Перайсці да зместу

Еўрарэгіён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Еўрарэгіён — арганізацыйная юрыдычна замацаваная форма трансгранічнага рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж тэрытарыяльнымі арганізацыямі і/або органамі дзяржаўнай улады прыгранічных рэгіёнаў некалькіх дзяржаў з агульнай мяжой. Стварэнне еўрарэгіёну з'яўляецца сродкам актывізацыі трансгранічнага дыялогу дзяржаў-суседзяў, формай пошуку эфектыўных шляхоў супрацоўніцтва самакіравальных адзінак па розныя бакі межаў.

Першы еўрарэгіён «Гронаў» быў створаны ў 1958 годзе на нямецка-нідэрландскай мяжы.

Прававыя асновы развіцця еўрарэгіёнаў вызначаны ў Еўрапейскай рамачнай канвенцыі аб прыгранічным супрацоўніцтве тэрытарыяльных утварэнняў і іх органаў кіравання (Мадрыд, 1980). Трансгранічнае супрацоўніцтва рэгулюецца таксама Еўрапейскай хартыяй мясцовага самакіравання 1985.

У агульнаеўрапейскай сістэме прыярытэтаў еўрарэгіён разглядаецца як інструмент інтэграцыі дзяржаў праз інтэграцыю рэгіёнаў. Іх дзейнасць накіравана на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і фарміравання іх экспартнай спецыялізацыі, інфраструктурную падрыхтоўку для паглыблення супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам, развіццё сістэмы міжрэгіянальных сувязяў у сферы турызму, рэкрэацыі, аховы навакольнага прыроднага асяроддзя. Еўрарэгіёны даюць магчымасць вырашаць праблемы нацыянальных меншасцяў, могуць быць сродкам вырашэння тэрытарыяльных прэтэнзій. Да трансгранічнага супрацоўніцтва прыцягнута больш за 30 дзяржаў, якія ўтварылі больш за 70 еўрарэгіёнаў.

Беларусь ўдзельнічае ў стварэнні еўрарэгіёнаў з 1995 года. У 1995 годзе быў створаны еўрарэгіён «Буг», у склад якога ўваходзяць Брэсцкая вобласць Беларусі, часткі тэрыторыі Польшчы і Ўкраіны.