Брагуі
Брагуі (براہوی) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 2635000 (2016 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Пакістан, Іран, Афганістан, Туркменістан |
Мова | брагуі |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | тамілы, тэлугу, гонды, курух |
Брагуі (саманазва براہوی) — народ, які насяляе поўнач Індастана і частку Цэнтральнай Азіі. Агульная колькасць — 2 635 000 чал., у тым ліку 2 329 000 чал. у Пакістане, 281 000 чал. у Афганістане, 21000 у Іране, 2 000 у Туркменістане, 400 чал. у Бангладэш (2016 г.)[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Брагуі размаўляюць на дравідыйскай мове, што значна адрознівае іх ад суседзяў — індаарыяў. Існуюць 2 асноўныя версіі іх паходжання. Першая абапіраецца на гіпотэзу аб першасным фарміраванні дравідыйскіх народаў на поўначы Індастана і адносіць брагуі да аўтахтоннага насельніцтва даліны ракі Інд, якое захавалася з часоў Індскай цывілізацыі.
Другая версія сцвярджае, што брагуі з’явіліся значна пазней (у 1 або нават у 2 тысячагоддзях н. э. з поўдня Індыі. На карысць гэтай версіі кажа адсутнасць ранніх запазычанняў у мове брагуі з іранскіх моў.
Да XVII ст. на сучасным сумежжы Пакістана і Афганістана склалася канфедэрацыя плямёнаў брагуі, прадстаўнікі якой здолелі адсунуць ад улады мясцовую індуісцкую дынастыю. Росквіт дзяржавы брагуі прыпаў на XVIII ст., калі ёю кіраваў Назір-хан.
Да пачатку XIX ст. былі фармальна падначалены брытанцамі. Пры гэтым частка брагуі перакачавала ў Іран і Афганістан. У XX ст. у выніку расколу былой брытанскай калоніі на Індыю і Пакістан мусульмане-брагуі былі вымушаны пакінуць тэрыторыю Індыі, прычым частка апынулася ва Ўсходнім Пакістане, які пазней набыў незалежнасць і ператварыўся ў дзяржаву Бангладэш.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйным заняткам брагуі здаўна была адгонная жывёлагадоўля. Узімку яны праводзілі час разам са статкамі на раўнінах, а ў цёплыя сезоны — у гарах. Аднак з распаўсюджваннем таварнай гаспадаркі многія сем’і пераходзілі да аселага ладу жыцця, займаліся паліўным земляробствам, вырошчвалі пшаніцу і проса.
Сем’і патрылакальныя пашыраныя, складаюцца з некалькіх нуклеарных сем’яў братоў, на чале якіх стаіць іх бацька або старэйшы брат. Практыкуецца палігамія. Найлепшым лічыцца шлюб са стрыечнай сястрой па бацькоўскай лініі. Распаўсюджаны шлюбы з прадстаўнікамі суседніх народаў.
Нараджэнне сына вітаецца стрэламі ў паветра, святкуецца абрадавым забойствам авечак і застоллем. Існуюць звычаі абразання хлопчыкаў і першага галення валасоў (звычайна ва ўзросце 2 гадоў). Першыя менструальныя цыклы ў дзяўчынак суправаджаюцца звычаем патройных скокаў праз камні, што, па павер’і, зберагае іх ад доўгіх крывацёкаў[2].
Брагуі аб’яднаны ў плямёны, якімі кіруюць старэйшыны. Так, у Пакістане налічваецца 29 племянных аб’яднанняў, але толькі 8 лічацца першаснымі[3]. Акрамя таго, існуюць пастухоўскія аб’яднанні халк, калі некалькі сем’яў аб’ядноўваюць свае статкі разам пад апекай некалькіх прафесійных пастухоў. Такім чынам дарослыя сыны маюць магчымасць заставацца ў сем’ях і дапамагаць на палетках.
Паўсядзённая культура і вусная народная творчасць зведалі моцны ўплыў ісламу і ўплыў суседніх народаў. Распаўсюджаны гераічныя эпічныя паданні. Традыцыйныя віды спорту — конныя спаборніцтвы і стральба з луку.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова брагуі належыць да дравідыйскай сям’і моў, падзяляецца на шэраг дыялектаў. Пісьмовасць на аснове іранскага алфавіту і лацінкі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Вернікі спавядаюць іслам суніцкага кірунку.