Грабніца антыпапы Яна XXIII

Помнік
Грабніца антыпапы Яна XXIII
італ. Monumento funebre dell'antipapa Giovanni XXIII
2005 г.
2005 г.
Краіна Італія
Горад Флярэнцыя
Адрас Саборная плошча(en)
Каардынаты 43°46′23″ пн. ш. 11°15′18″ у. д. / 43.77306° пн. ш. 11.255° у. д. / 43.77306; 11.255Каардынаты: 43°46′23″ пн. ш. 11°15′18″ у. д. / 43.77306° пн. ш. 11.255° у. д. / 43.77306; 11.255
Канфэсія Каталіцкае хрысьціянства
Эпархія Флярэнтыйская(en) 
Тып будынка Хрысьцільня(en)
Архітэктурны стыль Раманскі
Аўтар праекту Данатэльлё Бардзі, Мікелёцьцё Мікелёцьці(en)
Будаўнік Артэ дзі Калімала(en)
Заснавальнік Джавані дзі Бічы дэ Мэдычы(en)
Першае згадваньне Верасень 1428
Дата заснаваньня Верасень 1428
Будаваньне 22 сьнежня 1419—верасень 1428
Прыбудоўкі Баптыстэры Сьвятога Яна
Статус Італьянская нацыянальная спадчына[d]
Стан Дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Грабніца антыпапы Яна XXIII на мапе Італіі
Грабніца антыпапы Яна XXIII
Грабніца антыпапы Яна XXIII
Грабніца антыпапы Яна XXIII
Грабніца антыпапы Яна XXIII на Вікісховішчы

Грабні́ца антыпа́пы Я́на XXIII — надмагільны помнік з бронзы і мармуру, створаны Данатэльлё і Мікелёцьцё, які знаходзіцца ў баптыстэрыі сабору Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ (Дуома), дзе пахаваны антыпапа Ян XXIII (Бальтазар Коса, каля 1360—1419). Яе збудаваньне было замоўленае душапрыказчыкамі Яна неўзабаве пасьля ягонага скананьня 22 сьнежня 1419 году і завершанае ў 1420-я гады; такім чынам, яна стала вяхой у гісторыі раньняга Рэнэсансу ў Флярэнцыі. Паводле Фэрдынанда Грыгаравіюса, грабніца ўяўляе сабой «адначасова магілу Вялікай схізмы ў Царкве і апошнюю грабніцу Папы па-за межамі Рыму»[1].

У свой час Ян быў цесна зьвязаны з Флярэнцыяй, якая лічыла яго законным пантыфікам падчас Вялікай схізмы. Існуе меркаваньне, што пахаваньне ў флярэнтыйскім баптыстэрыі было спробай надаць легітымнасьць яго пантыфікату, зьвязаўшы яго з ушанаваным сьвятым месцам[2]. Выкарыстаньне папскай сымболікі ў надмагільлі, як і сама сувязь Флярэнцыі з Косай, былі вытлумачаныя як абраза выбранага на Канстанцкім саборы Марціна V[2] і спроба падняць аўтарытэт Мэдычы, а сама грабніца была прызнаная непрыстойнай для грамадзяніна Флярэнцыі[3].

У афармленьні грабніцы скарыстаныя стаячыя ў нішах статуі трох хрысьціянскіх дабрадзейнасьцяў (Веры, Надзеі і Любові), фамільны герб Косы, а таксама бронзавая пазалочаная фігура, якая ляжыць на саркафагу, які, у сваю чаргу, стаіць на кансолях; над ёй знаходзіцца выява Мадонны зь немаўлём у паўмесяцы, а ўсю кампазыцыю ахінае балдахін. На момант завяршэньня гэта было самае высокае скульптурнае збудаваньне ў Флярэнцыі[4] і адно зь нешматлікіх пахаваньняў, разьмешчаных у баптыстэрыі ці саборы, які знаходзіцца па суседзтве[5]. Гэта была таксама першая зь некалькіх сумесных працаў Данатэльлё і Мікелёцьцё, і прыналежнасьць разцу таго ці іншага некаторых элемэнтаў грабніцы ў свой час была прадметам дыскусій у асяродзьдзі мастацтвазнаўцаў.

Антыпапа Ян XXIII

рэдагаваць
 
Антыпапа Ян XXIII

Жыцьцё антыпапы Яна XXIII, у значнай ступені зьвязанае з Флярэнцыяй, было багатае падзеямі, і пакінутай ім спадчыне цяжка даць адназначную адзнаку. Бальтазар Коса быў па паходжаньні нэапалітанскім арыстакратам; сваю маладосьць ён правёў у Балёньні. У 1396 годзе Папа Баніфацыюс IX перадаў у яго кіраваньне архідыяцэзію Балёньня, а ў 1406 годзе зрабіў яго кардыналам. Пасьля Пізанскага сабору 1409 году Коса ўзначаліў рух супраць Папы Рыгора XII, які адмовіўся скласьці зь сябе сан. Коса быў пазбаўлены сану кардынала, але выбраны саборам антыпапа Аляксандар V вярнуў яму гэту пасаду[6].

Пасьля сьмерці Аляксандра V у 1410 годзе Коса быў выбраны яго пасьлядоўнікамі новым Папам. Яго прызналі як Папу Францыя, Ангельшчына, Багемія, Партугалія, некаторыя часткі Сьвятой Рымскай імпэрыі і некаторыя гарады Паўночнай Італіі, у тым ліку Флярэнцыя і Вэнэцыя. Авіньёнскага Папу Бэнэдыкта XIII прызнавалі Арагон, Кастылія і Шатляндыя. Рыгора XII падтрымалі Ўладзіслаў Нэапалітанскі, Карла I Малатэста, князі Баварыі, пфальцграф Людвіг III, некаторыя рэгіёны Нямеччыны і Польшчы[7].

 
Папа Марцін V, выбраны Канстанцкім саборам, які зрынуў Яна XXIII

Пасьля таго, як у 1413 годзе Ўладзіслаў Нэапалітанскі ўзяў Рым, Ян XIII сьпешна бег у Флярэнцыю. Імпэратар Жыгімонт вымусіў яго ў 1414 годзе склікаць Канстанцкі сабор, адкуль ён зьбег у 1415, убачыўшы рэальную пагрозу свайму пантыфікату, а можа быць, і жыцьцю. Хоць ён чакаў, што ягонае зьнікненьне разладзіць працу сабору, удзельнікаў якога ён заклікаў далучыцца да яго пад абаронай Фрыдрыха IV Аўстрыйскага, сабор працягваў працу ў Канстанцы. Калі Ян XXIII паспрабаваў дасягнуць земляў, дзе кіраваў Ян Бургундзкі, Фрыдрых перадаў яго ў рукі Жыгімонта і сабору, і Людвіг III пасадзіў яго ў турму[8].

Тым часам 29 траўня 1415 году сабор зрынуў Яна і 11 лістапада 1417 абраў Папам Марціна V. У лютым 1419 году Марцін прыехаў у Флярэнцыю[9], і ў тым жа годзе Коса быў выкуплены Флярэнтыйскай рэспублікай (у 1417 Людвіг III адмовіўся ад вернасьці Жыгімонту) пры садзейнічаньні Джавані дзі Бічы дэ Мэдычы[10]. Верагодна, ягоны выкуп быў узнагародай за дапамогу Флярэнцыі ў мінулым ці ж сродкам ціску на Марціна V, які да таго часу яшчэ знаходзіўся ў Флярэнцыі (у Рым ён прыбыў у верасьні 1420), а можа быць, спалучаў абедзьве прычыны[11]. Коса дапамагаў Флярэнцыі пры заваяваньні Пізы ў 1405 годзе, быўшы легатам у Балёньні, а ў бытнасьць Папам вызначыў банк Мэдычы ў якасьці асноўнага сховішча папскай казны[12].

У Флярэнцыі 14 чэрвеня 1419 Коса прызнаў вяршэнства Марціна V і 26 чэрвеня атрымаў кардынальскую шапку, але 22 сьнежня таго ж году сканаў[13]. Нягледзячы на атрыманы тытул кардынала-біскупа Тускуланскага, Коса называў сябе «кардыналам флярэнтыйскім»[14].

Пахаваньні

рэдагаваць

Цела Косы было перанесена ў баптыстэры і, як прадпісвалася зборнікам рытуальных усталяваньняў Ordo Romanus, празь дзевяць дзён пахавана пры ўдзеле флярэнтыйскай знаці і папскай курыі[15]. Падчас пахавальных рытуалаў, якія праходзілі выключна ўнутры Дуома і баптыстэрыю, на галаве памерлага ляжала белая мітра, а ў нагах ляжала кардынальская шапка[16]. Першыя тры дні цырымоніяў былі прысьвечаныя адпаведна служэньню Косы ў сане кардынала і Папы, яго ролі сябра Флярэнцыі і яго прыватнага жыцьця[17]. Да сканчэньня пабудовы грабніцы ён быў пакладзены ў часовым пахаваньні[18].

Заказ на працы

рэдагаваць
 
Джавані дзі Бічы дэ Мэдычы, адзін з душапрыказчыкаў Косы

Дамова пра стварэньне надмагільнага помніка Косы быў складзены праз прыкладна дзесяць дзён пасьля яго сьмерці. Апошняя воля нябожчыка, якую ён выказаў у сваім завяшчаньні на божай пасьцелі 22 сьнежня 1419, уключала некаторыя прадыктаваныя флярэнтыйскім этыкетам распараджэньні, дабрачынныя і царкоўныя ахвяраваньні, але вялікая частка маёмасьці адышла да ягоных пляменьнікаў Мікеле і Джаваньні[19]. Пры падзеле спадчыны ягоныя пляменьнікі мелі перавагу; пакуль вяліся працы над грабніцай Косы, правы на яго маёмасьць аспрэчваліся крэдыторамі[20].

Коса прызначыў выканаўцамі сваёй волі чатырох уплывовых флярэнтыйцаў: Барталямэя дзі Тальда Валёры, Нікола да Ўцана, Джавані дзі Бічы дэ Мэдычы і Ўеры Гўаданьні[21], упаўнаважыўшы любых двух душапрыказчыкаў зь іх ліку дзейнічаць ад імя ўсіх чатырох, што, відаць, і было выканана Валёры і Мэдычы[22]. Валёры памёр 2 верасьня 1427 году; дагэтуль Гўаданьні ўжо таксама сканаў, а Ўцана даўно страціў цікавасьць да працаў, пакінуўшы іх выкананьне Джавані — ці, верагодней, Козыма Мэдычы[23].

Душапрыказчыкі Косы абвясьцілі, што той жадаў быць пахаваным у баптыстэрыі, але быў занадта сьціплым, каб паказаць гэта ў сваім завяшчаньні[24]. Дасьледчыкі давяраюць гэтаму сьведчаньню, лічачы Косу «тактоўным тактыкам», хоць гісторык Хорст Джэнсан выказаў здагадку, што тыя абралі баптыстэры як месца пахаваньня насуперак волі нябожчыка[25].

 
Коса адпісаў баптыстэрыю рэліквію, якая лічылася ўказальным пальцам Яна Хрысьціцеля (на іл.)

Запісы ў дакумэнтах паведамляюць, што 9 студзеня 1421 году Пала Строцы ад імя цэха гандляроў тканінамі Артэ дзі Калімала (Arte di Calimala), адказнага за стан баптыстэрыю, пагадзіўся на пабудову невялікага непрыкметнага (breve et honestissima) надмагільля, але ня даў дазволу на стварэньне капэлі, у якой жадаў быць пахаваным Коса; сучасная навука прыпісвае адмову Строцы таму, што пахаваньне ў баптыстэрыі было вялікім гонарам, якой Коса, магчыма, не заслугоўваў[26]. Іншых прысьвечаных грабніцы запісаў цэху не захавалася, паколькі большасьць дакумэнтаў 1420-х згублена[27], хоць захаваліся нататкі сэнатара Карла Строцы, які чытаў гэтыя дакумэнты[28].

Згода Артэ дзі Калімала на будаўніцтва грабніцы традыцыйна тлумачыцца тым, што Коса ў свой час перадаў баптыстэрыю правы ўказальны палец Яна Хрысьціцеля і 200 флёрынаў на стварэньне належнага рэлікварыя[29]. Лічылася, што гэтым пальцам Ян паказаў на Хрыста, сказаўшы: «Ecce Agnus Dei» (Вось Ягня Божае Ін 1:29). Доўгая і складаная гісторыя рэліквіі стварала вакол яе дадатковы арэол легенды: канстантынопальскі патрыярх Філяфэй паднёс яе ў 1363 годзе ў дарунак Папу Урбану V, той перадаў яе сваім пераемнікам Рыгору XI і Урбану VI; апошні пазбавіўся яе падчас аблогі Начэра-Інфэр’ёрэ, а Ян XXIII купіў яе за 800 флёрынаў і насіў пры сабе, пакуль не схаваў у кляштары Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі[30].

Узьвядзеньне грабніцы

рэдагаваць
 
Надмагільны манумэнт гарманічна ўпісаны ў інтэр’ер флярэнтыйскага баптыстэрыю

Храналёгія апошняга этапу збудаваньня грабніцы сапраўды невядомая, але сёе-тое можна ўстанавіць паводле розных крыніцаў. Мяркуючы па выпадковай нататцы флярэнтыйскага натарыюса, у 1424 годзе (паводле флярэнтыйскага календару) была збудаваная частка грабніцы[31]. Кадастар Мікелёцьцё за ліпень 1427 паказвае, што Мікелёцьцё быў партнэрам Данатэльлё ўжо каля двух гадоў (due anni o incircha) і што выдаткавана ўжо тры чвэрці бюджэту ў 800 флёрынаў[32]. Растлумачыць неадпаведнасьць датаў можна ці недакладнасьцю запісаў Мікелёцьцё, ці тым, што Данатэльлё пачаў працы яшчэ да партнэрства зь Мікелёцьцё, ці тым, што 1424 год у флярэнтыйскім календары адпавядае 1425 году ў сучасным[33].

2 лютага 1425 году Барталямэа Валёры і Козыма дэ Мэдычы запыталі 400 з 800 флёрынаў, аддадзеных раней у задатак цэху Артэ дзі Калімала, мабыць, як кошт ужо праведзенай працы[34]. Гэты задатак быў страхоўкай на выпадак, калі б заказчыкі пакінулі грабніцу незавершанай і цэх быў бы вымушаны аплачваць яе дабудоўку, паколькі быў абавязаны Яну XXIII рэлікварыям[35]. Гэты запыт — найбольш відавочнае пацьверджаньне ўдзелу Козыма ва ўзьвядзеньні грабніцы. Нягледзячы на гэта, сьцьвярджэньне Джорджа Вазары ў «Жыцьцеапісаньнях», што Козыма быў адказным кіраўніком працаў, аспрэчвалася некаторымі дасьледчыкамі[36].

Верагодна, саркафаг быў устаноўлены 2 мая 1426 году ці незадоўга да таго, паколькі ў гэты дзень Артэ дзі Калімала заключыла дамову зь дзьвюма капэлянамі пра правядзеньне штодзённай службы пра выратаваньне душы Косы[35]. Запісы майстэрні пры Дуома сьведчаць, што 28 студзеня 1427 Валёры набыў чатыры блёкі белага мармуру для надмагільля[37].

Дакладная дата заканчэньня працаў невядомая, але яны былі завершаныя не пазьней 1431 году — сёлета памёр Папа Марцін V, пра якога дакладна вядома, што ён наведваў гатовую грабніцу; іншыя зьвесткі дазваляюць адсунуць гэтую мяжу яшчэ на некалькі гадоў раней[38]. Найбольш дакладны з такіх фактаў — той, што ў верасьні 1428 Якопа дэля Квэрча, вярнуўшыся ў Балёньню, стварыў надмагільны помнік зь фігурамі дабрадзейнасьцяў, якія прайграваюць дробнымі дэталямі сваіх сясьцёр з грабніцы Косы[39].

У працы Вазары згадваецца, што грабніца абыйшлася даражэй першапачатковага бюджэту — у 1000 флёрынаў, хоць няясна, хто пакрыў нястачу[40]. Нягледзячы на тое, што аўтар гэтага сьцьвярджэньня невядомы, яно прымаецца на веру сучаснай навукай, паколькі кошт адных толькі скульптураў павінны быў складаць 500 флёрынаў[41]; аднак усё ж да гэтага сьведчаньня варта падыходзіць з асьцярожнасьцю[42].

Вонкавы выгляд

рэдагаваць
 
Блізкая па часе стварэньня (1423 г.) грабніца дожа Вэнэцыі Тамаза Мачэніга; магчыма цікавае супастаўленьне, гл. тэкст

У баптыстэрыі ўжо знаходзіліся тры саркафагі: у адным зь іх быў пахаваны біскуп Раньеры (памерлы ў 1113), два іншых былі вырабленыя яшчэ ў рымскі час і выкарыстаныя зноў у Сярэднявеччы[43]. Але грабніца вышынёй 7,32 м была самай высокай у баптыстэрыі, а ў свой час і ва ўсёй Флярэнцыі[4]. Пахаваньняў у самім Дуома мала, і яны ўяўляюць сабой хутчэй выключэньні — напрыклад, магіла Альдабрандына Атабоні[5].

Вонкавы выгляд надмагільнага помніку адпавядае ўмовам, прад’яўленым цэхам Артэ дзі Калімала, і арганічна ўпісаны ў інтэр’ер баптыстэрыю. Манумэнт разьмешчаны паміж дзьвюма карынцкімі калёнамі, якія знаходзяцца паміж паўночнай брамай працы Лярэнца Гібэрці і алтарнай апсыдай; ён займае трэць адной са сьценаў васьмівугольнага памяшканьня і зьвернуты да «Райскіх дзьвярэй»[44]. Такое разьмяшчэньне пазбаўляе грабніцу сьвятла, асабліва калі брама баптыстэрыю зачыненая, што зьяўляецца яе звычайным станам[45]. Надмагільле магло б выглядаць яшчэ цямней, калі б яго задняя частка не выступала са сьцяны баптыстэрыю на 48,4 см[46]. Белы і карычневы мармур спрыяе гарманічнаму спалучэньню збудаваньня з агульным інтэр’ерам баптыстэрыю, аформленага ў паліхромным бела-зялёным стылі[47]. Некаторыя вучоныя лічаць каляровы эскіз, выкананы Банакорса Гіберці, доказам таго, што «арыгінальная згубленая паліхромія» грабніцы яшчэ больш гарманіравала з інтэр’ерам[25], хоць іншыя лічаць гэты малюнак недакладным[48]. Полаг, які вянчае збудаваньне, замацаваны на калёнах, а карніз баптыстэрыю стварае ілюзію апоры; па вобразным выразе сучаснай дасьледніцы, надмагільны помнік Косы — «муж атачальнай яго архітэктуры», нават калі лічыць гэты шлюб марганатычным[49]. За выключэньнем статуі, якая стаіць на саркафагу, усе скульптуры выкананы ў выглядзе гарэльефаў.

Хоць грабніца выкананая цалкам у клясычным стылі, яе агульная кампазыцыя знаходзіцца ў рэчышчы манумэнтальнай надмагільнай архітэктуры сярэднявечнай Італіі — з характэрнымі для насьценных грабніцаў ярусамі розных дэкаратыўных элемэнтаў[50]. Італьянская гатычная скульптура захавала шматлікія элемэнты клясыцызму; Данатэльлё і Мікелёцьцё не патрабавалася настолькі рэзка зьмяняць стыль, як іх папярэдніку, сіенскаму скульптару Ціна дзі Камаіна, чые насьценныя грабніцы яшчэ за стагодзьдзе да таго аказалі вялікі ўплыў на мастацтва Італіі. Мармуровая фігура, выкананая ў натуральную велічыню на паднятым над полам саркафагу — тыповая. Матыў заслоны, якая ахінае помнік, характэрны для гатычных помнікаў, а яе форма нагадвае вімпэрг; часам у готыцы такую заслону падтрымліваюць анёлы, якія стаяць па бакі ад саркафагу[51]. Магілу Косы часта параўноўваюць з пабудаваным у 1423 годзе надмагільлем вэнэцыянскага дожа Тамаза Мачэніга, дзе гарэльефныя фігуры сьвятых стаяць у нішах па баках саркафагу і над ім, а фіранкі сыходзяцца ў вяршыні помніку; аднак дэталі там выкананы ў гатычным стылі[52]. Надмагільны помнік Косы быў пабудаваны пад уплывам папярэдняга тварэньня Мікелёцьцё і Данатэльлё, грабніцы кардынала Бранкачы ў Нэапалі[53], і ў сваю чаргу паўплываў на грабніцу Леанарда Бруні ў флярэнтыйскай базіліцы Санта-Крочэ, пабудаваную Бэрнарда Расэліна дваццацьцю гадамі пазьней[54].

Падножжа помніку

рэдагаваць

Падножжа надмагільнага помніку абапіраецца на высокі плінт (38 см), аддзелены ўвагнутымі карнізамі. Вышыня падножжа — 1,39 м, шырыня — 2,02 м; яно ўпрыгожанае фрызам з крылатымі галовамі анёлаў (меркавана, сэрафімаў), гірляндамі і стужкамі[4].

Фігуры дабрадзейнасьцяў

рэдагаваць

Над падножжам, аддзеленыя яшчэ адным карнізам, у нішах стаяць фігуры трох дабрадзейнасьцяў — зьлева направа Вера, Любоў і Надзея; яны падзеленыя карынцкімі пілястрамі, упрыгожанымі канэлюрамі. Такі матыў не сустракаецца ў тасканскай надмагільнай скульптуры, але папулярны тым часам у Вэнэцыі, Падуі[41] і асабліва ў родным горадзе Косы Нэапалі[55]. Узьнікае думка, што і Мікелёцьцё[56], і Данатэльлё[57] прадпрымалі вандраваньне ў Вэнэцыю; зрэшты, Джэнсан зьвяртае ўвагу на тое, што «неабавязкова езьдзіць у Вэнэцыю», каб знайсьці падобныя матывы[41]. Надмагільныя фігуры дабрадзейнасьцяў былі распаўсюджаныя па-за межамі Флярэнцыі, прычым над магіламі парафіянаў устанаўліваліся статуі кардынальных дабрадзейнасьцчў (разважлівасьць, мужнасьць, стрыманасьць і справядлівасьць), а над магіламі духоўных асобаў — тэалягічных (вера, надзея і любоў), як, напрыклад, над грабніцай кардынала Бранкачы[58]. Аднак статуі на надмагільлі Косы носяць значна больш антычных рысаў[59]. Акрамя таго, Данатэльлё стварыў дзьве падобныя бронзавыя фігуры дабрадзейнасьцяў для баптыстэрыю Сіенскага сабору, але іх сувязь са статуямі на грабніцы Косы няясная[60].

Фігура Веры зьлева, вышынёй 1,05 м, трымае ў руках пацір для прычасьця; фігура Любові, якая стаіць у цэнтры, вышынёй 1,07 м, трымае рог дастатку і жароўню; нарэшце, фігура Надзеі справа, вышынёй 1,06 м, склала рукі ў малітве[61]. Статуя Любові выканана ў найбольш антычным духу, успрыняўшы элемэнты клясычных выяваў Дастатку, Цэрэры і Юноны, у якіх у левай руцэ заўсёды знаходзіўся рог дастатку[62]. Сувязь з антычнасьцю падкрэсьлівае таксама тая акалічнасьць, што хоць і высокія, але недастаткова прапрацаваныя фігуры дабрадзейнасьцяў ствараюць дадатковую вэртыкальную дыстанцыю паміж гледачом і фігурай Косы, прыглушваючы непасрэднасьць паставы ляжалай статуі нябожчыка — у адрозьненьне ад іншых насьценных грабніц эпохі Кватрачэнта, для якіх такая пастава зьяўляецца дамінантай[63]. Сама фігура закліканая схаваць асабістыя якасьці Косы, уяўляючы яго як звычайнага пантыфіка і першага прадстаўніка флярэнтыйскай «дынастыі» Папаў.

Саркафаг і надпіс

рэдагаваць

Над фігурамі дабрадзейнасьцяў знаходзіцца саркафаг, які падтрымліваецца чатырма клясычнымі кансолямі, упрыгожанымі акантам. У трыптыху, утвораным кансолямі, намаляваны зьлева направа фамільны герб Косы з папскай тыярай, папскі герб і фамільны герб Косы з кардынальскай шапкай[64]. Сьценка саркафагу, шырынёй 2,12 м і вышынёй 70 см, упрыгожаная rilievo schiacciato («сплясканым рэльефам», тып барэльефу, вынайдзены Данатэльлё) з выявай дзьвюх пуцьці ці, інакш, spirateli («маленькіх духаў»); яны трымаюць аформлены ў выглядзе папскага брэвэ ліст пэргамэнту з напісанай на ім надпісам[65]. Пуцьці запазычылі шматлікія рысы ў сваіх антычных папярэднікаў, за выключэньнем скрыжаваных ног[66].

Надпіс абвяшчае[31]:

IOANnES QVOnDAM PAPA
XXIIIus. OBIIT FLORENTIE A
NnO DomiNI MCCCCxVIIII XI
KALENDAS IANVARII

Што значыць:

Ян, які быў Папа
XXIII. Памёр у Флярэнцыі
ў 1419 ад Р. Х. за 11
дзён да студзеньскіх календаў.

 
Марцока — сымбаль улады Флярэнцыі

Папа Марцін V пярэчыў супраць першага радка надпісу, які, на ягонае меркаваньне, можна было вытлумачыць як знак таго, што Коса памёр законным Папам (лацінскае слова «quondam» значыць як «былы», так і «памерлы»). Магчыма, яго сумненьні разьвеяліся б, калі б была выкарыстаная часта сустраканая ў дакумэнтах таго часу формула «olim Papa» (па-лацінску: некалі Папа) замест «quondam Papa»[28]. Марцін прапанаваў назваць Косу ў эпітафіі не Папам, а кардыналам Нэапалітанскім, падкрэсьліваючы такім чынам яго падпарадкаваньне праўдзіваму Папе[67]. Крыніцы таго часу паведамляюць, што сіньёрыя Флярэнцыі практычна даслоўна паўтарыла яму адказ Понтыюса Пілята пра надпіс на крыжы: «Што напісана, то напісана»[68]. Сам Марцін V быў пахаваны пад простай бронзавай плітой[69]; гэта адзіны выпадак плоскай грабніцы рымскага пантыфіка[70], але таксама і першы выпадак, калі надмагільле Папы было зьмешчанае ў цэнтральным нэфе «базылікі маёр» (базыліка Сан-Джавані ін Латэрана)[71] і адлітае з бронзы (магчыма, тым жа Данатэльлё)[72].

Па меркаваньні гісторыка Чарльза Эйвэры, рэльеф Данатэльлё «Узьнясеньне Хрыста і перадача ключоў апосталу Пятру» першапачаткова прызначаўся таксама для сьценкі гэтага саркафагу[73] і быў закліканы ўзмацніць асацыяцыі з папскім стальцом. Асацыяцыі выклікаліся і тым, што дата сьмерці Косы была азначаная ў эпітафіі з выкарыстаньнем рымскіх календаў, што было нетыпова для флярэнтыйскіх пахаваньняў, але цалкам звычайна для папскіх[74].

Статуя Яна XXIII

рэдагаваць

Над саркафагам разьмяшчаюцца львы, якія падтрымліваюць катафалк са статуяй нябожчыка і нагадваюць формай кансолі эпохі Трэчэнта[75]. Магчыма, львы адлюстроўваюць Марцока (Marzocco(it)), льва, які сымбалізуе Флярэнцыю, і ўвасабляюць такім чынам сувязь памерлага Яна з горадам. Для папскіх апартамэнтаў у базіліцы Санта-Марыя-Навела Данатэльлё стварыў бронзавага Марцока, які адлюстроўваў дваістае стаўленьне флярэнтыйцаў да Марціна V, які павялічыў сваім візытам прэстыж гораду, але ў той жа час быў патэнцыйным праціўнікам Рэспублікі. Падобна яму, львы, якія падтрымліваюць катафалк, могуць сымбалізаваць падтрымку Флярэнцыяй прэтэнзіяў Яна XXIII на папскую катэдру. Аднак сымбалічны сэнс ільвоў няясны[68], і інтэрпрэтаваць яго неабходна з асьцярожнасьцю; варта памятаць і пра тое, што львы ў якасьці апоры выкарыстоўваліся ў грабніцах і раней, да прыкладу, у надмагільлі Лапа дэ Бардзі (памёр у 1342) у Барджэла[76].

Катафалк і полаг, які хавае яго, зьлёгку нахілены да гледача, а леў, які падтрымлівае падгалоўе, зроблены на 2 см карацейшым, каб лепш была бачная скульптура памерлага і асабліва галава[77]. Фігура, выкананая з пазалочанай бронзы ў натуральную велічыню, убраная ў відавочна кардынальскае адзеньне[78] і ня ўтрымлівае намёкаў на магчымую легітымнасьць пантыфіката Косы; яе ложа таксама вырабленая з бронзы, але не пазалочаная. Калі саркафаг быў расьпячатаны ў XVI стагодзьдзі, высьвятлілася, што пахавальнае адзеньне Косы адпавядае ўбору статуі[79]. Да таго ў Італіі не існавала грабніцаў з аб’ёмнымі скульптурамі з пазалочанай бронзы, хоць на бальконе палацу дэля Брыяда ў Балёньні ўжо знаходзілася такая скульптура вышынёй 1,83 м, вырабленая па заказе Папы Баніфацыюса VIII[68]. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што Данатэльлё стварыў скульптуру Яна XXIII па пасьмяротнай масцы[80], але іншыя пярэчаць ім[81].

Балдахін

рэдагаваць

За статуяй разьмешчаны пілён вышынёй 1,34 м, які складаецца з трох частак, з патопленымі рэльефнымі межамі, які падтрымлівае карніз і апраўлены дзьвюма дадатковымі карынцкімі пілястрамі. Над ім знаходзіцца антаблемэнт з паўмесяцам, у які ўпісана выява Мадонны зь Немаўлём — тыповы матыў для грабніцаў, які сымбалізуе заступніцтва нябесных заступнікаў[82]. Яшчэ вышэй разьмяшчаецца мармуровы балдахін з пазалочанымі краямі, упрыгожаны ўзорыстымі кветкамі са сьцебламі і які нібы вісіць на рабрыстым латуневым кольцы (насамрэч гэта немагчыма з-за цяжары балдахіну). Дасьледніца Сара Мак-Гэм[63] мяркуе, што балдахін сымбалізуе неба і, такім чынам, той baldacchino, які несьлі над галавой Папы пры інтранізацыі. Аднак гісторык Рональд Лайтбаўн[83] настойвае, што падобны балдахін, умацаваны на карнізе і на калёнах, ня мае дачыненьня да царквы і ўяўляе сабой варыяцыю балдахіну, які ўмацоўваўся над пасьцеляй[84].

Аўтарства грабніцы

рэдагаваць
 
Вонкавая катэдра сабору Прата, яшчэ адзін сумесны твор Данатэльлё і Мікелёцьцё

Надмагільны помнік Бальтазара Косы быў першай сумеснай працай скульптараў Данатэльлё (1386—1466) і Мікелёцьцё (1391—1472), якія ў далейшым стварылі разам грабніцу кардынала Рынальда Бранкачы ў царкве Сант-Анджэла а Ніла ў Нэапалі, грабніцу папскага сакратара Барталямэа Арагацы ў саборы Мантэпульчана, а таксама вонкавую катэдру сабору Прата[85]. Дагэтуль Данатэльлё ўжо ўславіўся сваімі статуямі прарокаў і сьвятых, створанымі для Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ і Арсанмікеле, у той час як Мікелёцьцё быў мала вядомы[86]. Абодва некаторы час працавалі ў майстэрні Гібэрці, які займае вядучае становішча ў флярэнтыйскай скульптуры таго часу.

Амаль усе элемэнты грабніцы прыпісваліся рознымі гісторыкамі мастацтва як Мікелёцьцё, так і Данатэльлё[87]. Клясыфікацыя па аўтару заснаваная большай часткай на суб’ектыўных крытэрах: як правіла, дасьледчык прыпісвае Данатэльлё тыя дэталі, якія высока ацэньвае, а Мікелёцьцё часамі прама завуць аўтарам тых элемэнтаў, якія «ня так добра прапрацаваныя»[61].

Апісаньні, складзеныя паміж 1475 і 1568 гадамі, прыпісваюць Данатэльлё ўсё ўбраньне грабніцы, за выключэньнем статуі Веры[88]. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі прытрымліваюцца кардынальна процілеглага пункту гледжаньня, лічачы Мікелёцьцё стваральнікам усяго надмагільнага помніку, акрамя скульптуры Яна XXIII[63][89]. Па меркаваньні Джэнсана, з мармуровага дэкору толькі пуцьці могуць быць прыпісаныя «руцэ самога Данатэльлё»[81]. Мяркуюць, што прычынай супрацоўніцтва зь Мікелёцьцё маглі стаць недастатковыя веды Данатэльлё ў вобласьці ліцьця і архітэктуры[90], а таксама яго напружаны графік заказаў[91].

  1. ^ Lightbown, 1980, p. 4.
  2. ^ а б Lightbown, 1980, p. 16l; Caplow, 1977, p. 107.
  3. ^ McHam, 1989, p. 156; Strocchia, 1992, p. 142.
  4. ^ а б в Lightbown, 1980, p. 26.
  5. ^ а б Lightbown, 1980, p. 24.
  6. ^ Lightbown, 1980, p. 4; Caplow, 1977, pp. 98-99.
  7. ^ Lightbown, 1980, pp. 4-5.
  8. ^ Lightbown, 1980, pp. 5-6.
  9. ^ Strocchia, 1992, p. 137; Lightbown, 1980, p. 5.
  10. ^ McHam, 1989, p. 153.
  11. ^ McHam, 1989, p. 154.
  12. ^ Strocchia, 1992, p. 136.
  13. ^ Caplow, 1977, pp. 99-100.
  14. ^ Strocchia, 1992, p. 137.
  15. ^ Caplow, 1977, p. 100.
  16. ^ McHam, 1989, pp. 154-5; Strocchia, 1992, p. 138; Lightbown, 1980, p. 44.
  17. ^ Strocchia, 1992, p. 139.
  18. ^ Lightbown, 1980, p. 14.
  19. ^ Lightbown, 1980, pp. 8-9.
  20. ^ Lightbown, 1980, pp. 14-15.
  21. ^ Janson, 1963, p. 59.
  22. ^ Lightbown, 1980, pp. 20-21.
  23. ^ Lightbown, 1980, p. 22.
  24. ^ McHam, 1989, pp. 155-6.
  25. ^ а б Janson, 1963, p. 61.
  26. ^ Janson, 1963, p. 59; Caplow, 1977, p. 103.
  27. ^ Lightbown, 1980, p. 16.
  28. ^ а б Lightbown, 1980, p. 20.
  29. ^ Caplow, 1977, pp. 101—102; Strocchia, 1992, p. 138.
  30. ^ Lightbown, 1980, pp. 9-10.
  31. ^ а б Lightbown, 1980, p. 19.
  32. ^ Caplow, 1977, pp. 105—108; Grassi, 1964, p. 69.
  33. ^ Janson, 1964, pp. 59-62.
  34. ^ Caplow, 1977, p. 104.
  35. ^ а б Lightbown, 1980, p. 21.
  36. ^ Vasari, Vite, рэд. Milanesi, ii, 1878, p. 399. Цытуецца па: Caplow, 1977, p. 106; McHam, 1989, p. 156; Lightbown, 1980, p. 18.
  37. ^ Janson, 1963, p. 59; Caplow, 1977, pp. 104—105.
  38. ^ Caplow, 1977, pp. 116—119; McHam, 1989, p. 157; Strocchia, 1992, p. 134.
  39. ^ Janson, 1963, p. 63.
  40. ^ Caplow, 1977, p. 116; Lightbown, 1980, p. 23. Гэта сьцьвярджэньне таксама прысутнічае ў: Del Migliore, 1684, Firenze citta nobilissima.
  41. ^ а б в Janson, 1963, p. 62.
  42. ^ Lightbown, 1980, p. 23.
  43. ^ Lightbown, 1980, p. 16, 24.
  44. ^ Caplow, 1977, p. 120; Lightbown, 1980, p. 24; McHam, «Donatello’s Tomb of Pope John XXIII», p. 147.
  45. ^ Caplow, 1977, p. 120.
  46. ^ Caplow, 1977, p. 121.
  47. ^ McHam, 1989, p. 149; Lightbown, 1980, p. 26.
  48. ^ Lightbown, 1980, pp. 30-31.
  49. ^ McHam, 1989, p. 163.
  50. ^ Levey, 1996, pp. 151—153.
  51. ^ Pope-Hennessy, pp. 15-19 and 183—186.
  52. ^ Pope-Hennessy, p. 46 and fig. 89.
  53. ^ John T. Paoletti, Gary M. Radke; Art in Renaissance Italy, 2005, pp. 242—243, Laurence King Publishing, ISBN 1-85669-439-9
  54. ^ Levey, Michael; Early Renaissance, pp. 57-59, 1967, Penguin
  55. ^ Lightbown, 1980, pp. 39-40.
  56. ^ Caplow, 1977, p. 114.
  57. ^ Lightbown, 1980, p. 50.
  58. ^ Lightbown, 1980, pp. 25-27.
  59. ^ Lightbown, 1980, p. 38.
  60. ^ Caplow, 1977, p. 134.
  61. ^ а б Lightbown, 1980, p. 37.
  62. ^ Caplow, 1977, p. 133; Lightbown, 1980, p. 37.
  63. ^ а б в McHam, 1989, p. 157.
  64. ^ Lightbown, 1980, p. 27.
  65. ^ Lightbown, 1980, p. 28.
  66. ^ Caplow, 1977, p. 135.
  67. ^ Caplow, 1977, p. 105; McHam, 1989, p. 149.
  68. ^ а б в McHam, 1989, p. 159.
  69. ^ McHam, 1989, p. 161.
  70. ^ Panofsky, 1964, p. 72.
  71. ^ Gardner, 1992, p. 62; Lightbown, 1980, p. 25.
  72. ^ Meyer, 1904, p. 76; Lightbown, 1980, p. 46.
  73. ^ Avery, 1994, pp. 36-39.
  74. ^ McHam, 1989, pp. 163-4.
  75. ^ Caplow, 1977, p. 122.
  76. ^ Lightbown, 1980, p. 42.
  77. ^ Meyer, 1904, p. 63; Lightbown, 1980, p. 28.
  78. ^ Lightbown, 1980, p. 43; McHam, 1989, p. 159.
  79. ^ Lightbown, 1980, pp. 44-45.
  80. ^ Lightbown, 1980, p. 44; Grassi, 1965, p. 70.
  81. ^ а б Janson, 1963, p. 64.
  82. ^ McHam, 1989, p. 149, 159.
  83. ^ Lightbown, 1980, pp. 28-29.
  84. ^ Lightbown, 1980, p. 32.
  85. ^ Lightbown, 1980, pp. 2-3.
  86. ^ Lightbown, 1980, p. 1.
  87. ^ Caplow, 1977, pp. 122—140; Janson, 1963, pp. 63-64; Lightbown, 1980, p. 18.
  88. ^ Caplow, 1977, p. 119.
  89. ^ Grassi, 1964, p. 69.
  90. ^ Janson, 1963, pp. 50-56, 63.
  91. ^ Lightbown, 1980, p. 33.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Avery, Charles. 1994. Donatello: An Introduction. New York: IconEditions. ISBN 978-0-06-430311-8
  • Caplow, Harriet McNeal. 1977. Michelozzo. New York: Garland Publishing, Inc. ISBN 978-0-8240-2678-3
  • Gardner, Julian. 1992. The Tomb and the Tiara. Oxford: Clarendon Press. ISBN 978-0-19-817510-0
  • Grassi, Luigi. Colacicchi, Paul (translator). 1964. All the Sculpture of Donatello. New York: Hawthorn Books, Inc. OCLC 1039596
  • Janson, H.W. 1963. The Sculpture of Donatello. Princeton: Princeton University Press. ISBN 0-691-03528-8
  • Levey, Michael; Florence, A Portrait, Jonathan Cape, 1996, ISBN 0-7126-7310-5
  • Lightbown, R.W. 1980. Donatello & Michelozzo. London: Harvey Miller. ISBN 0-905203-22-4
  • McHam, Sarah Blake. 1989. «Donatello’s Tomb of Pope John XXIII». In Life and Death in Fifteenth-Century Florence. Ed. Tetel, Marcel, Witt, Ronald G., and Goffen, Rona. Durham: Duke University Press. pp. 146–173. ISBN 978-0-8223-0872-0
  • Meyer, Alfred Gotthold. Konody, P.G. (translator). 1904. Donatello. Leipzig: Velhagen & Klasing. (Available online)
  • Pope-Hennessy, John, 1986 (revised ed.), Italian Gothic Sculpture, Phaidon, ISBN 0-7148-2415-1
  • Panofsky, Erwin. 1964. Tomb Sculpture. New York: Harry N. Abrams, Inc. ISBN 0-7148-2824-6
  • Strocchia, Sharon T. 1992. Death and Ritual in Renaissance Florence. Baltimore: Johns Hopkins University Press. ISBN 978-979-533-077-6

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць