Галако́ст у Эсто́ніі — сыстэматычны перасьлед і вынішчэньне жыдоў нямецкімі нацыстамі і калябарантамі на акупаванай тэрыторыі Эстоніі ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны, частка агульнае палітыкі нацыстаў і іхніх хаўрусьнікаў па зьнішчэньні жыдоў. Часам у гэтае азначэньне ўключаюць таксама вынішчэньне эстонскіх цыганаў.

Турыстычны знак да помніку ахвярам Галакосту ў канцлягеры Клёага

У Эстоніі было зьнішчана ад 7500 да 8500 жыдоў (у тым ліку 963 мясцовых)[1][2] і ад 400 да 1000 цыганаў[3]. Агулам, паводле афіцыйных зьвестак МЗС Эстоніі, на тэрыторыі рэспублікі за пэрыяд нямецкай акупацыі былі забітыя блізу 8000 жыхароў Эстоніі і 20 тысячаў жыхароў іншых краінаў, улучаючы савецкіх ваеннапалонных[4].

57% даваенных жыдоў былі эвакуяваныя з Эстоніі, 10% — высланыя, 11% былі ў войску, 22% засталіся ў ЭССР і загінулі[5].

Жыды ў даваеннай Эстоніі

рэдагаваць

У 1934 року ў Эстоніі, паводле перапісу, жыдоўскае насельніцтва налічвала 4381 чалавека (0,4% усяго насельніцтва). 57,4% зь іх займаліся гандлем, 30,7% працавалі ў прамысловасьці або займаліся рамёствамі, 9,9% былі прадстаўнікамі вольных прафэсіяў. Існавалі шматлікія грамадзкія, палітычныя і спартовыя жыдоўскія арганізацыі[6]. Па далучэньні Эстоніі да СССР у 1940 гэтыя арганізацыі былі зачыненыя. Мноства жыдоў пастрадалі ад нацыяналізацыі[6].

Гісторыкі Антон Вайс-Вэнт і Меэліс Марыпуў сьцьвярджалі, што пасьля акупацыі Эстоніі Савецкім Саюзам адбыўся рост адмоўнага стаўленьня эстонцаў да жыдоў. Марыпуў зьвязвае гэта з тым, што частка жыдоў актыўна падтрымлівала палітыку савецкай улады. На думку Вайс-Вэнта, гэта адбывалася збольшага таму, што шэраг кіраўнічых пастоў сярэдняга і вышэйшага зьвяна занялі жыды з СССР. Большасьць жа жыдоў, заўважае ён, баялася бальшавікоў прыкладна так сама, як і нацыстаў[7][8].

14 чэрвеня 1941 року разам з эстонцамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў былі выселеныя ў аддаленыя раёны Савецкага Саюзу[9] 439 жыдоў, што склала болей за 10% усяго жыдоўскага насельніцтва Эстоніі[7][10][11]. Такім чынам, жыдоў у адсоткавых адносінах папакутавала значна болей, чым эстонцаў. Дэпартаваныя жыды пазьбеглі наступаванага вынішчэньня нямецкімі акупантамі і іхнімі памагатымі[12], аднак частка зь іх памерла ў турмах і савецкіх лягерох[7].

Антон Вайс-Вэнт, параўноўваючы адносныя лічбы жыдоў, высланых савецкімі ўладамі і забітых нацыстамі, піша, што можна зь некаторым перабольшаньнем казаць пра «схаваны Галакост» у пэрыяд савецкіх рэпрэсіяў, хоць немцы праводзілі поўнае вынішчэньне, а Саветы выбаркавую чыстку[7].

Пэрыяд вайны

рэдагаваць

Галакост у Эстоніі падзяляецца на тры этапы[2]:

  • Зьнішчэньне эстонскіх жыдоў (жнівень 1941 — студзень 1942).
  • Расстрэлы прывезеных у Эстонію жыдоў зь іншых краінаў (вясна 1942 — вясна 1943, збольшага ў Калеві-Лійве).
  • Выкарыстаньне іншаземных жыдоў на прымусовых працах у канцлягерох на паўночным усходзе з наступным зьнішчэньнем (вясна 1943 — вясна 1944).

Нямецкая акупацыя

рэдагаваць

22 жніўня 1941 року ў ходзе нямецка-савецкай вайны гітлераўскія войскі пачалі акупацыю Эстоніі і да пачатку верасьня занялі яе. Да тае пары дзякуючы супраціву савецкіх войскаў, каля 2000—3000 эстонскіх жыдоў (прыкладна дзьве траціны жыдоўскага насельніцтва Эстоніі) здолелі эвакуявацца ўглыб СССР[1][2][13][14]. Паводле зьвестак паліцыі бясьпекі, у акупацыі застаўся 921 жыд (468 мужчынаў і 453 жанчыны)[8][15], паводле справаздачаў Айнзацгрупы А — 963[8], на думку сучасных гісторыкаў — ад 950 да 1000[16][17].

Жыды, што засталіся ў Эстоніі, жылі ў асноўным у Таліне, Тарту і Пярну[8]. На думку Антона Вайс-Вэнта, на рашэньне гэтых жыдоў застацца паўплываў шэраг фактараў, такіх як недастатковая інфармаванасьць пра перасьлед жыдоў нацыстамі і памяць пра Першую сусьветную вайну, падчас якой немцы ставіліся да жыдоў цалкам ляяльна. Некаторыя пацярпелыя ад савецкага перасьледу нават лічылі, што прыход немцаў можа палепшыць іхняе становішча[7].

11 верасьня нямецкія ўлады аддалі загад пра абмежаваньне правоў жыдоў: яны былі абавязаныя насіць жоўтую зорку на вопратцы, ня мелі права карыстацца грамадзкім транспартам, наведваць школы, хадзіць па ходніках[18]. Іхняя маёмасьць была канфіскаваная[6].

Тэрыторыя рэспублікі стала генэральным камісарыятам «Эстонія» (па-нямецку: Generalbezirk Estland) пад кіраўніцтвам обэргрупэнфюрэра СА Карла Ліцмана ў складзе райхскамісарыяту «Остлянд», які ўзначаліў Гінрых Лёзэ. Генэральны камісарыят, у сваю чаргу, падзяляўся на сем акругаў (ням. gebiet), ачольваных гэбіцкамісарамі. Была таксама створаная мясцовая адміністрацыя на чале з Хяльмарам Мяэ. Начальнікам паліцыі бясьпекі і СД генэральнага камісарыяту «Эстонія» ў жніўні 1941 року быў прызначаны обэрфюрэр СС Хінрых Мёльлер. Служба бясьпекі была падзеленая на групу А (нямецкая, гаўптштурмфюрэр СС Корткамп) і групу Б (эстонская, маёр Айн-Эрвін Мерэ, пасьля гаўптштурмфюрэр СС Юліюс Энак). Эстонскія аддзелы падпарадкоўваліся адпаведным нямецкім[19].

Паўнамоцтвы ад вайсковых уладаў да грамадзянскіх былі перададзеныя 5 сьнежня 1941 року[20].

Зьнішчэньне эстонскіх жыдоў

рэдагаваць
 
Нямецкая мапа-справаздача айнзацгрупы А, на якой Эстонія паказаная ў якасьці «юдэнфрай»

Вынішчэньнем жыдоў у местах Эстоніі займаліся войскі СС, мясцовая палітычная паліцыя, паліцыя бясьпекі і аддзелы эстонскай ваенізаванай арганізацыі «Омакайтсэ». Падразьдзяленьні айнзацгрупы A зьявіліся ў Эстоніі 10 ліпеня 1941 року. Ужо ў жніўні 1941 былі зьнішчаныя ўсе жыды, што заставаліся ў Тарту, — прыкладна 40-50 чалавек[6]. У Пярну жыды-мужчыны былі забітыя ў першыя дні акупацыі, жанчыны і дзеці — праз 6 тыдняў. Пасьля пачалося вынішчэньне талінскіх жыдоў[6][11].

10 верасьня штандартэнфюрэр СС камандзір айнзацкаманды 1А Мартын Зандбэргер выдаў распараджэньне, згодна зь якім «ачышчэньне» Эстоніі ад жыдоў было ўскладзенае на падразьдзяленьні Омакайтсэ. Гэты загад быў узгоднены зь непасрэдным начальнікам Зандбэргера камандзірам айнзацгрупы А брыгадэфюрэрам Вальтэрам Шталекерам[8]. Да 20 верасьня складаньне сьпісаў жыдоў, што заставаліся ў Таліне, было завершанае[11].

Зьнішчэньне жыдоў у Эстоніі прайшло без пагромаў і стварэньня гетаў — у адрозьненьне ад Летувы і Латвіі. У адносінах да кожнага затрыманага паліцыя ладзіла псэўдазаконнае расьсьледаваньне ягоных «злачынстваў»[1][2]. За апошняе ўважалася прыналежнасьць да жыдоўства[11].

Справаздача айнзацгрупы А ад 12 кастрычніка канстатавала, што «дэманстрацыя самавольнага антысэмітызму месца ня мае», нягледзячы на падбухторваньне з боку немцаў[21]. Затрыманых у Таліне жыдоў-мужчынаў зьмяшчалі ў Цэнтральную турму(et), а жанчын і дзяцей — у канцлягер Харку. Пазьней усе яны былі замардаваныя. Дакладныя месцы вынішчэньня засталіся нявысьветленымі[11].

Арышты і забойствы эстонскіх жыдоў да распараджэньня Зандбэргера ад 10 верасьня адбываліся ў ходзе агульнай тылавой чысткі адразу па заваёве тэрыторыі нямецкім войскам на загад нямецкіх вайсковых уладаў. Расстрэлы адбываліся пад наглядам немцаў эстонскімі калябарантамі. У гэты пэрыяд былі арыштаваныя і расстраляныя ў асноўным жыды-мужчыны. Да моманту публікацыі загаду Зандбэргера большасьць жыдоў, якія заставаліся ў Тарту і Пярну, былі ўжо забітыя. Існуюць розначытаньні ў зьвестках адносна забітых талінскіх жыдоў. Меэліс Марыпуў выказаў меркаваньне, што блізу 100 тартускіх жыдоў, якія ў пачатку вайны апынуліся ў Таліне, паводле нямецкіх зьвестак былі зафіксаваныя як талінскія[8].

Падрыхтоўку да расстрэлаў Марыпуў апісвае на прыкладзе Талінскае турмы наступным чынам. Паліцыя бясьпекі перадавала ў турму дакумэнты пра сьмяротныя выракі, наконадні расстрэлу начальнік турмы або ягоны намесьнік перадаваў сьпісы дзяжурнаму намесьніку начальніка аховы, а той пераводзіў прысуджаных у камэры сьмяротнікаў. Зранку адмысловая каманда палітычнай паліцыі разам з прадстаўнікамі паліцыі бясьпекі забірала арыштантаў, якіх распраналі да бялізны, зьвязвалі рукі за сьпінай і па 10—15 чалавек зьвязвалі аднаго з адным. Пасьля зьверкі сьпісаў спэцкаманда адвозіла сьмяротнікаў у грузавіках за мяжу места і расстрэльвала. Дзьве траціны талінскіх жыдоў былі забітыя ўжо да 6 кастрычніка 1941 року[8].

Справаздача пра дзейнасьць айнзацгрупы А 15 кастрычніка 1941 року паведамляла[16]:

Арышт усіх жыдоў мужчынскае стаці ва ўзросьце старэй за 16 гадоў амаль скончаны. Усе яны былі зьнішчаныя эстонскімі сіламі самааховы пад даводзтвам зондэркаманды 1А. Выключэньне было зробленае толькі для ўрачоў і чальцоў юдэнрату, якія былі выбраныя зондэркамандай.

Ключавую ролю ў вынішчэньні эстонскіх жыдоў адыграла нямецкая паліцыя бясьпекі і эстонская палітычная паліцыя. Загады на арышты аддаваў Зандбэргер ці ягоныя намесьнікі. Фармальнае сьледзтва ладзіла палітычная паліцыя. Яна ж выносіла прысуд, аднак Меэліс Марыпуў падкрэсьлівае, што прысуд быў загадзя прадвызначаны і кантраляваўся нямецкай паліцыяй бясьпекі. З замяшаных у масавых расстрэлах эстонцаў Марыпуў называе начальніка палітычнай паліцыі Роланда Лепіка, расстралянага самімі немцамі ў сьнежні 1941. Акрамя Лепіка масавыя расстрэлы ў Тарту арганізоўвалі таксама афіцэр па асаблівых даручэньнях капітан Аляксандар Коолмайстар і галоўны фэльдфэбель нямецкай палявой камэндатуры Фрыц Гізэн. У Пярну гэтым займаліся капітаны Вільлем Райд і Аркадзі Валдзін, у Талінскай турме — супрацоўнік палітычнай паліцыі Эрвін Вікс[8].

Да канца студзеня 1942 року амаль усе эстонскія жыды, што заставаліся на акупаванай тэрыторыі, былі забітыя. 31 студзеня 1942 начальнік паліцыі бясьпекі і СД накіраваў у Бэрлін данясеньне, дзе паведамляў, што «Эстонія ўжо цалкам ачышчаная ад жыдоў». Такім чынам, у Эстоніі ўпершыню ў Эўропе было рэалізаванае «канчатковае рашэньне жыдоўскага пытаньня». Эстонія была абвешчаная «юдэнфрай»[16].

Паводле розных зьвестак, агулам былі забітыя ад 921 да 963 эстонскіх жыдоў[1][8]. Вайну на тэрыторыі Эстоніі перажылі ня болей за 12 жыдоў[17].

Зьнішчэньне іншаземных жыдоў

рэдагаваць
 
Мэмарыял на месцы расстрэлаў у Калеві-Лійве

Пасьля Ванзэйскай канфэрэнцыі ў Бэрліне, на якой была зацьверджаная праграма вынішчэньня жыдоў Эўропы, у эстонскай палітычнай паліцыі на ўзор гестапа быў створаны адмысловы аддзел Б-IV пад даводзтвам Юліюса Энака. Для зьнішчэньня іншаземных жыдоў на тэрыторыі Эстоніі было створана каля 20 канцэнтрацыйных лягераў, найбуйнейшым зь якіх быў лягер Клёага[10].

Пасьля вырашэньня «жыдоўскага пытаньня» ў краіне эстонскія паліцыйныя часткі бралі ўдзел у ліквідацыі жыдоў, прывозімых у Эстонію з краінаў Эўропы, у асноўным з Чэхіі. Напрыклад, 5 верасьня 1942 року ў мястэчка Раазіку прыбыў эшалён з 1000 жыдоў з гета Тэрэзіенштат. Яшчэ адзін эшалён прыбыў з жыдамі зь Нямеччыны[1].

Да 3000 жыдоў, якія не падыходзілі для працы, былі вывезеныя ў Калеві-Лійву і расстраляныя[17], працаздольныя былі накіраваныя на прымусовыя працы ў лягер Ягала, камэндантам якога быў эстонец Аляксандар Лаак[17]. Акрамя чэскіх, у Калеві-Лійве зьнішчалі нямецкіх і іншых жыдоў[18], цыганы і савецкія ваеннапалонныя. Пазьней вязьні лягеру Ягала таксама былі расстраляныя ў Калеві-Лійве[15].

Месца расстрэлаў, якія былі скончаныя ўвесну 1943 року, нацысты замаскавалі: мясцовасьць была выраўняная і засаджаная лесам. Масавыя пахаваньні былі выпадкова выяўленыя толькі ў 1961 року. Агулам у Калеві-Лійве расстраляна меркавана 3—6 тысячаў чалавек[15].

Прымусовая праца і зьнішчэньне іншаземных жыдоў на паўночным усходзе Эстоніі

рэдагаваць
  Вонкавыя выявы
Падрыхтаваныя да спальваньня целы вязьняў канцлягеру Клёага
  Фота на бачыне Яд ва-Шэму[22]
  Фота на бачыне Мэмарыяльнага музэю Галакосту[23]

16 сакавіка 1943 Герман Герынг аддаў сакрэтны загад пра аднаўленьне лупняковаздабыўчай і лупняковаперапрацоўчай прамысловасьці Эстоніі. Пасьля гэтага дэпартаваныя ў Эстонію жыды масава выкарыстоўваліся на прымусовых працах у лягерох сыстэмы «Вайвара», створаных нацыстамі на паўночным усходзе Эстоніі. Сыстэма падпарадкоўвалася Генэральнай управе эканамічнай і гаспадарчай дзейнасьці СС. Асобнай філіяй гэтае сыстэмы быў лягер Клёага непадалёк ад Таліну[24]. Лягерны комплекс «Вайвара» ствараўся пад даводзтвам нямецкіх афіцэраў Ганса Амаера, Ота Брэнэ і Франца фон Бодмана.

Гісторык Антон Вайс-Вэнт піша, што лягеры прымусовае працы адыгралі істотную ролю, працягнуўшы жыцьці шматлікіх жыдоў, а таксама сталі ключавым фактарам у забесьпячэньні Нямеччыны сынтэтычнай нафтаю, здабыванай з лупняковай смалы ў паўночна-ўсходняй частцы Эстоніі[25].

У канцлягеры Клёага і Вайвара ў 1943—1944 роках з Латвіі, Летувы і Польшчы былі накіраваныя каля 10 тысячаў жыдоў для цяжкае фізычнае працы. Ад 5 да 6 тысячаў былі замардаваныя або загінулі[2]. Так, з 19 да 23 верасьня 1944 року ў Клёазе было зьдзейсьненае масавае забойства вязьняў[16][18], загінулі 1634 жыды і 150 савецкіх ваеннапалонных. Лягеры ахоўвалі 300 чалавек з 287-га і 290-га эстонскіх паліцыйных батальёнаў. Усімі астатнімі пытаньнямі, зьвязанымі з функцыянаваньнем лягероў, кіравалі немцы[1].

Апошняй буйной групоўкай замежных жыдоў, дэпартаваных у Эстонію, быў так званы «Канвой 73». У траўні 1944 878 францускіх жыдоў з канцлягеру Дрансі былі дэпартаваныя ў Прыбалтыку. Зь іх каля 300 чалавек былі дастаўленыя ў Батарэйную турму ў Таліне. З усяе групы ацалелі крыху больш за 20 чалавек, накіраваных у лягер Ласнамяэ, астатнія былі забітыя[26][27][28].

Увосень 1944 у сувязі з наступам савецкай арміі рэшта жыдоў зь лягераў былі адасланыя цераз Балтыйскае мора ў канцэнтрацыйны лягер Штуттгаф каля Данцыгу[6][29].

Большасьць забітых у Эстоніі жыдоў былі замежнымі, эстонскія складалі крыху болей за 10% ад усіх загінулых[1]. Клёага быў першым вызваленым канцэнтрацыйным лягерам, дзе былі дакумэнтальна зафіксаваныя злачынствы, зьдзейсьненыя ў часе Галакосту[30].

Удзел эстонскіх калябарантаў у вынішчэньні жыдоў па-за межамі Эстоніі

рэдагаваць

Як адзначана ў матэрыялах Міжнароднае камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў супраць чалавечнасьці пад эгідай прэзыдэнта Эстоніі, эстонскія паліцыянты бралі непасрэдны ўдзел ня толькі ў ахове канцлягераў «Вайвара», Ягала, у Тарту, Таліне і лягераў для савецкіх ваеннапалонных, дзе адбываліся шматлікія мардаваньні вязьняў, але і ў суправаджэньні перавозімых зь Вільні жыдоў у канцэнтрацыйныя лягеры ў Эстоніі, а таксама ў ахове перавалачнага лягеру для жыдоў у Ізьбіцы (Польшча), дзе была зьнішчаная значная колькасьць жыдоў, і жыдоўскіх гета ў Лодзі, Пшэмысьлі, Жэшаве і Тарнопалі[17].

У жніўні 1942 жаўнеры і афіцэры 36-га паліцэйскага батальёну, сфармаванага ў пачатку 1942 з добраахвотнікаў на тэрыторыі Эстоніі (Тарту, Курэсаарэ, Хіюмаа, Саарэмаа), бралі ўдзел у акцыі па вынішчэньні жыдоўскага насельніцтва ў раёне места Наваградак (Беларусь).

Згодна з паказаньнямі затрыманых пасьля вайны былых удзельнікаў акцыі, 3—4 жніўня ўвесь 36-ы паліцэйскі батальён быў накіраваны ў Беларусь, дзе на станцыі Наваельня яго выгрузілі, накіравалі ў Наваградак і раскватаравалі ў кашарах на ўскрайку места. Масавыя забойствы жаўнерамі гэтага батальёну адбываліся ў раёне Наваградку, станцыі Наваельня і каля вёскі Зьдзецелу, за 20—30 кілямэтрах ад Наваградку. Уночы паліцыянты ачаплялі хаты, выганялі жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей, на плошчу, прымушалі ў чаканьні пагрузкі легчы ніцма на зямлю, а пасьля зранку асобнымі партыямі вывозілі на грузавіках да месцаў расстрэлу. Затрыманых саміх прымушалі капаць равы, у якія пасьля скідалі расстраляных. Агулам у раёне Наваградку, паводле паказаньняў затрыманых, было зьнішчана каля 1000 чалавек, у вёсцы Зьдзецеле — ад 1000 да 1500 чалавек.

Батальён знаходзіўся ў дадзеным раёне каля месяцу, пасьля чаго быў перакінуты пад Сталінград[31][32][33].

16 сакавіка 1943 Герман Герынг аддаў сакрэтны загад пра аднаўленьне лупняковаздабыўчай і лупняковаперапрацоўчай прамысловасьці Эстоніі. Пасьля гэтага дэпартаваныя ў Эстонію жыды масава выкарыстоўваліся на прымусовых працах у лягерах сыстэмы «Вайвара», створаных нацыстамі на паўночным усходзе Эстоніі. Сыстэма падпарадкоўвалася Генэральнай управе эканамічнай і гаспадарчай дзейнасьці СС. Асобнай філіяй гэтае сыстэмы быў лягер Клёага непадалёк ад Таліну[34].

Генацыд цыганаў

рэдагаваць

Акрамя жыдоў, нацысцкая расавая палітыка прадугледжвала таксама вынішчэньне цыганаў. Першапачаткова на тэрыторыі краінаў Балтыі немцы рабілі адрозьненьне між аседлымі і вандроўнымі цыганамі. Вандроўныя цыганы падлягалі ліквідацыі як асацыяльныя элемэнты. Аседлыя цыганы, якія мелі сталую занятасьць, разглядаліся як падазроныя элемэнты і мусілі знаходзіцца пад наглядам паліцыі. Аднак у 1943 року іх таксама пачалі арыштоўваць і зьнявольваць у канцлягерох[35].

Дакладная колькасьць цыганаў на тэрыторыі Эстоніі перад акупацыяй невядомая; у 1934 року іх было 766 чалавек. На чэрвень 1941 іхні лік ацэньваецца ад 800 да 1000[35]. Пэўна вядома, што 243 эстонскія цыганы былі забітыя ў канцы кастрычніка 1942 року. Акрамя іх, у Эстоніі забівалі таксама дэпартаваных цыганаў з Чэхаславаччыны. Агульная колькасьць забітых у пэрыяд Галакосту ў Эстоніі цыганаў ацэньваецца ад 400 да 1000 чалавек. Частка эстонскіх цыганаў перажылі вайну[3]. Помнік загінулым цыганам усталяваны ў Калеві-Лійве ў 2007 року[36].

Пасьля вайны

рэдагаваць

У другой палове 1940-х у Эстонію вярнуліся шматлікія жыды, якія эвакуяваліся ў 1941 року ва ўнутраныя раёны СССР[37]. З 1956 року ў рэспубліку сталі вяртацца шматлікія з дэпартаваных 14 чэрвеня 1941 року. Паводле перапісу, у 1959 у Эстоніі пражывалі 5500 жыдоў[6].

Расьсьледаваньне злачынстваў, зьдзейсьненых нацыстамі і іхнімі памагатымі, не надавала асаблівае ўвагі пагалоўнаму забойству жыдоў[8]. Сьледчых цікавілі ў большай ступені забойствы камуністаў і савецкіх дэсантнікаў. Аднак у адкрытых судах над вайсковымі злачынцамі, праведзеных у 1960-я па ўсім балтыйскім рэгіёне, масаваму зьнішчэньню жыдоў было адведзенае важнае месца, — у прыватнасьці, інфармацыя пра масавы гвалт у Клёазе прагучэла на судовым працэсе(en) ў Таліне ў 1961 року[1]. 11 сакавіка 1961 начальнік палітычнай паліцыі Айн-Эрвін Мэрэ, памочнік начальніка лягера ў Ягале Ральф Герэц і ахоўнік Яан Війк былі завочна прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня за саўдзел у масавых забойствах, у тым ліку шматлікіх жыдоў[38][39]. Чацьвёрты абвінавачваны па гэтай справе Аляксандар Лаак скончыў жыцьцё самагубствам у Канадзе[40][41][42][43][44].

Шэраг крыніц адзначае, што пасьля вайны сутнасьць Галакосту наўмысна замоўчвалася ўладамі СССР[7][45][46]. Характарызуючы прычыны паваеннай інфармацыйнай палітыкі ў СССР у пытаньні асьвятленьня Галакосту, Алег Будніцкі адзначае, што адной з асноваў ідэалёгіі савецкага кіраўніцтва ў адносінах вайны была ідэя пра адзінства савецкага народу, і ў адпаведнасьці зь ёй асобнай памяці пра вайну які-кольвек народ не павінен быў мець. Савецкая ўлада асьцерагалася росту нацыяналізму, у тым ліку жыдоўскага, асабліва пасьля ўтварэньня дзяржавы Ізраіль. Яшчэ адной прычынай, па якой савецкая ўлада не хацела публічнага абмеркаваньня дадзенага пытаньня, быў удзел у забойствах жыдоў калябарантаў, у тым ліку эстонскіх. Савецкая ўлада змагалася з нацыяналістамі і не хацела, каб гэтыя праблемы дэбатаваліся пры абмеркаваньні злачынстваў супраць жыдоў[47].

На помніках ахвяры Галакосту ў савецкі час былі абазначаныя як «антыфашысты», «савецкія грамадзяне» або «грамадзяне замежных дзяржаваў», нацыянальнасьць забітых пазначаць было забаронена. Адзіны памятны знак канкрэтна ахвярам Галакосту ўдалося ўсталяваць у 1973 року на жыдоўскіх могілках у Рахумяэ[48].

Хоць першыя публікацыі пра Галакост у Эстоніі зьявіліся ўжо ў 1960-я, акадэмічныя дасьледаваньні гэтае праблемы сталі магчымыя толькі па аднаўленьні ў 1991 року эстонскай дзяржаўнасьці[49].

Адной з апошніх падзеяў у СССР, зьвязаных з Галакостам у Эстоніі, стала выдача Злучанымі Штатамі ў 1987 року вайсковага злачынцы — былога камэнданту канцлягеру ў Тарту Карла Лінаса. У СССР ён быў у чэрвені 1962 завочна прысуджаны да сьмяротнай кары ў сувязі с удзелам у зьнішчэньні ад 3500 да 12 тысячаў чалавек, частка зь якіх была жыдамі[21][50][51][52]. У 1987 Лінас сканаў у турэмным шпіталі ў Ленінградзе.

Месцы, зьвязаныя з Галакостам

рэдагаваць

На акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Эстоніі было створана больш за 150 разнастайных месцаў гвалтоўнага ўтрыманьня і зьнішчэньня грамадзянаў. Паводле розных ацэнак, ад 19 да 21 зь іх адносіліся да катэгорыі канцлягераў. Разыходжаньні тлумачацца тым, што 2 лягеры мелі дадатковыя аддзяленьні[1][53].

Месцы зьнішчэньня эстонскіх жыдоў

рэдагаваць
 
Будынак былой Батарэйнай турмы ў Таліне (цяпер музэй), дзе ў гады Галакосту масава расстрэльвалі жыдоў
  • Тарту:
    • канцлягер на тэрыторыі былой тартускай выставы;
    • супрацьтанкавы роў на пад’ездах да места
  • Пярну:
    • г. зв. «Амбар Бэці» ў зарэчнай частцы места;
    • памяшканьне былой сынагогі на вул. Лаацарэці, 2;
    • братэрскія магілы ў лесе Раэкюла і ў лесе Рэю.
  • Талін:

Месцы зьнішчэньня іншаземных жыдоў

рэдагаваць

Канцлягеры сыстэмы Вайвара

рэдагаваць
  • Вайвара (лягер ля чыгуначнай станцыі і ля заводу мінэральных аліваў)
  • Нарва-Ост (цяпер на тэрыторыі Расеі)
  • Гунгербург (Нарва-Йыэсуў)
  • Эрэдзі (з асобнай «працоўнай камандай» у Кохтле)
  • Голдфілдз
  • Йыхві
  • Кунда[54]
  • Клёага
  • Ківіылі
  • Лагедзі
  • Війвікона 1[54] і 2[54]
  • Сонда
  • Аўвэрэ
  • Азэры
  • Соска
  • Путкі
  • Кукрузэ
  • Курэмяэ[54]

Сучасная Эстонія

рэдагаваць

Ратавальнікі жыдоў

рэдагаваць

У Эстоніі налічваецца тры праведнікі народаў сьвету — нежыды, якія ратавалі жыдоў з пагрозай для ўласнага жыцьця і бясьпекі, якія ўганараваныя гэтым званьнем ізраільскім інстытутам Яд ва-Шэм. Двое з траіх праведнікаў — сужэнцы Уку і Эха Мазінгі, якія ўратавалі студэнта Ізідар Левін, у наступным вядомага навукоўцу-філёляга[55][56].

Уку Мазінг быў прызнаны праведнікам у 1969 року, а ягоная жонка — толькі ў 1996. Апошнім праведнікам сьвету ў Эстоніі 3 ліпеня 2003 была прызнаная Паліна Ленцман[57], якая ратавала жыдоў у Крыме ў 1942—1944 роках[58][59].

Акрамя трох афіцыйна прызнаных праведнікамі сьвету, дапамогу эстонскім жыдам падчас Галакосту аказвалі таксама фэльдфэбель паліцыі бясьпекі Бэрт Нэйцафф, навуковец Паўль Арыстэ і мноства іншых жыхароў Эстоніі. Эльвінэ Хінзбэрг была арыштаваная і правяла 2 гады ў лягеры за дапамогу вязьням-жыдам[60].

Большасьць гэтых людзей засталіся невядомымі з-за таго, што сыстэматычная праца па высьвятленьні іхніх імёнаў пачалася не адразу па вайне, а толькі праз 50 гадоў па яе сканчэньні, з падзеньнем савецкай улады ў Эстоніі[61]. Шэраг выпадкаў дапамогі жыдам у Эстоніі апісаны ў кнізе доктара гістарычных навук Марка Дваржэцкага «Белыя ночы і чорныя дні»[62].

Дасьледаваньні Галакосту

рэдагаваць

Навуковыя дасьледаваньні Галакосту ў СССР знаходзіліся пад негалоснай забаронай[7]. Таму першыя публікацыі пра генацыд жыдоў у Эстоніі выходзілі за мяжой. Прыкладам зьяўляецца выдрукаваная ў 1970 року ў Ізраілі кніга «Жыдоўскія лягеры ў Эстоніі. 1942—1944» Марка Дваржэцкага, які сам быў вязьням аднаго з канцлягераў[63].

Першай буйной публікацыяй на гэтую тэму ў Эстонскай рэспубліцы стала выпушчаная на эстонскай мове кніга дачкі дырэктара даваеннай Талінскай жыдоўскай гімназіі Яўгеніі Гурын-Лоаў «Вялікае зьнішчэньне. Катастрофа эстонскіх жыдоў. 1941»[64]. Яна здолела знайсьці сьледчыя справы эстонскай паліцыі бясьпекі, але разгледзела толькі забойствы эстонскіх жыдоў у адрыве ад агульнай карціны Галакосту ў Эстоніі. Рэцэнзія на гэтую кнігу была апублікаваная ў гістарычным часопісе Тартускага ўнівэрсытэту[1].

У 2001 року эстонскі літаратурны часопіс «Vikerkaar» выдаў адмысловы нумар, прысьвечаны Галакосту. Нароўні з урыўкамі з кнігаў вядомых замежных аўтараў, такіх як Элі Візэль, Прыма Леві, Віктар Клемпэрэр і Раўль Хільбэрг, часопіс зьмясьціў два артыкулы эстонскіх гісторыкаў[1][65].

Эстонскае выданьне папулярнае кнігі Стэфана Брухфэльда і Пола Левіна «Перадайце пра гэта дзецям вашым…]]» (2003)[66] зьмяшчае разьдзел пра Галакост у Эстоніі, напісаны Сулевам Валдмаам з Інстытуту Яана Тынісана ў Таліне[67]. Кніга была выпушчаная накладам 3000 на эстонскай мове і 1000 — на расейскай, прадмову напісаў прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руўтэль[68]. Яшчэ адно дасяжнае выданьне пра лёс эстонскіх жыдоў у пэрыяд вайны апублікаваў папулярызатар жыдоўскае літаратуры сярод эстонцаў і заснавальнік выдавецтва «Aviv» Эльханэн Сакс[49].

Шэраг артыкулаў па гэтай тэматыцы быў апублікаваны гісторыкамі Меэлісам Марыпуў (эст. Meelis Maripuu) і Рыхам Вястрыкам (эст. Riho Västrik). Вялікі ўнёсак у вывучэньне праблемы склалі Міжнародная камісія па расьсьледаваньні злачынстваў супраць чалавечнасьці пры прэзыдэнце Эстоніі і супрацоўнік Цэнтру Галакосту ў Осьлё Антон Вайс-Вэнт[49].

У кнізе «Murder without Hatred. Estonians and the Holocaust» Вайс-Вэнт піша, што ўдзел эстонцаў у генацыдзе ня быў адназначна зьвязаны з антысэміцкімі і ўльтраправымі настроямі. На думку Вайс-Вэнта, эстонцы засталіся абыякавыя да расавых ідэяў нацыстаў, аднак узялі ўдзел у іхнім пляне зьнішчэньня жыдоў як хаўрусьнікі, у разьліку на адраджэньне незалежнасьці Эстоніі пад нямецкім валадараньнем[69]. Падобную думку ў частцы адмаўленьня масавага антысэмітызму эстонцаў выказвае Меэліс Марыпуў. Ён піша, што поруч з даносамі на жыдоў з боку эстонцаў, у дакумэнтах фігуруюць таксама заявы і просьбы эстонцаў да нямецкіх уладаў пра вызваленьне асобных жыдоў, уключаючы станоўчыя характарыстыкі і парукі за іх. Эстонскія гісторыкі ў цэлым і Марыпуў у прыватнасьці мяркуюць, што ўдзел эстонцаў у генацыдзе быў выкліканы агульнаю разьлютаванасьцю ваеннага часу і «помстаю» за савецкія рэпрэсіі[8].

Адмаўленьне Галакосту

рэдагаваць

Адмаўленьне Галакосту ў Эстоніі распаўсюдзілася напрыканцы 1990-х рокаў і з тае пары трывала ўкаранілася. Укараненьню гэтай ідэі спрыяла публікацыя ў 2001 кнігі Юргена Графа «Міт пра Галакост»[1].

Найбольш вядомымі эстонскімі адмаўленцамі Галакосту зьяўляюцца савецкія дысыдэнты Юры Ліна і Тыйт Мадысан. Абодва жывуць па-за межамі Эстоніі, прычым Мадысан у 1996 року быў арыштаваны ў Эстоніі за падрыхтоўку ўзброенага дзяржаўнага перавароту[70][71]. У 2003 выйшла кніга Ліна «Пад знакам Скарпіёна: уздым і падзеньне Савецкай улады», а пасьля кнігі Мадысана — «Новы парадак: сакрэтная дзейнасьць жыдоў і масонаў па заняволеньні нацыяў і дзяржаваў» (2004) і «Галакост: Самая засмучальная сіянісцкая хлусьня ХХ стагодзьдзя» (2006)[1].

Шэраг прадстаўнікоў эстонскіх уладаў адмаўлялі альбо замоўчвалі ўдзел эстонскіх калябарантаў у генацыдзе жыдоў. Так, у траўні 2005 року прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руўтэль сказаў у інтэрвію газэце «Аргументы и факты»[72]:

Я не валодаю зьвесткамі, што эстонцы бралі ўдзел у расстрэлах жыдоў і што яны ўвогуле зьдзяйсьнялі такія справы ў Эстоніі… магу сказаць з поўнай упэўненасьцю — удзел эстонцаў у расстрэлах жыдоўскага насельніцтва выключаны.

У заяве Міністэрства абароны Эстоніі ў сьнежні 2008 віна за злачынствы Галакосту была ўскладзеная выключна на нацыстаў з замоўчаньнем пра ролю эстонскіх калябарантаў[73].

Адмаўленьне Галакосту ня ёсьць злачынствам у Эстоніі, няма эфэктыўна дзейсных легальных мэханізмаў для папярэджаньня распаўсюду падобных поглядаў і літаратуры[1].

 
Помянік ахвярам Галакосту ў лягеры Клёага, адкрыты 24 ліпеня 2005

З моманту аднаўленьня эстонскай дзяржаўнасьці ў краіне ладзяцца мерапрыемствы, зьвязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў і падзеяў Галакосту. У прыватнасьці, да 60-рочча масавых расстрэлаў у лягерох Лагедзі і Клёага былі ўсталяваныя памятныя знакі.

У 2001 і 2002 былі ўсталяваныя памятныя знакі ў гонар загінулых эстонскіх жыдоў у Таліне і Тарту[18].

З 27 января 2003 у Эстоніі на агульнадзяржаўным узроўні адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту[74][75].

У 2001 року Эстонія фінансавала эстонамоўную вэрсію міжнароднага адукацыйнага праекту The Courage To Remember[76], а 5 сьнежня 2007 далучылася да Міжнароднае арганізацыі па супрацоўніцтве ва ўшанаваньні і вывучэньні Галакосту (ITF), зрабіўшыся 25-м сябрам арганізацыі[77][78] і трэцім з постсавецкіх дзяржаваў пасьля Летувы (2002)[79] і Латвіі (2004)[80].

У супрацоўніцтве Міністэрства культуры Эстоніі і шэрагу амэрыканскіх арганізацыяў усталёўваюцца памятныя знакі ў Кохтла-Нымэскай, Азерыскай і Ілукаскай валасьцёх Іда-Вірускага павету й іншых месцах, дзе знаходзіліся канцэнтрацыйныя лягеры, у якіх забівалі жыдоў[81]. Па стане на 2009 рок такія памятныя знакі ўсталяваныя ў 16 месцах, у тым ліку 5 — у Таліне і ваколіцах і 8 — у павеце Іда-Вірумаа[48].

У кастрычніку 2009 у Пярну быў усталяваны помнік жыдоўскім дзецям — ахвярам Галакосту, расстраляным нацыстамі ўвосень 1941[82].

На пачатку 2007 року ў Таліне адбылася найбуйнейшая ў паўночных краінах выстава на тэму Галакосту: «Exodus — мінуўшчына жыдоўскага народу». На ёй было прадстаўлена каля 500 фатаздымкаў, дакумэнтаў, пісьмаў і мапаў[83].

16 траўня 2010 у Таліне была адкрытая выстава «Канвой нумар 73», прысьвечаная жыдам, дэпартаваным нацыстамі ў 1944 з Францыі ў Коўну і Талін. 2 чэрвеня 2010 ля брамы былой Батарэйнай турмы быў усталяваны манумэнт у гонар замардаваных тут францускіх жыдоў. У цырымоніі адкрыцьця помніку ўзяў удзел мэр Таліну Эдгар Савісаар[28][84].

28 чэрвеня 2010 прэзыдэнт Эстоніі Тоамас Ільвэс наведаў музэй Катастрофы і гераізму Яд ва-Шэм у Ерусаліме, дзе ўшанаваў памяць ахвяраў Галакосту і адведаў Алею праведнікаў сьвету, спыніўшыся ля дрэва, высаджанага ў гонар эстонскага праведніка Уку Мазінга[85].

27 студзеня 2012 у Цэнтры жыдоўскай суполкі Эстоніі ў Таліне была адкрытая Галерэя памяці ахвяраў Галакосту ў гонар 974 эстонскіх жыдоў, што загінулі ў пэрыяд нацысцкай акупацыі. На цырымоніі выступіў прэм’ер-міністар Эстоніі Андрус Ансып[86].

Падрабязнасьці Галакосту ў Эстоніі зьяўляюцца прадметам грамадзкай і навуковай дыскусіі[87][88], хоць, як лічыць Антон Вайс-Вэнт, эстонцы мала цікавяцца гэтай тэмай[1].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Вайс-Вендт А. Почему Холокост ничего не значит для эстонцев // Journal of Baltic Studies. — December 2008. — Т. Vol.39. — № 4. — С. 475 — 497.
  2. ^ а б в г д Холокост в Эстонии (рас.) Эстоніка Праверана 20 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  3. ^ а б Рапорты Международной комиссии Эстонии по расследованию преступлений против человечности. Этап II – Оккупация Эстонии Германией 1941—1944. — Тарту: 2005. — С. 21.
  4. ^ Советская и немецкая оккупации в Эстонии (рас.). Посольство Эстонии в Киеве. Праверана 4 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  5. ^ Каталог еврейского музея Эстонии (рас.). Еврейский музей Эстонии. Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г. — с. 13.
  6. ^ а б в г д е ё Артыкул «Эстония» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі  (рас.)
  7. ^ а б в г д е ё Антон Вайс-Вендт. Советская оккупация Эстонии в 1940-41 и евреи // Holocaust and Genocide Studies. — 1998. — В. 2. — Т. 12.
  8. ^ а б в г д е ё ж з і к Марипуу М. Холокост эстонских евреев и эстонцы // Vikerkaar. — авг.-сент. 2001. — ISSN 0234-8160.
  9. ^ Высяленьне адбывалася ў рамках кампаніі савецкае ўлады, якая афіцыйна называлася «ачышчэньнем» ад «антысавецкага, крымінальнага і сацыяльна небясьпечнага элемэнту» і чальцоў іхніх сем’яў,(а) на думку сучасных эстонскіх гісторыкаў, гэтае высяленьне зьяўлялася злачынствам супраць чалавечнасьці ў выглядзе «шырокамаштабнага і сыстэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асобаў, калі такі напад зьдзейсьнены сьвядома»(б) альбо як акт генацыду(в)
    а) Дюков А. Р. Миф о геноциде: Репрессии советских властей в Эстонии (1940—1953). — Москва: Алексей Яковлев, 2007. — 140 с. — ISBN 978–5–903588–05–3
    б)Справаздача Міжнароднай камісіі па злачынствах супраць чалавечнасьці пры прэзыдэнце Эстоніі
    в) «Белая кніга», Март Лаар
  10. ^ а б Лебедев Н. (25 лютага 2010) Эстония и её евреи (рас.) Jewish.ru. ФЕОР. Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  11. ^ а б в г д Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944. Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009; с. 9-11.
  12. ^ Беркович Е. М. Между молотом и наковальней (рас.). Альманах «Порт-Фолио». Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  13. ^ Рапорты Международной комиссии Эстонии по расследованию преступлений против человечности: Оккупация Эстонии Советским Союзом, 1940—1941; Оккупация Эстонии Германией, 1941—1944. — Тарту: 2005. — С. 13.
  14. ^ Dov Levin. Estonian Jews in the U.S.S.R., 1941—1945 // Yad Vashem Studies. — 1971. — Т. vol. XI. — С. 273—297.
  15. ^ а б в Кац Й. Билет до станции Раазику // Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944 / Зданкевич А.. — Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009. — С. 12-14.
  16. ^ а б в г Альтман И. А. Глава 4. § 2. Уничтожение евреев в Прибалтике // Холокост и еврейское Сопротивление на оккупированной территории СССР. — СПб: .
  17. ^ а б в г д Рапорты Международной комиссии Эстонии по расследованию преступлений против человечности. Этап II – Оккупация Эстонии Германией 1941—1944. — Тарту: 2005.
  18. ^ а б в г Каталог еврейского музея Эстонии (анг.). Еврейский музей Эстонии. Праверана 24 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г. — с. 6—7.
  19. ^ Чуев С.Г. Территориальные органы полиции безопасности и СД // Спецслужбы Третьего Рейха. — Olma Media Group, 2003. — С. 62. — (Досье (Олма-Пресс).: Спецслужбы мира). — ISBN 9785765428313
  20. ^ Немецкая оккупационная власть в Эстонии (рас.) Эстоніка Праверана 2 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  21. ^ а б Vastrik R. Tapmisega peab harjuma // Luup. — Tallinn: Postimees, 2000. — В. 6 (115). — ISBN мова =et.
  22. ^ Bodies of Jewish victims on wood pyres in the Klooga slave labor camp, Estonia (анг.). Yad VashemПраверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  23. ^ Soviet officials view stacked corpses of victims at the Klooga camp. Due to the rapid advance of Soviet forces, the Germans did not have time to burn the corpses. Klooga, Estonia, 1944. (анг.). United States Holocaust Memorial MuseumПраверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  24. ^ Кац Й. В системе «Вайвара» // Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944 / Зданкевич А.. — Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009. — С. 15—16.
  25. ^ Вайс-Вендт А. Бизнес выживания: ООО «Балтийская нефть» и лагеря принудительного труда для евреев в Эстонии = Baltic Oil’ Ltd and Jewish Forced Labor Camps in Estonia // Yad Vashem Studies. — Yad Vashem, =2008. — В. 2. — Т. 36. — С. 45—71.
  26. ^ Кац Й. (7 чэрвеня 2010) «Мне удалось выжить по стечению обстоятельств…» (рас.). Столица. Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  27. ^ Конвой номер 73 (рас.). Агентство еврейских новостей (16 траўня 2010). Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  28. ^ а б В музее почтили память погибших евреев (рас.). Эстонская общественная телерадиовещательная корпорация (14 траўня 2010). Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  29. ^ Эстония (рас.) Энциклопедия Катастрофы. Яд ва-ШэмПраверана 6 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  30. ^ В Эстонии поминают жертв Холокоста (рас.). Postimees (27 студзеня 2010). Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  31. ^ Эстония. Кровавый след нацизма. 1941—1944. — М.: Европа, 2006. — С. 9—12, 15—19. — (Евровосток). — 1000 ас. — ISBN 5-9739-0087-8
  32. ^ Erelt P. Eestlased võisid osaleda Valgevene massimõrvas // Ээсти экспресс. — 10 траўня 200?.
  33. ^ Беркович Е. М. Между молотом и наковальней (рас.). Альманах «Порт-Фолио». Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  34. ^ Воякина Н., Макаров В. Путь в ЕС под марш СС // Военно-промышленный курьер : газэта. — 2—8 августа 2006. — В. 29 (145).
  35. ^ а б Anton Weiss-Wendt. Extermination of the Gypsies in Estonia during World War II: Popular Images and Official Policies // Holocaust and Genocide Studies. — 2003. — В. 17. — Т. 1. — С. 31—61.
  36. ^ Põhja- Eesti Romade Ühing (рас.). Международная ассоциация национальных культур «Лира». Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  37. ^ «Евреи в Эстонии» // Институт Эстонии, июль 1997
  38. ^ Weiss-Wendt A. Extermination of the Gypsies in Estonia during World War II: Popular Images and Official Policies // Holocaust and Genocide Studies. — 2003. — В. 17.1. — С. 31—61.
  39. ^ Estonian policemen stand trial for war crimes — Video footage at the United States Holocaust Memorial Museum
  40. ^ Pat Nagle. (September 8, 1960) Laak Widow Suspects 'Outsiders' (анг.). Montreal Gazette. Праверана 17 жніўня 2010 г.
  41. ^ War Policeman Tells Of Deaths (анг.) AP. The Spartanburg Herald (March 7, 1961). Праверана 17 жніўня 2010 г.
  42. ^ Estonians Here Fear Red "Hate" Campaign (анг.) CP Праверана 17 жніўня 2010 г.
  43. ^ Joseph Berger. Survival Tales Told in Snapshots: Czech Jews Enduring the Holocaust // The New York Times. — March 27, 2010. — С. C1.
  44. ^ Myrone Love. Manitoba RCMP looking into 30-year-old suicide of alleged Nazi // The Jewish Post & News. — Winnipeg: February 20, 1991. — С. 2.
  45. ^ Альтман М.М. Раздел 3. Отрицание Холокоста в России // Отрицание Холокоста: история и современные тенденции / И.А. Альтман. — М.: Фонд «Холокост», 2001. — 88 с. — (Российская библиотека Холокоста). — ISBN 5-89897-008-8
  46. ^ Полян П.М. Как освобождали Освенцим // Еврейская газета. — травень 2008. — В. 05 (69).
  47. ^ Толстой И. (21 сакавіка 2010) Холокост на советской территории: Беседа с профессором Олегом Будницким (рас.). Радио СвободаПраверана 22 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-20 г.
  48. ^ а б Кац Й. Приложение 2. Памятники памятные знаки жертвам Холокоста на территории современной Эстонии // Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944 / Зданкевич А.. — Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009. — С. 30—32.
  49. ^ а б в Кац Й. Пятно на карте // Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944 / Зданкевич А.. — Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009. — С. 3—4.
  50. ^ Haukka J. (11.12.2009) John Demjanjuki ja Karl Linnase lugu (эст.). PostimeesПраверана 21 красавіка 2012 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  51. ^ Jerome S. Legge Jr. The Karl Linnas Deportation Case, the Office of Special Investigations, and American Ethnic Politics // Holocaust and Genocide Studies. — Oxford: Oxford University Press, 2010. — В. 24 (1). — С. 26—55. — ISSN 8756-6583. — DOI:10.1093/hgs/dcq002
  52. ^ 12 000. Tartus 16.-20. jaanuaril 1962 massimõrvarite Juhan Jüriste, Karl Linnase ja Ervin Viksi üle peetud kohtuprotsessi materjale / Koostanud Karl Lemmik ja Ervin Martinson. — Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus, 1962.
  53. ^ Выплата бывшим узникам нацизма в Эстонии (рас.). Белорусский республиканский фонд «Взаимопонимание и примирение». Праверана 22 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  54. ^ а б в г Знаходжаньне жыдоў у гэтых лягерох зьяўляецца спрэчным
  55. ^ Аавиксоо: среди эстонцев были преступники и праведники (рас.) Столица Праверана 22 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  56. ^ Уку Мазинг — Праведник Мира (рас.). Общество русско-эстонской дружбы (7 траўня 2010). Праверана 22 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  57. ^ Righteous Among the Nations Honored by Yad Vashem By 1 January 2011 (анг.) The Holocaust Martyrs` and Heroes` Remembrance Authority. Yad Vashem (2011). Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  58. ^ Лист свидетельских показаний (рас.)
  59. ^ Ленцман Полина (1907 — 1990) (рас.) Праведники народов мира. Яд ва-ШэмПраверана 10 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 2012-06-18 г.
  60. ^ Каталог еврейского музея Эстонии (рас.). Еврейский музей Эстонии. Праверана 21 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г. — с. 14.
  61. ^ Кац Й. Имя и память // Под грифом «Judenfrei»: Холокост на территории оккупированной нацистами Эстонии, 1941—1944 / Зданкевич А.. — Таллин: Еврейская община Эстонии, 2009. — С. 24-27.
  62. ^ Dvorzetski M. Weise Necht un Swarze Teg (Yidn lagern in Estonia). — Tel Aviv: 1970. — 440 с.
  63. ^ Mark Dworzecki. Mahanot ha-yehudim be-Estoniya: Ha-tmurot be-shitat ha-hovalot u-ve-shitat ha-mahanot, amidat ha-asirim, ha-mahteret, ha-briha le-yaarot. — Jerusalem: Yad Vashem, 1970.
  64. ^ Suur häving. Eesti juutide katastroof 1941. — Tallinn: Eesti Juudi Kogukond, 1994.
  65. ^ Vikerkaar nr 8-9/2001 (эст.). Vikerkaar (2001). Праверана 19 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  66. ^ Bruchfed S., Levine P. Jutustage sellest oma lastele… Raamat holokaustist Euroopas aastatel 1933—1945 = Om detta må ni berätta / tõlge Urho Meister. — Tartu: 2003. — 96 с. — 3000 ас. — ISBN 9949100003
  67. ^ Books and publications published in Estonia (анг.). Jaan Tõnisson Institute. — Published by Sulev Valdmaa articles, broschures and books in Estonia and in abroad about History, Civics, didactics and other social and pedagogical fields. Праверана 23 красавіка 2012 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  68. ^ У каждой страны — свой холокост (рас.). Молодёжь Эстонии (24 красавіка 2003). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  69. ^ Anton Weiss-Wendt. Murder without Hatred. Estonians and the Holocaust (Syracuse: Syracuse University Press, 2009. 476 p.. Центр и Фонд Холокост. Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  70. ^ Цыганов А. В Эстонии полно горячих парней // Огонёк : часопіс. — М.: ЗАО «Издательский дом «Огонек», 2008. — В. 52.
  71. ^ Ланко Д.А. Крайне правый радикализм и комплексность политических представлений: пример Эстонии // Политэкс : часопіс. — СПб.: 2010. — В. 1.
  72. ^ Президент Эстонии Арнольд Рюйтель. Разве мы восхваляем нацизм? // Аргументы и факты. — 23 мая 2005. — № 12 (1273).
  73. ^ Брод А.С. (26 студзеня 2009) О реабилитации неонацизма, эскалации ксенофобии в Европе и США (рас.) (doc). Общественная палата Российской Федерации. Праверана 22 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-19 г.
  74. ^ Космынина Т. (27 студзеня 2011) В Таллине поминали жертв Холокоста (рас.). Эстонская общественная телерадиовещательная корпорация. Праверана 24 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  75. ^ Еврейская община Эстонии: Впервые факты Холокоста были задокументированы именно в Эстонии (рас.). ИА REGNUM (28 студзеня 2009). Праверана 24 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  76. ^ Courage to Remember (анг.). Центр Симона Визенталя. Праверана 14 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  77. ^ Гудым А. (5 декабря 2007) Эстония вступила в организацию по изучению Холокоста (рас.). Эстонская общественная телерадиовещательная корпорация. Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  78. ^ Holocaust Education, Remembrance, and Research in Estonia (анг.). Task Force for International Cooperation on Holocaust Education, Remembrance, and Research (2011). Праверана 14 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  79. ^ Holocaust Education, Remembrance, and Research in Lithuania (анг.). Task Force for International Cooperation on Holocaust Education, Remembrance, and Research. Праверана 14 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  80. ^ Holocaust Education, Remembrance, and Research in Latvia (анг.). Task Force for International Cooperation on Holocaust Education, Remembrance, and Research. Праверана 14 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  81. ^ В Эстонии открыты ещё 3 маркера в память о жертвах Холокоста (рас.). DELFI (7 августа 2009). Праверана 24 красавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  82. ^ В Пярну установлен памятник еврейским детям-жертвам Холокоста (рас.). Евроазиатский еврейский конгресс. Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  83. ^ В Таллине открыта крупнейшая в Северных странах выставка на тему Холокоста (рас.). ИА REGNUM (29.01.2007). Праверана 19 траўня 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  84. ^ Эдгар Сависаар: Ответственность ложится и на Эстонию (рас.). Русский портал (2 чэрвеня 2010). Праверана 24 красавіка 2012 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  85. ^ President of Estonia at Yad Vashem Tomorrow (анг.). Yad Vashem (2010-6-27). Праверана 31 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  86. ^ Ансип: преступления, совершенные тоталитарными режимами, не имеют срока давности (рас.). Delfi (27 студзеня 2012). Праверана 21 лютага 2012 г. Архіўная копія ад 2012-02-24 г.
  87. ^ Eerik-niiles Kross. (2.12.1999) Eesti juutide saatus ja holokaust (эст.). Eesti Päevaleht. Праверана 24 красавіка 2012 г. Архіўная копія ад 2011-08-17 г.
  88. ^ Зеленская Ю. (03.08.2009) Холокост: память и предупреждение — Международный медиа клуб «Импрессум» (рас.) Праверана 24 красавіка 2011 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • 12 000. Tartus 16.-20. jaanuaril 1962 massimõrvarite Juhan Jüriste, Karl Linnase ja Ervin Viksi üle peetud kohtuprotsessi materjale / Koostanud Karl Lemmik ja Ervin Martinson. — Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus, 1962. — 244 с.
  • Balberyzki M. Shtarker fun Ayzn. — Tel Aviv: Ha-menorah, 1967.
  • Ruth Bettina Birn. Die Sicherheitspolizei in Estland 1941-1944: Eine Studie zur Kollaboration im Osten. — Schöningh, 2006. — 286 с. — ISBN 978-3506756145
  • Mark Dworzecki. Mahanot ha-yehudim be-Estoniya: Ha-tmurot be-shitat ha-hovalot u-ve-shitat ha-mahanot, amidat ha-asirim, ha-mahteret, ha-briha le-yaarot. — Jerusalem: Yad Vashem, 1970.
  • Eesti vaimuhaigete saatus Saksa okupatsiooni aastail (1941—1944) // Eesti Arst. — Märts 2007. — № 3.
  • Inimesed, olge valvsad! / Koostanud Vladimir Raudsepp. — Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus, 1961.
  • Martin S. Kull. Tartu koonduslaager. — Tartu: Eesti Ajalookirjastus, 2010. — 128 с. — ISBN 978-9949-21-316-0
  • Ervin Martinson. Elukutse — reetmine. — Eesti Raamat, 1970.
  • Ervin Martinson. Haakristi teenrid. — Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus, 1962.
  • Pruun katk. Dokumentide kogumik fašistide kuritegude kohta okupeeritud Eesti NSV territooriumil / Koostanud Ervin Martinson ja A. Matsulevitš. — Eesti Raamat, 1969.
  • Ants Saar. Vaikne suvi vaikses linnas. — Eesti Raamat, 1971.
  • SS tegutseb. Dokumentide kogumik SS-kuritegude kohta. — Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus, 1963.
  • Anton Weiss-Wendt. Murder without hatred: the Holocaust in Estonia. — Syracuse Univ Pr, 2009. — 476 с. — ISBN 978-0815632283
  • Эстония. Кровавый след нацизма: 1941—1944 годы. Сборник архивных документов. — Европа, 2006.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Галакост у Эстоніісховішча мультымэдыйных матэрыялаў