Дывіна Галіца
Дыві́на Мэ́ры Галі́ца MBE (па-ангельску: Divina Mary Galica; нар. 13 жніўня 1944, Бушы Гіт, Гэртфардшыр, Ангельшчына, Вялікабрытанія) — брытанская спартовая лыжніца і аўтагоначніца. Адна зь пяці жанчынаў, якія бралі ўдзел у чэмпіянатах сьвету Формулы-1.
Дывіна Галіца | |
Divina Galica MBE | |
Нарадзілася | 13 жніўня 1944 (80 гадоў) |
---|---|
Кар’ера ў Формуле-1 | |
Грамадзянства | |
Гады дзейнасьці | 1976, 1978 |
Каманды | Сэртыс, Гэскет |
Удзелаў | 3 (0 стартаў) |
Чэмпіёнстваў | 0 |
Перамогаў | 0 |
П’едэсталаў | 0 |
Пунктаў | 0 |
Стартавых лідэрстваў | 0 |
Найхутчэйшых колаў | 0 |
Першая гонка | Гран-пры Вялікабрытаніі 1976 году |
Апошняя гонка | Гран-пры Бразыліі 1978 году |
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 19-гадовым веку ўпершыню выступіла на Алімпійскіх гульнях 1964 року ў Інсбруку, дзе спаборнічала ў гарналыжным спорце і слаламе. Брала ўдзел і ў дзьвюх наступных Алімпіядах у Грэноблі ды Сапара. Абодва разы была капітанкай жаночай алімпійскай каманды Вялікабрытаніі і трапляла ў дзясятку ў гіганцкім слаламе. Усталявала жаночы рэкорд Вялікабрытаніі паводле хуткасьці спуску (201 км/г).
У 1974 року была запрошаная як знакамітая асоба паўдзельнічаць у аўтагонках, дзе ўсіх нечакана зьдзівіла сваім талентам. Тады вырашыла ўдзельнічаць у спартовых гонках, пачаўшы ад картынгу, перайшоўшы пасьля ў Формулу-2.
У Формуле-1 была прынятая ў каманду «Сэртыс» пад «нешчасьлівым» нумарам 13, які не выкарыстоўваўся 13 гадоў. На сваёй першай гонцы ў Вялікабрытаніі ня здолела прайсьці кваліфікацыю. Аднак дзякуючы свайму выступу ўвайшла ў склад сямі гоначнікаў Формулы-1, якія бралі ўдзел і ў Алімпіядах.
У 1977 року Дывіна Галіца заняла некалькі прызавых месцаў у брытанскай сэрыі Формулы Лібрэ. На 1978 рок атрымала прапанову выступіць у Формуле-1 за каманду «Гэскет». Ня здолеўшы кваліфікавацца ў дзьвюх першых гонках, Галіца вярнулася ў брытанскую Формулу, дзе заняла 2-е месца ў Зандворце.
У 1980 року Галіца перайшла ў клясу спартовых аўтамабіляў, дзе некалькі разоў трапляла ў дзясятку найлепшых гоначнікаў, а таксама на грузавыя аўтамабілі. Па сканчэньні гоначнай кар’еры ўладкавалася інструктаркай спартовага кіраваньня ў гоначнай камандзе «Скіп Барбэр Рэйсінг», дайшоўшы ў ёй да пасады віцэ-прэзыдэнткі.
Яшчэ раз паўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях 1992 року ў хуткасных лыжах.
У 2005 перайшла на пасаду дырэктара ў iRacing.com, якая займаецца распрацоўкай гоначных сымулятараў. З 2018 працавала інструктаркай кіраваньня ў аўташколе.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Профіль (анг.) на бачыне Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту
- Профіль (анг.) на бачыне Ski Database