Герэнук (Litocranius walleri) або жырафавая газель — афрыканская антылопа з сямейства сапраўдных антылоп, у якім утварае асобны род. Яе назва, верагодна, паходзіць ад самалійскага слова «гарануг».
Герэнука цяжка зблытаць з іншай жывёлай з-за яго вельмі дліннай шыі і ног. Яго вышыня дасягае 95 см. Поўсць зверху чырвона-карычневая, па баках болей светлая. Выразная лінія аддзяляе амаль белую ніжнюю частку цела. Вакол вачэй знаходзяцца белыя плямы, якія звужаюцца ў бок рота. Рогі маюць толькі самцы.
Арэал герэнукаў ахапляе землі ад Эфіопіі і Самалі да поўначы Танзаніі. Раней герэнукі жылі таксама ў Судане
і Егіпце, але ўжо доўгі час там вынішчаны. Абсягам пражывання герэнукаў з’яўляюцца сухія тэрыторыі, як правіла, парослыя калючым кустарнікам саванны. Жыве ў засушлівых або адносна вільготных стэпах з зараснікамі хмызнякоў, на раўнінах і пагорках, падымаецца ў горы да 1800 м.
На сухіх тэрыторыях герэнукі могуць вельмі доўга абыходзіцца без вады. Яны сілкуюцца выключна лісцем і, падобна да няроднасных ім жыраф, развілі для гэтага ў працэсе эвалюцыі доўгую шыю і канечнасці. Як і ў жыраф, у іх вельмі жорсткі язык, а таксама падоўжаныя і нячулыя вусны, якімі яны могуць абхапляць калючыя галінкі. З закрытым ротам герэнук адцягвае галаву назад і сашчыпвае з галін усё лісце. Для таго, каб дацягнуцца да высокіх галінак, герэнук становіцца на заднія ногі, абапіраючыся пярэднімі аб ствол дрэва.
Актыўны раніцай і вечарам. Сілкуецца лісцем, парасткамі і галінкамі кустоў і дрэў.
Самкі жывуць разам з маладняком у невялікіх групах ад двух да пяці звяроў. Дарослыя самцы жывуць па адзіночцы і валодаюць уласным арэалам. Падчас шлюбных перыядаў яны спрабуюць утрымаць самак у сваіх арэалах, каб з імі спарвацца.
Герэнукі, верагодна, ніколі не былі асабліва шматлікімі жывёламі. З-за іх звычкі жыць паасобку яны часта не кідаюцца ў вочы сярод буйных статкаў іншых капытных, якія сустракаюцца ў саванах. З-за палявання герэнукі за апошнія дзесяцігоддзі сталі яшчэ радзейшымі. Большасць герэнукаў жыве ў нашы дні ў Эфіопіі. Іх агульная колькасць складае 70 тысяч асобін. Від занесены ў міжнародную Чырвоную кнігу.
Герэнук месцамі даволі шматлікі, бо самалійцы не палююць на яго і не ядуць яго мяса. Яны лічаць герэнука сваяком вярблюда. Па народных павер’ях, забойства герэнука пацягне за сабой гібель вярблюдаў, якіх лічаць сваякамі антылопы і якія складаюць галоўную каштоўнасць качэўнікаў.
Мяркуючы па наскальных малюнках 4000—2900 гг. да н. э., знойдзеных на правым беразе Ніла (у Вадзі Саб), спробы прыручыць герэнука прадпрымаліся ўжо старажытнымі егіпцянамі.