Індакітай
Індакітай (тайск.: อินโดจีน, кхмер.: ឥណ្ឌូចិន, в’етн.: Đông Dương) — паўвостраў на паўднёвым усходзе Азіі плошчай каля 2 млн км², абмываецца з захаду Бенгальскім залівам і Андаманскім морам Індыйскага акіяна, Малакскім пралівам, на поўдні і ўсходзе — Паўднёва-Кітайскім морам і яго залівамі Сіямскім і Бакбо (Танкінскім). Паўночная мяжа паўвострава ўмоўна праводзіцца ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты ракі Хонгха. Паўднёвы ўскраек Індакітая паўднёвей пярэсмыка Кра ўтварае выцягнуты паўвостраў Малака.
Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На захадзе знаходзяцца Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на поўначы Шанскае нагор’е, у цэнтральнай частцы хр. Танентаўнджы, на ўсходзе горы Чыянгшон (Анамскія). Найбольшыя раўніны: Іравадзійская раўніна, Менамская, Камбаджыйская раўніна, плато Карат.
Тэрыторыя Iндакітая адносіцца да ўсходняй геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага гейсінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсходняй частцы масіву — дакембрыйскі фундамент. Большая частка масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пачатку юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. 3 гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеаген-плейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вуталю. У Iндакітаі сканцэнтраваны буйнейшыя радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш.
Клімат субэкватарыяльны мусонны, на паўвостраве Малака экватарыяльны. У раўніннай частцы паўвострава сярэдняя тэмпература не апускаецца ніжэй 20 °C, увесну і ўлетку паднімаецца да 28-30 °C. У гарах тэмпературы зніжаюцца да 15 °C у студзені і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на захадзе 2500-5000 мм, у цэнтральнай частцы 1300—2000 мм, на ўсходзе 2000 мм (пераважна зімой), на поўдні (паўвостраў Малака) больш за 2000 мм за год.
Найбуйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і возера Танлесап.
Натуральная расліннасць Індакітая прадстаўлена галоўным чынам вільготнымі трапічнымі лясамі. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільгогных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на поўначы і ва ўнутраных раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукровы трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутаны, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т.л. кракадзілы) і насякомыя.
Цалкам ці часткова на паўвостраве Індакітай размяшчаюцца дзяржавы Бангладэш, В’етнам, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма і Тайланд.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лаўрыновіч М. Індакітай // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Індакітай