Латвэнэрга
«Латвэнэрга» | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 22 сьнежня 1939 (84 гады таму) |
Заснавальнікі | Карліс Улманіс |
Уласьнікі | Ministry of Economics[d] |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Рыга (Латвія) |
Ключавыя фігуры | Арыс Жыгурс, Андрыс Азалінш |
Галіна | энэргетыка |
Прадукцыя | цяпло, электраэнэргія |
Абарачэньне | ▲932 млн эўра (2016 г.) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲161 млн эўра (2016 г.) |
Чысты прыбытак | ▲131 млн эўра (2016 г.)[2] |
Лік супрацоўнікаў | 4131 (2017 г.) |
Матчына кампанія | Міністэрства эканомікі Латвіі |
Даччыныя кампаніі | ТАА «Ліепайская энэргія» (51%), «Электрум Летувы», «Электрум Эстоніі» |
Аўдытар | ТАА «Эрнст і Янг Балтыі» (Рыга)[3] |
«Латвэнэрга»[4] (лат. Latvenergo) — дзяржаўнае энэргетычнае прадпрыемства Латвіі, заснаванае ў сьнежні 1939 году ў Рызе. Галаўное прадпрыемства месьціцца ў Рызе па вул. Пулквежа Брыежа, д. 12. За 2016 год прадпрыемства прадало 7580 гігават·гадзіна электраэнэргіі, зь якіх вырабіла 4707 гігават·гадзіна (62%), і 2675 гігават·гадзіна цеплаэнэргіі. Пакупнікамі выступілі 855 тысячаў гаспадарак, якія складалі 30% рынка ў краінах Балтыі. Пагатоў усталяваная электрычная магутнасьць «Латвэнэрга» складала 3564 мэгават, цеплавая — 1842 мэгават. На прадпрыемства прыпала 90% вытворчасьці электраэнэргіі ў Латвіі, якой забясьпечылі звыш паловы патрэбаў краіны.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 год «Латвэнэрга» улучала:
- 3 гідраэлектрастанцыі на Дзьвіне, якія ў 2015 годзе вырабілі 1805 гігават·гадзіна электраэнэргіі (47% вытворчасьці прадпрыемства) — Плявінская (з 1965 г.; 1022 гігават·гадзіна пры магутнасьці 893,5 мэгават), Кегумская (з 1939 г.; 350 гігават·гадзіна пры магутнасьці 264 мэгават) і Рыская (з 1974 г.; 433 гігават·гадзіна пры магутнасьці 402 мэгават);
- 2 цеплаэлектрастанцыі (ЦЭС) ў Рызе, якія ў 2015 годзе вырабілі вырабілі 2025 гігават·гадзіна электраэнэргіі (52% вытворчасьці прадпрыемства) і 2175 гігават·гадзіна цяпла — Рыская цеплаэлектрацэнтраль-1 (Рыская ЦЭЦ-1; з 1960 г., 2 газавыя турбіны, 1 паравая турбіна і 3 воданагравальныя катлы) мела 144 мэгават электрычнай магутнасьці і 493 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці ды вырабіла ў 2015 г. 464 гігават·гадзіна электраэнэргіі і 978 гігават·гадзіна цяпла, Рыская ЦЭЦ-2 (з 1973 г.; 2 газавыя турбіны і 5 воданагравальных катлоў) мела 832 мэгават электрычнай магутнасьці і 1124 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці ды вырабіла ў 2015 г. 1561 гігават·гадзіна электраэнэргіі і 1197 гігават·гадзіна цяпла[5];
- ТАА «Ліепайская энэргія» (51% акцыяў) мела 223 мэгават·гадзіна цеплавой магутнасьці, у тым ліку 40 мэгават·гадзіна ад спаленьня драўняных трэсак, і 6 мэгават электрычнай магутнасьці — у 2015 г. вырабіла 229 мэгават·гадзіна цяпла і 48 мэгават·гадзіна электраэнэргіі;
- малыя станцыі — 2 электрастанцыі, Айнаская ветравая (1 мэгават) і Айвексцкая ГЭС (0,8 мэгават), якія ў 2015 г. далі 3 гігават·гадзіна электраэнэргіі (0,1%), і Кегумскі воданагравальны кацёл на драўняных трэсках (4 мэгават цяпла), які ў 2015 г. даў 4 гігават·гадзіна цяпла.
У лік даччыных прадпрыемстваў АТ «Латвэнэрга» ўваходзілі:
- АТ «Разьмеркавальныя сеткі», АТ «Латвійскія электрычныя сеткі»;
- ТАА «Электрум Латвіі», ТАА «Электрум Летувы» і АТ «Электрум Эстоніі»;
- АТ «Грамадзкі гандляр энэргіяй»;
- ТАА «Ліепайская энэргія» (51%)[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]22 сьнежня 1939 году прэзыдэнт Латвіі Карліс Улманіс (1936—1940) падпісаў пастанову аб заснаваньні дзяржаўнага электрычнага прадпрыемства «Кегумс» на аснове пушчанай у кастрычніку Кегумскай гідраэлектрастацыі (ГЭС) на Дзьвіне. У 1940 годзе Кегумская ГЭС вырабіла 77% электраэнэргіі ў Латвіі. Адначасна правялі электрычнасьць у больш як 6000 сялянскіх гаспадарак. У пачатку 1941 году ў Латвійскай ССР прадпрыемства пераўтварылі ў Кіраўніцтва энэргетычнымі прадпрыемствамі «Латэнэрга» пры Народным камісарыяце мясцовай прамысловасьці ЛССР. У 2-й палове 1941 г., падчас Нямецка-савецкай вайны, нямецкія акупацыйныя ўлады ўтварылі Ўсходнезямельнае таварыства пастаўкі энэргіі. Цягам 1943 году пабудавалі Броцэнскую падстанцыю і электралінію Елгава-Ліепая напругай 88 кілявольт. У 1946 г. аднавілі Рыскую электрастанцыю на Андрэеўскай высьпе.
У 1955 годзе запусьцілі Рыскую цеплаэлектрацэнтраль-1 (ЦЭЦ-1), 2-ю чаргу якой закончылі ў 1959 годзе з давядзеньнем электрычнай магутнасьці да 129 мэгават. У 1960 г. лініі электраперадачаў на 88 кілявольт перабудавалі на напругу ў 110 кілявольт. У 1961 годзе ў Рызе адчынілі Аб’яднанае дыспэтчарскае кіраўніцтва паўночна-заходняй энэргасыстэмай СССР. У 1963 г. да адзінай электрасетк Латвійскай ССР падлучылі ўсе цэнтры сельсаветаў, калгаспаў і саўгаспаў. У 1965 годзе запусьцілі першыя 5 гідраагрэгатаў Плявінскай ГЭС (Айзкраўкльскі край) на Дзьвіне, якая дасягнула задуманай магутнасьці ў 825 мэгават у 1966 годзе з 10 гідраагрэгатамі. У лістападзе 1974 г. запусьцілі 1-ы гідраагрэгат Рыскай ГЭС, магутнасьць якой у 1979 г. давялі да 402 мэгават[7].
У 1979 г. на поўную магутнасьць у 390 мэгават запусьцілі Рыскую ЦЭЦ-2. Адначасна запрацавала Кегумскуя ГЭС-2 магутнасьцю 192 мэгават. У 1989 г. стварылі вытворчае аб’яднаньне «Латвэнэрга». У 1992 годзе ў Рызе адчынілі ўзгадняльны дыспэтчарскі асяродак Аб’яднаньня энэргетычных сыстэмаў краінаў Балтыі. У 1993 г. «Латвэнэрга» прынялі ў Міжнародную раду вялікіх электрасетак (Парыж, Францыя). На той час «Латвэнэрга» налічвала 118 падстанцыяў высокай напругі і валодала электрасеткай даўжынёй звыш 94 000 км. У 1994 г. «Латвэнэрга» ўступіла ў Міжнародны зьвяз вытворцаў і разьмеркавальнікаў электраэнэргіі (МЗВРЭ; Парыж). У 1996 г. сярэднюю напругу электрасеткі ў Рызе пераключылі з 6 кілявольт на 10 кілявольт. У 2005 г. стварылі даччынае прадпрыемства «Сетка высокай напругі». У 2007 годзе ў Эстоніі, а ў 2008 годзе ў Летува адчынілі даччыныя ТАА «Латвэнэрга Гандаль».
У 2009 г. адчынілі 1-ы перабудаваны энэргаблёк Рыскай ЦЭЦ-2, магутнасьць якой вырасла да 662 мэгават электраэнэргіі і 1347 мэгават·гадзіна цяпла. У 2011 г. прадалі звыш 7 тэрават·гадзіна электраэнэргіі, зь якіх 57% вырабілі з узнаўляльных крыніцаў. У 2012 г. дзель на рынках краінаў Балтыі склала 32%.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гунарс Коэмэкс (да 1995 г.)
- Эдгарс Бірканс (1995—1997)
- Валдзіс Гінтэрс (1997—2000)
- Карліс Мікельсонс (2000—2010)
- Арыс Жыгурс (з 2010 г.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://search.gleif.org/#/search/fulltextFilterId=LEIREC_FULLTEXT&simpleFilters%5Bentity.addresses.country%5D=LV — Global Legal Entity Identifier Foundation.
- ^ Паказьнікі выніковасьці (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
- ^ Справаздача АТ «Латвэнэрга» за 2016 год (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 18 красавіка 2017 г. Праверана 15 траўня 2017 г.
- ^ З 1 лютага Беларусь адмовілася ад расейскай электраэнэргіі // Радыё «Свабода», 2 лютага 2004 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
- ^ Рыскія цеплаэлектрастанцыі (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
- ^ Арганізацыйная будова кіраваньня канцэрнам «Латвэнэрга» (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
- ^ Мінуўшчына (лат.) // АТ «Латвэнэрга», 2017 г. Праверана 12 траўня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |