Нэпал
Фэдэрацыйная Дэмакратычная Рэспубліка Нэпал सँघिय लोकतान्त्रीक गणतन्त्र नेपाल Saṃghiya Loktāntrīk Gaṇatantra Nepāl | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: जननि जन्मभुमिस्च स्वर्गादपि गरियेशि Ja'nani Jan'mabhumis'hchaa Svar'gadapi Gariyo'shi (санскрыт) | |||||
Дзяржаўны гімн: «Sayaun Thunga Phool Ka» | |||||
Афіцыйная мова | нэпальская | ||||
Сталіца | Катманду | ||||
Найбуйнейшы горад | Катманду | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Бідг’я Дэві Бгандары Шэр Багадур Дэўба | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
93-е месца ў сьвеце 147 181 км² 2,8 % | ||||
Насельніцтва • агульнае (2009) • шчыльнасьць |
40-е месца ў сьвеце 29 331 000 199,3/км² | ||||
СУП • агульны (2008) • на душу насельніцтва |
81-е месца ў сьвеце $31,634 млрд $1144 | ||||
Валюта | Рупія (NPR) | ||||
Часавы пас | NPT (UTC+5:45) | ||||
Незалежнасьць — Рэспубліка |
28 траўня 2008 | ||||
Аўтамабільны знак | NEP | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .np | ||||
Тэлефонны код | +977 | ||||
Фэдэрацыйная Дэмакратычная Рэспубліка Нэпа́л (Нэпа́л) — краіна ў паўночна-ўсходняй Азіі, якая мяжуе з 2 краінамі — Кітаем і Індыяй. Рэспубліка Нэпал разьмешчаная ў Азіі паміж 26° і 30° з. ш. і паміж 80° і 88° у. д.
Нэпал заціснуты паміж дзьвюма самымі населенымі краінамі сьвету. На поўнач ад яго знаходзіцца Тыбэт — аўтаномны рэгіён КНР, а на паўднёвай мяжы, з захаду на ўсход, Нэпал мяжуе з індыйскімі штатамі Утаранчал, Утар-Прадэш, Бігар, Заходняя Бэнгалія і Сікім. З поўначы Нэпал аблямоўвае Вялікі Гімалайскі хрыбет, знакаміты сваімі некалькімі вяршынямі вышэй за 8000 м, сярод якіх Эвэрэст/Джамалюнгма (8848 м) — самая высокая гара на Зямлі.
Самая нізкая кропка Нэпалу знаходзіцца на вышыні 70 м. Больш за 40 % тэрыторыі Нэпалу разьмешчана на вышыні больш за 3000 м, таму Нэпал зьяўляецца самай высакагорнай краінай сьвету.
Рэльеф Нэпалу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шэсьць сёмых тэрыторыі краіны занятыя хрыбтамі Гімалайскай горнай сыстэмы.
Уздоўж паўднёвай мяжы працягнулася самая нешырокая (20—40 км) паласа на вышынях 200—250 м над узроўнем мора. Гэта пяшчана-гліністыя цераі — паўночная ўскраіна Інда-Ганскай нізіны, асноўная частка якой належыць Індыі. Месцамі яны забалочаныя. Улетку ў выніку мусонных ліўняў невялікія рачулкі шырока разьліваюцца і адбываюцца паводкі.
З поўначы цераі замыкаюцца спадзіста-пагорыстай градой, якая называецца Сівалік — гэта перадгор’е Гімалаяў (500—700 м над узроўнем мора), ніжняя прыступка Гімалайскай горнай сыстэмы. Тутэйшы рэльеф ня мае рэзкіх формаў — нізкагор’і спадзістыя і моцна разьдзеленыя рэкамі. Паўночныя схілы Сіваліка парэзаныя штучнымі тэрасамі, што выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для земляробства.
На поўнач ад грады Сіваліка цягнецца вузкая дэпрэсія з пагорыстым рэльефам — так званыя Ўнутраныя цераі (па-нэпальску: Бхітры-Мадэш).
Яшчэ паўночней разьмяшчаецца сярэдняя прыступка Гімалаяў — сярэднягорны хрыбет Махабхарат, або Малыя Гімалаі, вышынёй да 3000 м і шырынёй да 16 км. Ён складзены цьвёрдымі пародамі, таму шматлікія схілы Махабхарата стромыя, вяршыні вышчэрбленыя. Яшчэ нядаўна тут абрывалася адзіная горная дарога зь Індыі ў Катманду, сталіцу Нэпалу.
Паміж Махабхаратам і Галоўным Гімалайскім хрыбтом разьмяшчаецца паніжэньне — унутраная сярэдняя вобласьць (Мідлэнд, або Пахар-Кханда). Шырыня яе прыкладна 25 км, вышыня — ад 600 да 2000 м. Тут сходзяцца рэкі, якія спускаюцца з Гімалаяў. У сярэдняй вобласьці знаходзіцца найбольш спрыяльная для сельскай гаспадаркі і самая населеная частка краіны — даліна Катманду плошчай каля 600 км².
На поўначы Пахар-Кханда прымыкае да Галоўнага Гімалайскага хрыбта, або Вялікіх Гімалаяў. Сярэдняя вышыня Вялікіх Гімалаяў — 6000 м. Па-нэпальску Гімалаі — Хімалай, што азначае «мясьціна снягоў». На тэрыторыі краіны сьнягамі пакрытыя больш за 1300 горных вяршыняў. У Нэпале знаходзяцца восем з 14 вяршыняў сьвет вышэйшых за 8000 м. Сярод іх самая высокая гара зямное кулі — Эвэрэст, або Джамалюнгма (па-нэпальску — Сагарматха) — 8848 м (на мяжы з КНР). Галоўны Гімалайскі хрыбет мае вострыя зубчастыя абрысы, а яго стромыя схілы маюць шмат глыбокіх цясьнінаў.
Ва ўсходняй частцы Нэпалу грэбень Галоўнага Гімалайскага хрыбта зьяўляецца дзяржаўнай мяжой з КНР, у заходняй жа палове мяжа з КНР праходзіць у некалькіх дзясятках кілямэтраў паўночней Галоўнага Гімалайскага хрыбта.
Прыродныя зоны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя Нэпалу па сваіх прыродна-геаграфічных асаблівасьцях падзяляецца на вышынныя пасы, што цягнуцца з захаду на ўсход уздоўж горнай сыстэмы Гімалаяў.
- Паўднёвы трапічны пас да вышыні 1900 м над узроўнем мора (цераі, Сівалік і ніжняя частка схілаў Махабхарата). Сярэдняя тэмпэратура ліпеня +27…30°, студзеня +15…17°. Улетку — частыя паводкі, узімку — засухі. Цераі раней былі пакрытыя трапічнымі джунглямі, але да нашых дзён шматлікія лясы зьнішчаныя, на іх месцы — ральля і пашы. Джунглі захаваліся ў падножжаў і на схілах Сіваліка, асабліва ва ўсходняй яго частцы.
- Субтрапічны горны пас (1200—1900 м). Пакрыты шырокалісьцевымі лясамі (дуб, каштан, клён, граб, ільм, а таксама магноліі, рададэндрон, камфаравае і лаўравае дрэвы, баньян, горны бамбук, архідэі).
- Горны ўмераны пас (1900—2800 м). Лісьцевыя лясы.
- Умерана халодны пас (3000—4000 м). Лісьцевыя дрэвы паступова выцясьняюцца іглічнымі (серабрыстая елка, блакітная хвоя, лістоўніца, дрэвападобны ядловец, гімалайскі кедр, вышэй — піхта).
- Альпійскія лугі (4000—5200 м).
- Ледзяная зона (вышэй 5200 м).
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У культурна-этнічным дачыненьні Нэпал уяўляе сабой сумесь каля сотні народнасьцяў і кастаў. Межы кастаў зазвычай празрыстыя, а прыналежнасьць да тых або іншых кастаў залежыць таксама ад пазыцыі назіральніка. Насельніцтва Нэпала размаўляе на сямідзесяці розных мовах і дыялектах.
Этнаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Народы Нэпалу належаць пераважна да сіна-тыбэцкай (тыбэта-бірманская група) і індаэўрапейскай моўных сем’яў. Нямала народнасьцяў — уцекачы, заваёўнікі або перасяленцы.
Так, народнасьць бахуны каля 1300 году ўцякла ў Нэпал з поўдня ад мусульманскага ўварваньня, а народнасьць шэрпы прыкладна 500 гадоў назад уцякла з поўначы ад манголаў. Паходжаньне некаторых этнічных груп невядомае, напрыклад нэвары або тхару.
Зьвесткі аб буйных народнасьцях Нэпала сабраныя ў наступнай табліцы:
Народнасьць | Адсотак насельніцтва | Асноўнае месца расьсяленьня | моўная група |
---|---|---|---|
Чхетры | 12,8 % | па ўсёй тэрыторыі | інда-эўрапейцы, тыбэта-бірманцы |
Горныя Бахуны | 12,7 % | па ўсёй тэрыторыі | інда-эўрапейцы |
Магары | 7,1 % | сярэдне-заходнія горы | тыбэта-бірманцы |
Тхару | 6,8 % | заходнія цераі | тыбэта-бірманцы |
Тамангі | 5,6 % | даліна Катманду і цэнтральныя горы | тыбэта-бірманцы |
Нэвары | 5,5 % | даліна Катманду | тыбэта-бірманцы |
Акрамя гэтага варта згадаць народнасьці гурунгі, шэрпы, лімбу і раі.
Для 49 % насельніцтва па перапісе 2001 году родная мова — нэпалі. Іншыя распаўсюджаныя мовы: Майтхілі (12,4 %), Бходжпуры (7,6 %), Тхару (5,9 %), Таманг (5,2 %), Нэвары (3,6 %) і Магары (3,4 %).
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле афіцыйных зьвестак, 90 % насельніцтва вызнаюць індуізм. Па незалежных ацэнках, фактычная колькасьць прыхільнікаў індуізму складае толькі 70 %, або нават менш. Падобнае разыходжаньне зьвязанае з тым, што існуе нямала народнасьцяў, якія, хоць фармальна абвяшчаюць аб сваёй прыналежнасьці да індуізму, але ў рэальнасьці практыкуюць анімізм або будызм. Нярэдка цяжка правесьці выразную мяжу, таму нельга казаць аб дакладнасьці ацэнак. Але, так ці інакш, індуізм дамінуе ў Нэпале. Нэпал — адзіная краіна ў сьвеце, дзе індуізм быў дзяржаўнай рэлігіяй да самага апошняга часу, але пасьля ўступленьня ў сілу 15 студзеня 2007 году часовай новай канстытуцыі індуізм больш не зьяўляецца дзяржаўнай рэлігіяй.
Прыкладна 11 % насельніцтва прылічаюць сябе да будыстаў, асабліва ў Каралеўстве Мустанг. Існуюць таксама меншасьці, якія вызнаюць іслам, кірант і прыналежныя да асобных анімістычных вераваньняў.
Хрысьціяне ня маюць права афіцыйна вызнаваць сваю веру. Нешматлікія хрысьціяне ўваходзяць у замкнутыя супольнасьці.
Касты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нэпальская каставая сыстэма разьвівалася раўналежна з індыйскай. Вядома, што гістарычны Буда Гаўтама Сідхарта (нарадзіўся ў 563 да н. э.) належаў да касты Кшатрыяў — касты ваяроў. Асабліва ўзрос індыйскі ўплыў у Нэпале падчас дынастыі Гупта (320—500); Нэпал тады меў статут «суседзкага каралеўства», аднак падпарадкаванага Самудрагупта.
Пазьней, з XX стагодзьдзя, шматлікія індуісты (а таксама шматлікія Брахманы) перасяляліся зь Індыі ў Нэпал, пераважна ўцякаючы ад арабскага ўварваньня і ўкараненьні іслама, асабліва з паўночна-ўсходняй Індыі. Пры гэтым уцекачы імкнуліся захаваць зыходную культуру і рытуалы.
Каб зразумець нэпальскія каставыя адносіны, трэба памятаць пра існаваньне розных каставых сыстэмаў.
Каста недатыкальных складае ў Нэпале каля 7 адсоткаў насельніцтва.
Індуісты-нэвары, што засяляюць выключна даліну Катманду, выкарыстоўваюць сваю каставую сыстэму, часткова перанятую ад нэвараў-будыстаў. Аднак каставая сыстэма ў абшчынах нэвары ня мае такога значэньня, як у іншых народаў.
Меркаваньне большасьці з нагоды каставай сыстэмы
Большасьць, у якую ўваходзяць лібэральныя бахуны і чхетры і народы без уласных каставых сыстэмаў, разглядаюць наступную герархію, важную для рэлігійных рытуалаў:
- chokho jaat (Чыстыя касты) / pani nachalne jaat (Недатыкальныя касты)
На практыцы здараецца, што прыналежнасьць да кастаў зьвязваюць з матэрыяльным дабрабытам, гэта значыць бедных прылічаюць да недатыкальных, а багатых — да вышэйшых кастаў. Гэта прыводзіць да таго, што замежнікі эўрапейскага паходжаньня, якія ня ёсьць індуістамі, і павінны таму прылічацца да недатыкальных, прылічаюцца да вышэйшых кастаў, аднак, калі ідзецца аб адносінах, зьвязаных з рытуальнымі дзеяньнямі, зь імі абыходзяцца як зь недатыкальнымі. У прыватнасьці, гаворка ідзе аб рытуалах, зьвязаных з вадой і гатаваньнем рысу.
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нэпал падзелены на 14 зонаў і 75 раёнаў, згрупаваных у пяць акругаў.
№ | Зона | Цэнтар | Плошча, км² | Насельніцтва (2001), чал. |
---|---|---|---|---|
1 | Багмаці | Катманду | 9428 | 3 008 487 |
2 | Бхеры | Нэпалгандж | 10 545 | 1 417 085 |
3 | Гандакі | Покхара | 12 275 | 1 487 954 |
4 | Джанакпур | Сіндхулімады | 9669 | 2 557 004 |
5 | Дхавалагіры | Баглунг | 8148 | 556 191 |
6 | Карналі | Джумла | 21 351 | 309 084 |
7 | Касі | Дхаран | 9669 | 2 110 664 |
8 | Лумбіні | Бутвал | 8975 | 2 526 868 |
9 | Махакалі | Махендранагар | 6989 | 860 475 |
10 | Мячы | Ілам | 8196 | 1 307 669 |
11 | Нараяні | Хетаўда | 8313 | 2 466 138 |
12 | Рапці | Тулсіпур | 10 482 | 1 286 806 |
13 | Сагарматха | Раджбірадж | 10 591 | 1 926 143 |
14 | Сетхі | Дхангадхі | 12 550 | 1 330 855 |
Гарады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значную частку насельніцтва Нэпалу складаюць сяляне, якія пражываюць у горах і сельскай мясцовасьці. Гарадзкое насельніцтва Нэпалу складае толькі 14 %, доля гарадзкога насельніцтва сярод самых нізкіх у сьвеце. У апошнія гады колькасьць гарадзкіх жыхароў стала расьці, прыкладна на 3,5 % у год.
Да пачатку 1990-х гадоў Нэпал кіраваўся выключна з цэнтру. Па меры разьвіцьця дэмакратыі і дэцэнтралізацыі камуны атрымалі самакіраваньне.
Ва ўсіх гарадах за выключэньнем Катманду адсутнічаюць рэсурсы, таму актывізацыя мясцовага самакіраваньня ёсьць праблематычнай справай.
У залежнасьці ад эканамічнага стану, існуюць тры ўзроўні самакіраваньня камунаў. У найвышэйшай кампэтэнцыі ляжыць Maha-Nagarpalika, да гэтай катэгорыі належыць толькі Катманду. Наступны ўзровень — Up-Maha-Nagarpalika, да якой належаць такія гарады, як Лалітпур або Похара; на ніжнім узроўні знаходзіцца Nagarpalika.
Тры самыя буйныя месты знаходзяцца ў горах, але большасьць камунаў знаходзяцца ў цераях. Астатнія камуны ў горах групуюцца вакол невялікіх горных гарадоў, якія за кошт уключэньня ў сваю рысу бліжэйшых вёсак маюць насельніцтва 20 000 чалавек.
Значная частка насельніцтва Нэпала засяроджаная на поўдні, унізе, на мяжы зь Індыяй, у цераях. Дзеля таго, што ў гэтай зоне шмат роўнай зямлі, менавіта тамака вырастаюць новыя гарады і паселішчы.
У даліне Катманду разьмешчаны канглямэрат Катманду-Лалітпур (Патан), непадалёку яшчэ адзін меншы горад Бхактапур, а вакол невялікія гарады, якія таксама нясуць традыцыйную нэварскую культуру — Цімі, Кірціпур, і ў невялікім аддаленьні Банэпа, Дулікель і Панаўці. У цэлым даліна населеная вельмі бязладна і шчыльна, агульнае насельніцтва даліны складае больш за паўтары мільёна чалавек.
Другі па населенасьці горны канглямэрат, насельніцтва якога стала расьце — гэта даліна Похара з гарадамі Похара і Лекнат, насельніцтва якіх ужо перасягнула дзьвесьце тысячаў.
Акрамя гэтых дзьвюх далінаў, у горах існуе яшчэ нямала гарадоў паменш, вось іх пералік (з усходу на захад):
Ілам, Дханкута, Бхімэсвар, Тансэн, Путалібазар, Трыбхуванагар, Тулсіпур, Birendranagar і Дыпаял-Сілгадхі. У зоне тэраяў знаходзяцца наступныя буйнейшыя гарады (з усходу на захад): Мэхінагар, Біратнагар, Дхаран, Ітахары, Раджбірадж, Трыюга, Джанакпур, Біргандж, Хетаўда, Бхаратпур, Рамгар, Бутвал, Сідхартханагар, Нэпалгандж, Гуларыя, Цікапур, Дхангадхі і Махендранагар.
Варта мець на ўвазе, што ў апошні час многія гарады памянялі назвы. Так, знакаміты горад Горкха афіцыйна называецца Прытхівінараян, а стары горад-каралеўства Патан стаў афіцыйна звацца Лалітпур. Старымі імёнамі працягваюць актыўна карыстацца.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некалі даліна Катманду ляжала на дне велізарнага горнага возера. Пасьля землятрусу вада возера сышла (па легендзе — бадхісатва Манджушры расьсёк ваду магічным мячом, па іншай легендзе гэта быў Крышна, які з дапамогай кія стварыў Чабарскую цясьніну, празь якую сышла вада), і даліна была заселеная шматлікімі людзьмі з ваколіцаў, што ўтварылі народ нэвары. Даліна адрозьнівалася высокай урадлівасьцю, а насельніцтва — здольнасьцямі ў мастацтве і рамёствах, і стала знакамітая ва ўсёй усходняй Азіі.
Яшчэ да нашай эры ў Нэпал прыйшоў будызм, і Нэпал зьяўляўся апорай будызму ва ўсім гімалайскім рэгіёне, а таксама важным перавалачным пунктам на гандлёвых шляхах паміж Індыяй, Тыбэтам і Кітаем.
Росквіт Нэпала меў месца за часы нэварскай дынастыі Мала, якая пакінула найбольш прыкметны сьлед у гісторыі Нэпалу ў выглядзе яшчэ існуючых пышных архітэктурных помнікаў, якія ў значнай ступені сфармавалі аблічча краіны ў вачах астатняга сьвету. Эпоха кіраваньня Мала лічыцца «Залатой эрай».
У 1768 кароль царства Горкха Прытві Нараян Шах заваяваў даліну Катманду і перанёс сваю сталіцу ў места Катманду. Такім чынам быў пакладзены пачатак кіраваньню ў Нэпале дынастыі Шах, якое працягваецца па прамой лініі дагэтуль.
15 верасьня 1846 змоўшчыкі на чале з Джанг Бахадурам — маладым амбітным і лютым арыстакратам з касты Чхетры на захадзе Нэпала — зьдзейсьнілі крывавы палацавы пераварот, названы «Разьнёй у Кот».
На працягу больш чым стагодзьдзя дынастыя прэм’ер-міністраў Рана кіравала краінай, і хоць гэты час характарызуецца ізаляцыяй краіны і стагнацыяй амаль ва ўсіх абласьцях жыцьця, Нэпал здолеў захаваць сваю незалежнасьць у той час, як эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы падпарадкавалі сабе практычна ўвесь сьвет.
У канцы 1950 году кароль Трыбхуван пакінуў свой палац, схаваўшыся ў пасольстве Індыі, адкуль ён пасьля ўцёк у Індыю. У гэты час прыхільнікі БП Койралы захапілі ўладу ў большай частцы тэраяў і сфармавалі Часовы ўрад у памежным зь Індыяй мястэчку Бірганж. У Нэпале пачаліся сутыкненьні прыхільнікаў ННК і дынастыі Рана, падчас якіх ніводная сіла не дасягнула вырашальнай перавагі. Тады ўмяшалася Індыя, і прапанаваны ёю плян урэгуляваньня быў прыняты абодвума бакамі. У адпаведнасьці з гэтым плянам, кароль Трыбхуван вярнуўся ў сталіцу ў 1951 і сфармаваў новы ўрад, які ўключыў як прыхільнікаў Рана, так і прадстаўнікоў ННК. Зь векавой ізаляцыяй краіны было пакончана, Нэпал усталяваў адносіны з шматлікімі дзяржавамі сьвету.
У 1955 кароль Трыбхуван памёр (яго іменем названы, у прыватнасьці, сталічны аэрапорт), і на пасад уступіў яго сын Махендра. Ён абвесьціў новую канстытуцыю, у адпаведнасьці зь якой у 1959 у Нэпале ўсталёўвалася парлямэнцкая сыстэма. У 1972 кароль Махендра памёр, і на пасад уступіў яго сын Бірэндра, што атрымаў бліскучую адукацыю ў Ітане і Гарвардзе. 17 студзеня 1987 году ў Катманду запрацавала Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы[1].
Разам з тым, насельніцтва, якое ў большасьці сваёй чакала неадкладнага паляпшэньня жыцьця пасьля ўвядзеньня дэмакратыі, хутка расчаравалася ў кіруючай партыі, у краіне ізноў пачаліся масавыя беспарадкі, і ўрад быў вымушаны прызначыць датэрміновыя выбары ў 1994 годзе. На гэтых выбарах перамогу атрымала Аб’яднаная Камуністычная партыя (марксісцка-ленінская) пад кіраўніцтвам Ман Мохан Адхікары. Узьнікла ўнікальная палітычная сытуацыя: камуністычны ўрад пры тэакратычнай манархіі (Нэпал — адзіная тады краіна, дзе індуізм быў абвешчаны дзяржаўнай рэлігіяй). Аднак, гэтая сытуацыя існавала нядоўга: ужо ў верасьні 1995 урад камуністаў атрымаў вотум недаверу і змушаны быў сыйсьці ў адстаўку, і да ўлады прыйшла трохпартыйная кааліцыя з ННК, правай партыі Растрыя Праджатантра і праіндыйскай партыі Нэпал Сабдхавана.
Сучасны Нэпал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1996 году мааісцкая апазыцыя Нэпалу прыступіла да актыўных дзеяньняў, і ў Нэпале пачалася грамадзянская вайна. Урад ня даў рады з ростам эканамічных праблемаў, высокай карупцыяй службоўцаў, і час ад часу краіна скаланалася ад крызісаў, зьвязаных з разрухай і голадам на аддаленых тэрыторыях. Высокі наплыў замежных турыстаў, які меў месца ў сярэдзіне 1990-х гадоў, стаў скарачацца, і да 2005 году зьменшыўся ў дзесяць разоў, што яшчэ больш ударыла па эканоміцы Нэпалу.
1 чэрвеня 2001 году спадчынны прынц Дыпэндра на традыцыйным абедзе, прысьвечаным сустрэчы ўсёй каралеўскай сям’і, расстраляў усіх прысутных, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым загінуў кароль Бірэндра і амаль усе чальцы каралеўскай сям’і. На трон уступіў яго дзядзька Г’янэндра.
Спрабуючы стабілізаваць становішча, Г’янэндра пайшоў на шэраг непапулярных захадаў, да забароны палітычных партыяў і роспуску ўраду, перамяжоўваючы актыўныя ваенныя дзеяньні супраць мааістаў зь перамовамі. У той самы час мааісты ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі Нэпалу, тады як урадавыя войскі ўтрымлівалі даліну Катманду, навакольлі Покхары, найбольш населеную частку тэраяў і раёны асноўных турысцкіх маршрутаў у навакольлях Эвэрэсту і Анапурны.
У 2005 годзе кароль фактычна распусьціў парлямэнт.
Выступаючы супраць аўтарытарных захадаў з боку караля, кіруючыя палітычныя партыі ўступілі ў хаўрус з мааістамі. 11 ліпеня 2006 году парлямэнт Нэпалу пазбавіў караля Г’янэндру права накладваць вэта на законы і законапраекты. За месяц да гэтага дэпутаты аднадушна адабралі ў караля пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам, пазбавілі імунітэту (з гэтага часу яго можна аддаць пад суд), а таксама абавязалі плаціць падаткі. Акрамя таго, дэпутаты пастанавілі з гэтага часу лічыць Нэпал — адзінае ў міры цалкам індуісцкае каралеўства — «сьвецкай дзяржавай», адабраўшы такім чынам у Г’янендры тытул інкарнацыі Вішну. Быў сфармаваны кааліцыйны ўрад.
21 лістапада 2006 году ўрад зь сямі партыяў заключыў мір з мааістамі, абвесьціўшы аб завяршэньні грамадзянскай вайны. Па ўмовах гэтай угоды мааісты пагадзіліся скласьці зброю. За гэта прэм’ер-міністар Гірыджа Прасад Койрала, яі ў траўні 2006 году стаў кіраўніком краіны, паабяцаў аддаць мааістам 73 з 330 дэпутацкіх месцаў у новым парлямэнце.
14 студзеня 2007 году парлямэнт прыняў часовую канстытуцыю, па якой кароль пазбаўляецца статусу ачольніка дзяржавы і ўладныя функцыі перадаюцца прэм’ер-міністру. Пры гэтым мааісты дамагліся павелічэньні прадстаўніцтва ў парлямэнце да 83 месцаў, сталі самай буйной апазыцыйнай партыяй і атрымалі месцы ў кабінэце міністраў[2]. Нэпальскі нацыянальны кангрэс на чале з прэм’ер-міністрам атрымаў 85 месцаў.
Былі прызначаныя выбары ў Канстытуцыйную асамблею. Адначасова на поўначы Нэпалу ўзброеныя атрады мааістаў пачалі здаваць зброю ў адмысловыя сховішчы, якія будуць кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі. Прыём зброі ажыцьцяўляе адмысловая камісія з супрацоўнікаў ААН і вэтэранаў брытанскіх каляніяльных войскаў зь ліку нэпальскіх горцаў-гуркхаў.
Пазьней аднак выбары былі перанесены на больш позьні тэрмін.
28 сьнежня 2007 году часовы парлямэнт абвесьціў Нэпал дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікай[3]. Рашэньне падлягае зацьвярджэньню Канстытуцыйнай асамблеяй пасьля выбараў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аснова нэпальскай эканомікі — турызм, унутраны гандаль, сельская гаспадарка. На поўдні краіны існуюць мясцовыя прадпрыемствы індыйскіх прамысловых кампаніяў.
Грашовая адзінка — нэпальская рупія. Курс рупіі складае прыкладна 70 рупіяў за адзін даляр ЗША. Абмен валюты — вольны. Грошы можна абмяняць як у банках, так і ў шматлікіх абменных пунктах.
-
Kathmandu
-
Budhanilkantha
-
Bhaktapur
-
Patan
-
Himalaya
-
Mustang
-
Тэрасы
-
транспарт
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 12 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20070927033814/http://www.vzglyad.ru/news/2007/1/14/64357.html
- ^ https://web.archive.org/web/20071230030644/http://www.kantipuronline.com/kolnews.php?&nid=132620
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нэпал — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў