Перайсці да зместу

Джырых

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Складаны арнамент джырых з 16-, 10- і 8-канцовымі зоркамі на розных узроўнях на столі маўзалея Гафіза  (руск.) ў Шыразе, 1935

Джырых (перс.: گره jirich, літаральна — «вузел»), таксама джырых сазі (перс.: گره سازی «пляценне вузлоў») або джырых чыні (перс.: گره چینی), — від ісламскага дэкаратыўнага мастацтва, які выкарыстоўваецца ў архітэктуры і народных рамёствах (вокладкі кніг, шпалеры, дробныя металічныя прадметы) і складаецца з геаметрычных ліній, што ўтвараюць пераплецены арнамент. У іранскай архітэктуры  (руск.) арнаменты джырых сазі можна ўбачыць у арнаментах з цэглы банаі, ляпніне і мазаічным фаянсе[1]. Джырых вызначаецца як «геаметрычныя (часта зоркі і мнагаграннікі) арнаменты, якія складаюцца або генеруюцца з масіваў кропак, з якіх лініі будовы выходзяць і ў якіх яны перасякаюцца»[2].

Для джырых выкарыстоўваюцца сіметрычныя формы з прамымі бакамі; звычайна ён складаецца з плеценага арнаменту, які ўтварае 6-, 8-, 10- ці 12-канцовыя зоркі, падзеленыя шматграннікамі і палосамі, і часта намаляваны з перасячэннем. Такія ўпрыгажэнні звычайна складаюцца з паўтаральных «адзінак» з 2-, 3- або 6-кратнай вярчальнай сіметрыяй, якія падзяляюць  (англ.) плоскасць без прагалаў[3].

Аб’ёмным эквівалентам джырых з’яўляюцца мукарны  (укр.)[4], якія выкарыстоўваюцца для аздаблення ніжняга боку купалаў або тромпаў.

Мазаіка са старажытнарымскага тэатра (2 ст н. э.) у Босры (Сірыя) паказвае крывалінейныя вузлавыя ўпрыгажэнні, якія маглі быць продкам арнаментаў джырых.

Лічыцца, што вытокам арнаментаў джырых з’яўляюцца старажытнарымскія вузлавыя арнаменты старажытнарымскай правінцыі Сірыя, датаваныя 2-м ст. н. э.[1], крывалінейныя пераплеценыя лініі з трохразовай вярчальнай сіметрыяй. У Вялікай Мячэці  (руск.) (709—715), Дамаск, Сірыя, ёсць аконныя экраны, створаныя з пераплеценых хвалістых ліній, што фарміруюць шасцікутныя зоркі. Аконныя рашоткі ў палацы Хішама  (англ.) паблізу Іерыхона (каля 730) таксама выкананы са спляценнем, аднак з выгнутых ліній. Выгнуты вузлавы арнамент прысутнічае і на разьбяной тынкоўцы галоўнай мячэці  (англ.) горада Наіна  (руск.), Іран (каля 960). Адны з самых ранніх архітэктурных прыкладаў геаметрычных арнаментаў з прамых пераплеценых ліній можна ўбачыць на партале маўзалея Араб-ата (X стагоддзе), пасёлак Цім паблізу Самарканда, Узбекістан[5] і на Рыбат-і-Махі  (перс.), Іран (1019—1020).

Ілюмінаванне ў рукапісе  (ВД) Карана (391 год хіджры, 1000—1001 гг.), выкананы Ібн аль-Бавабам

Самае ранняе вядомае выкарыстанне джырых ў кнізе - франтыспіс манускрыпта Карану 1000 г.н. э., знойдзеным у Багдадзе[6]. У гэтым Каране ёсць ілюмінаваная старонка з пераплеценымі васьмікутнікамі і каліграфіяй сулюс[7].

Вырабы з дрэва

[правіць | правіць зыходнік]
Бок мінбара (пабудаваны ў XIII стагоддзі) у мячэці Ібн Тулуна  (укр.).

Адзін з самых ранніх прыкладаў выкарыстання ісламскага геаметрычнага мастацтва ў дрэве — мінбар XIII стагоддзя ў мячэці Ібн Тулуна  (укр.) ў Каіры.

У працах па дрэве арнаменты джырых магчыма стварыць адным з двух метадаў. У адным, спачатку ствараецца драўляная рашотка з геаметрычнымі формамі (шматграннікамі і зоркамі); пасля чаго прарэзы рашоткі альбо застаюцца пустымі, альбо запаўняюцца іншымі матэрыяламі. У другім метадзе, які мае назву джырых чыні[8] спачатку ствараюцца драўляныя панэлі («плітка») геаметрычных формаў, якія затым аб’ядноўваюцца для стварэння складанага малюнка[1]. Гэты метад быў папулярны ў часы дынастыі Сефевідаў, а яго прыклады можна ўбачыць у гістарычных будынках Ісфахана.

Арнамент джырых на сценах вакол партала ў медрэсе Хунат Хатун  (англ.) (архітэктура Сельджукаў - каля 1178—1243) у Кайсеры, Турцыя.

У турэцкай мове тэрмін «джырых» выкарыстоўваўся для абазначэння істужачнага арнаменту з многавугольнікаў у архітэктуры яшчэ з канца XV стагоддзя[9] У той жа час арнаменты джырыха былі сабраны рамеснікамі ў каталогі арнаментаў, напрыклад, скрутак Тапкапы  (англ.)[10].

Хоць крывалінейныя папярэднікі джырых былі вядомыя ў X стагоддзі, цалкам развітыя арнаменты джырых з’явіліся ў XI стагоддзі ў Іране і сталі дамінуючым элементам дызайну ў XI—XII стст. (напрыклад, панэлі разьбянога стука з пераплеценым джырых у вежах Харакан  (англ.) (1067 і 1093) побач Казвіна, Іран[1][11]. Часам з джырыхам каардынавалі дэкор са стылізаваных кветак[12].

Пасля перыяду Сефевідаў выкарыстанне джырых працягвалася ў перыяд панавання Сельджукаў і Хулагуідаў. У XIV стагоддзі джырых стаў другарадным элементам дэкаратыўнага мастацтва і быў фактычна заменены расліннымі арнаментамі ў эпоху Цімурыдаў. Аднак у цэнтральнаазіяцкіх манументах арнаменты з геаметрычных стужак заставаліся важным элементам дэкаратыўнага мастацтва і пасля Цімурыдаў[1].

Арнамент джырых, які можна стварыць з дапамогай цыркуля і лінейкі  (руск.)
Аконная рашотка ў палацы Топкапы, якая выкарыстоўвае арнамент злева.

Першыя арнаменты джырых былі сфарміраваны шляхам капіявання ўзору арнаменту ўздоўж звычайнай рашоткі; арнамент быў намаляваны з дапамогай цыркуля і лінейкі. Сёння мастакі, якія працуюць у традыцыйнай тэхніцы, у асноўным выкарыстоўваюць пару штангенінструментаў  (руск.), каб атрымаць насечку на аркушы паперы, які пакінулі на сонцы, каб ён стаў крохкім. Прамыя лініі малююць алоўкам і немаркіраванай лінейкай[8]. Зробленыя такім чынам арнаменты джырых падобныя на двухмерны крышталь  (англ.), падзяляючы плоскасць адзінкавым элементам. Паколькі падзел ажыццяўляўся з дапамогай аперацый перакладу ці вярчэння  (укр.), адзінкавыя элементы мелі 2-, 3-, 4- ці 6-кратную вярчальную сіметрыю[13].

Плітка джырых

[правіць | правіць зыходнік]

Дзесьці з 1200 года арнаменты джырых пачалі рабіць з элементаў у форме зорак і многавугольнікаў, якія мелі 5-і 10-кратную вярчальны сіметрыю. Такія фігуры таксама можна намаляваць з дапамогай цыркуля і лінейкі  (руск.). Але прыкладна з пачатку XV стагоддзя некаторыя арнаменты джырых ужо не былі перыядычнымі, такія арнаменты ствараліся з дапамогай пліткі джырых - набору з 5 плітак з намаляванымі на іх лініямі; пры падзеле з іх дапамогай плоскасці без дзірак, лініі на плітцы ўтваралі арнамент джырых. На гэты раз не вядома, калі плітка джырых была ўпершыню выкарыстаная замест пабудовы з дапамогай цыркуля і лінейкі  (руск.), але лічыцца верагодным, што яна была выкарыстана ў некаторых будынках, створаных каля 1200 года[14].

Формы пліткі джырых

Пяць формаў пліткі джырых:

  • правільны дзесяцівугольнік з 10-ю ўнутранымі вугламі па 144°;
  • падоўжаны (нерэгулярна выпуклы) шасцівугольнік з ўнутранымі вугламі 72°, 144°, 144°, 72°, 144°, 144°;
  • матылёк (нявыпуклы шасцівугольнік) з унутранымі вугламі 72°, 72°, 216°, 72°, 72°, 216°;
  • ромб з унутранымі вугламі 72°, 108°, 72°, 108°; і
  • правільны пяцівугольнік з 5-ю ўнутранымі вугламі па 108°.

Усе бакі гэтых фігур маюць аднолькавую даўжыню, а ўсе іх вуглы з’яўляюцца множнікамі 36° (π/5 радыян). Усе яны, акрамя пяцівугольніка, маюць двухбаковую (люстраную) сіметрыю адносна двух перпендыкулярных ліній. Некаторыя маюць дадатковыя сіметрыі: напрыклад дзесяцікутнік мае дзесяціразовую вярчальную сіметрыю (вярчэнне на 36°), а пяцікутнік мае 5-кратную вярчальную сіметрыю (вярчэнне на 72°).

Двухузроўневы дызайн

[правіць | правіць зыходнік]

Арнаменты джырых на мячэці Імама  (руск.), пабудаванай у 1453 годзе ў Ісфахане, мелі значна больш складаную структуру, чым бачаныя да таго. Дэталі арнаменту паказваюць, што замест цыркуля і лінейкі была выкарыстаная плітка джырых. Арнамент пры гэтым здаецца аперыядычным  (укр.); у прыватнасці, на плошчы сцяны, якую ён займае, ён не паўтараецца рэгулярна. Таксама арнамент джырых у гэтай мячэці намаляваны ў двух маштабах: большы арнамент можна ўбачыць, сузіраючы будынак здалёк, а арнамент меншага маштабу, які з’яўляецца часткай большага, бачны, калі стаяць побач з будынкам.

Хоць ёсць некаторыя сведчанні таго, што ў некаторых старажытных арнаментах джырых выкарыстоўвалася правіла падзелу для стварэння двух узроўняў малюнка, на гэты час не выяўлена гістарычных прыкладаў магчымасці прымянення правіла падзелу бясконцую колькасць разоў. Напрыклад, арнамент антрэвольта Мячэці Імама складаецца толькі з дзесяцівугольнікаў і матылькоў, а ў правіле падзелу выкарыстоўваюцца гэтыя два элементы і плітка з падоўжанага шасцівугольніка. Такім чынам, гэты арнамент не мае самападобнасци на узроўнях 1 і 2. А падзел плоскасці, які ўтрымлівае дванаццацівугольнікі і мае самападобнасць  (укр.) на розных узроўнях, які ўзнікае пад прымяненне правіла падзелу некалькі разоў, утварае квазікрышталічны  (укр.) падзел.

Аперыядычнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Перыядычны падзел плоскасці ўзнікае з-за пастаяннага паўтарэння «адзінкавага элемента» (формы або набору паўтаральных формаў) без пропускаў. Такі падзел можна разглядаць як двухмерны крышталь, і з улікам тэарэмы крышталяграфічнага абмежавання, адзінкавы элемент абмежаваны вярчальнай сіметрыяй 2-, 3-, 4- і 6-кратнасці. Таму плоскасць не можа быць перыядычна падзелена фігурамі з 5-кратнай вярчальнай сіметрыяй, такімі як 5-вугольная зорка ці дзесяцікутнік. Формы з 5-кратнай сіметрыяй паўтараюцца на плоскасці перыядычна, але прастора паміж імі запоўнена іншымі формамі, якія не маюць перыядычнасці. Такі падзел называецца квазі-крышталічным.

Адным са шляхоў стварэння квазі-перыядычнага арнаменту з’яўляецца стварэнне мазаікі Пенроўза. Плітка джырых можа быць падзелена на мазаіку Пенроўза - формы пад назвай «тонкія ромбы» («дроцікі дартс») і «тоўстыя ромбы» («паветраныя змеі»), але няма ніякіх доказаў таго, што гэты падыход выкарыстоўваўся старажытнымі майстрамі[14]. Іншым шляхам стварэння квазіперыядычных арнаментаў з’яўляецца пастаянны падзел плітак джырых на больш дробныя пліткі джырых з выкарыстаннем правіла падзелу. Такім чынам, абмежаваная плоскасць будзе падзелена на пліткі джырых, якія паўтараюцца з аперыядычнай частатой. Выкарыстанне такога правіла падзелу было б сведчаннем, што ісламскія майстры XV стагоддзя разумелі, што плітка джырых утварае арнаменты, якія ніколі дакладна сябе не паўтараюць. Аднак усе вядомыя арнаменты джырых утрымліваюць ўсяго адзін ці два ўзроўні, ды і на практыцы ў трэцім узроўні не было патрэбы, паколькі ён быў бы вельмі вялікім ці вельмі дробным для сузірання. Таму лічыцца, што сярэднявечныя ісламскія майстры выкарыстоўвалі інструмент стварэння вельмі складаных арнаментаў, але не разумелі гэтага[15].

Скрутак Тапкапы

[правіць | правіць зыходнік]
Малюнак са скрутка Тапкапы  (англ.). Чорныя лініі паказваюць арнамент джырых, а тонкія чырвоныя лініі - контуры плітак джырых.

Скрутак Тапкапы  (англ.), які датуецца канцом XV стагоддзя, прадстаўляе сабой зборнік розных арнаментаў і паказвае, што для стварэння арнаментаў джырых выкарыстоўвалася плітка джырых. Малюнкі ў скрутку паказваюць лініі джырых паверсе контураў пліткі, якую выкарыстоўвалі для стварэння арнаменту[14].

Зноскі

  1. а б в г д Gereh Sazi. Encyclopaedia Iranica Online. Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 1 студзеня 2013.
  2. Terry Allen. Islamic Art and the Argument from Academic Geometry (2004). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2012. Праверана 23 студзеня 2012.
  3. Lee, A.J. "Islamic Star Patterns". Muqarnas. 4: 182–197. JSTOR 1523103.
  4. Rogers, J.M. (1997). "Notes on a recent study of the Topkapı scroll: a review article". Bulletin of the School of Oriental and African Studies, University of London. 60 (3): 433–439. doi:10.1017/s0041977x0003247x. JSTOR 619536.
  5. Detail of the Arab Ata Mausoleum portal. ProfiMedia. Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2021. Праверана 12 лютага 2012.
  6. Materials and Mediums. Pattern in Islamic Art. Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2016. Праверана 8 лютага 2012.
  7. The transformation of Islamic art during the Sunni revival. I.B.Tauris. 2002. p. 84. ISBN 978-1-85043-392-7. Архівавана з арыгінала 1 серпня 2020. Праверана 12 лютага 2016. {{cite book}}: Праверце значэнне даты ў: |archive-date= (даведка)
  8. а б Richard Henry. Pattern, Cognition and contemplation: Exploring the Geometric Art of Iran. Iran Society (2007). Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2014. Праверана 8 лютага 2012.
  9. Dündar, A. (2003). "Bir Belgeye Göre Amasya II. Bayezid Külliyesi" (PDF). Ankara Üniverstesi İlahiyat Fakültesi Dergisi(тур.). 44 (2): 131–172. Архівавана з арыгінала (PDF) 3 червня 2018. Праверана 12 лютага 2016. {{cite journal}}: Праверце значэнне даты ў: |archive-date= (даведка)
  10. Katz, V.J. (2007). The Mathematics of Egypt, Mesopotamia, China, India, and Islam. Princeton University Press. p. 620. ISBN 978-0-691-11485-9. Архівавана з арыгінала 30 червня 2014. Праверана 12 лютага 2016. {{cite book}}: Праверце значэнне даты ў: |archive-date= (даведка)
  11. Architecture – iv. Central Asian. Encyclopaedia Iranica (11 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 4 березня 2016. Праверана 8 лютага 2012.
  12. G. A. Pugachenkova, A. H. Dani and Liu Yingsheng. Urban development and architecture. History of Civilizations of Central Asia Volume IV: The Age of Achievement: A.D. 750 to the End of the Fifteenth Century – Part Two: The Achievements. unesco (2000). Архівавана з першакрыніцы 4 березня 2016. Праверана 12 лютага 2016.
  13. Cromwell, P.R. (2009). "The Search for Quasi-Periodicity in Islamic 5-fold Ornament". Mathematical Intelligencer. 31 (1): 36–56. doi:10.1007/s00283-008-9018-6.(недаступная спасылка)
  14. а б в Peter J. Lu and Paul J. Steinhardt (2007). "Decagonal and Quasi-crystalline Tilings in Medieval Islamic Architecture" (PDF). Science. 315 (5815): 1106–1110. Bibcode:2007Sci...315.1106L. doi:10.1126/science.1135491. PMID 17322056. Архівавана з арыгінала (PDF) 7 кастрычніка 2009. Праверана 12 лютага 2016.
  15. Emil Makovicky. Comment on "Decagonal and Quasi-Crystalline Tilings in Medieval Islamic Architecture". Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2014. Праверана 22 лютага 2012.