Перайсці да зместу

Дыспепсія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дыспепсія
МКБ-10-КМ K30 і R10.13
МКХ-9 536.8
DiseasesDB 30831
MedlinePlus 003260
MeSH D004415
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дыспепсі́я (ад стар.-грэч.: δυσ- — прыстаўка, якая адмаўляе станоўчы сэнс слова і πέψις — страваванне) — парушэнні стрававання.[1]

Тэрмін «дыспепсія» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная дыспепсія і брадзільная дыспепсія. У аснове брадзільнай дыспепсіі ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная дыспепсія — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху).

Дзіцячая дыспепсія — вострая хвароба страўнікава-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8-9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай дыспепсіі стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6-8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная дыспепсія — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вялікай страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтральную нервовую, вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4., С.449