляныя храмы і нерэгулярная жылая забудова ўздоўж р. Віхра. У 1778 г. створаны рэгулярны план, які прадугледжваў прамавугольную сетку вуліц і сістэму плошчаў[17].
Сучасны Мсціслаў забудоўваўся паводле генпланаў, распрацаваных у 1961 г. інстытутам «Белдзяржпраект» і ў 1977 г. Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, з захаваннем гістарычнаіі сеткі вуліц і архітэктурных помнікаў. Развіваецца ўздоўж р. Віхра, пераважна ў паўночным напрамку. У раёне плошчы Пятра Мсціслаўца (створана на перакрыжаванні вуліц Варашылава і Савецкай) і вуліц Леніна (галоўная кампазіцыйная вось), Калініна, Пралетарскай сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр горада. Тут знаходзяцца будынкі райкама КПБ, райвыканкама, Дома культуры, Палаца шлюбаў і ўрачыстасцей (былога кінатэатра), рэстарана, гасцініцы, універмага, магазінаў і інш. Значнае месца ў архітэктурна-нланіровачнай кампазіцыі горада займаюць помнікі архітэктуры, а таксама гістарычныя зоны — Замкавая, Троіцкая і Дзявочая горы. Новы раён капітальнай жылой забудовы створаны ўздоўж аўтамабільнай дарогі Мсціслаў — Магілёў. Аднапавярховыя драўляныя дамы сядзібнага тыпу размешчаны на ўсёй гарадской тэрыторыі[17].
Вуліцы і плошчы
[правіць | правіць зыходнік]З урбананімічнай спадчыны Мсціслава да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармеліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасня 2016 года[18]). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсціслаўца.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Варашылава вуліца | Шамаўская вуліца |
Калініна вуліца | Красная вуліца |
Камсамольская вуліца | Бернардзінская вуліца |
Камунарная вуліца | Манастырская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Правальная-Слабадская вуліца |
Кірава вуліца | Кармеліцкая вуліца |
Леніна вуліца | Кіеўская вуліца |
Пралетарская вуліца | Смаленская вуліца |
Рэспубліканская вуліца | Пустынская вуліца |
Савецкая вуліца | Парадная вуліца |
Урыцкага вуліца | Пірагоўская вуліца |
Юрчанкі вуліца | Спаская вуліца[19] |
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычныя будынкі
[правіць | правіць зыходнік]- Будынак былога дваранскага сходу і гасцініцы «Парыж» (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001062
- Будынак былой ваеннай установы (канец XIX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000511
- Будынак былой гасцініцы «Лондан» (канец XIX — пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001063
- Будынак былой земскай управы (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры неакласіцызму, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000506
- Будынак былой мужчынскай гімназіі (1908 год) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000509
- Будынак былой пошты (пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001059
- Будынак казначэйства (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000512
- Будынак павятовага вучылішча (1-я пал. XIX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001064
- Будынак пажарнай каланчы (XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001060
- Былы дом ліхвяра В. Віленкіна (пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001065
- Гандлёвыя рады (пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000503
- Лямус (канец XIX — пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001061
- Паравы млын (пачатак XX ст.) — помнік прамысловай архітэктуры, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000508
Культавае дойлідства
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (1614, 1746—1750 гады) — помнік архітэктуры барока, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000504
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар езуітаў (1730—1738 гады) — помнік архітэктуры барока, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000510
- Сабор Святога Аляксандра Неўскага (1870 год) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000507
- Свята-Троіцкая царква (1834 год) — помнік архітэктуры класіцызму.
- Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.) — помнік народнага дойлідства, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000513
- Царква ў гонар абраза Божай Маці «Тупічоўскі» (1871 год) — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Помнікі археалогіі
[правіць | правіць зыходнік]- Дзявочая гара (1-е тысячагоддзе да н.э. — 1-е тысячагоддзе н.э.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512В001058
- Замкавая гара (XII—XIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512В001057
- Селішча (XVI—XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000910
- Селішча (XVI—XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000911
Помнікі гісторыі
[правіць | правіць зыходнік]- Брацкая магіла савецкіх воінаў (1943 год) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000505
- Брацкая магіла савецкіх воінаў, на вуліцы Дзяржынскага.
- Кагальны калодзеж — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння.
- Магіла ахвяр фашызму
- Помнік Пятру Мсціслаўцу (1986 год), пастаўлены каля езуіцкага касцёла.
- Помнік Пятру Мсціслаўцу (2001 год), пастаўлены на цэнтральнай плошчы горада.
- Помнікі на магіле ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і старшыні Мсціслаўскага павятовага выканкама А. Л. Юрчанкі і чырвонаармейца П. К. Цырыкава[17].
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай і кляштар бернардзінцаў (XVIII ст.) — скасаваны ў 2-й палове XIX ст.
- Тупічэўскі манастыр (XVII — пачатак XX ст.) — зруйнаваны ў 1950—1960-х гадах.
- Сінагога (знесена ў 2022 годзе) і дом рабіна па вуліцы Леніна.
Зоны адпачынку
[правіць | правіць зыходнік]У цэнтры горада знаходзяцца паркі імя Н. К. Крупскай і Піянерскі, зона адпачынку на р. Віхра, прылеглыя лясныя масівы[17].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Ізраіль Басаў (1918—1994) — беларускі жывапісец і графік.
- Ларыса Аляксандраўна Жуніна (1914—1981) — вучоны ў галіне тэхналогіі шкла, доктар тэхнічных навук.
- Уладзілен Лазаравіч Калер (нар. 1925) — біяхімік, доктар біялагічных навук[20].
- Абрам Аншэлавіч Маневіч (1881—1942) — беларуска-амерыканскі мастак.
- Пётр Мсціславец — друкар і гравёр XVI ст.
- Уладзімір Пятровіч Пакроўскі (1929—1987) — Герой Сацыялістычнай Працы (1974).
- Адрыян Віктаравіч Прахаў (1846—1916) — гісторык мастацтва, археолаг, мастацкі крытык.
- Яўген Якаўлевіч Рэмез (1896—1975) — вучоны, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт АН УССР.
- Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў (1942—1992) — археолаг, гісторык.
- Алег Анатолевіч Трусаў (нар. 1954) — археолаг і грамадскі дзеяч.
- Кусіэль Саламонавіч Шыфрын (1918—2011) — геафізік.
- Якаў Саламонавіч Шыфрын (нар. 1920) — доктар тэхнічных навук, заслужаны дзяч навукі і тэхнікі Украіны.
- Яўген Станіслававіч Зайцаў (нар. 1970) — беларускі палітык.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаюцца таксама варыянты Мсці́слаў, Мсцісла́ўль, Амсці́слаў
- ↑ Код СААТА 7246501000, паводле публічнай кадастаравай карты Архівавана 14 жніўня 2021., мае рускае найменне «Мстиславль», але «Мстиславский район».
- ↑ к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 246.
- ↑ Этымалагічны слоўнік Макса Фасмэра: от мстить и сла́ва, собственно «мсти за славу»
- ↑ а б в Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ а б Алег Трусаў. Старажытны Мсціслаў — сэрца беларускай Смаленшчыны // Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992.
- ↑ а б в г д Батвіннік М. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Мсціслаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ↑ а б в Беларусь 1995.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- ↑ В Мстиславле переименовали улицы и площадь Архівавана 8 верасня 2016. // «Святло Кастрычніка», 2.09.2016.
- ↑ План з гістарычна-археалагічнага музея
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 462.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мсціслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 536—537. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Мсціслаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 501. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў — Мн.: Полымя, 1992. — 109 с.
- Караткевіч У. С. Мсціслаў: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі — Мн.: Беларусь, 1985. — 140 с.
- Мстиславль // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мсціслаў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Мсціслаў на OpenStreetMap
- Надвор’е ў горадзе Мсціслаў
- Навіны Мсціслава.
- Гісторыя Мсціслава.
- Цікавыя мясціны Мсціслава.