Вэнэсуэ́ла (афіц. Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла, гішп. República Bolivariana de Venezuela) — краіна на паўночным узьбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі. Краіна мяжуе з Гаянай на ўсходзе, Бразыліяй на поўдні і Калюмбіяй на захадзе. Сталіцай і найбуйнейшай гарадзкой аглямэрацыяй зьяўляецца горад Каракас. З Гаянай урад Вэнэсуэлы мае напружаныя адносіны праз патрабаваньне аб перадачы часткі спрэчнай тэрыторыі ў склад Вэнэсуэлы. Краіна мае надзвычай высокую біяразнастайнасьць і займае сёмае месца ў сьпісе дзяржаваў з найбольшай колькасьцю вядомых відаў[1].

Вэнэсуэла
гішп. Venezuela
Сьцяг Вэнэсуэлы Герб Вэнэсуэлы
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Dios y Federación
Дзяржаўны гімн: «Gloria al bravo pueblo»
Месцазнаходжаньне Вэнэсуэлы
Афіцыйная мова гішпанская
Сталіца Каракас
Найбуйнейшы горад Каракас
Форма кіраваньня Фэдэратыўная рэспубліка
Нікаляс Мадура
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
33-е месца ў сьвеце
916 445 км²
0,32
Насельніцтва
 • агульнае (2010)
 • шчыльнасьць
40-е месца ў сьвеце
29 105 632
30,2/км²
Этнічны склад
  • 51,6% мэтысы
  • 43,6% белыя
  • 2,9% чорныя
  • 1,2% іншыя
  • 0,7% афранашчадкі
СУП
 • агульны (2015)
 • на душу насельніцтва
Сьпіс краінаў паводле СУП
$491,585 млрд
$15 891
Валюта Балівар фуэртэ (VEF)
Часавы пас VET (UTC-4)
Незалежнасьць
— ад Гішпаніі
— ад Вялікай Калюмбіі

5 ліпеня 1811
13 студзеня 1830
Аўтамабільны знак YV
Дамэн верхняга ўзроўню .ve
Тэлефонны код +58

Тэрыторыя цяперашнай Вэнэсуэла была калянізавана Гішпаніяй у 1522 годзе на тле супраціву з боку карэнных народаў. У 1811 годзе краіна атрымала незалежнасьць і была ўключана ў склад фэдэральнай рэспублікі Вялікая Калюмбія, як адзін з рэгіёнаў. У 1830 годзе краіна атрымала поўную незалежнасьць. У XIX стагодзьдзі Вэнэсуэла пацярпела ад палітычных узрушэньняў і самаўладзьдзя з боку шэрагу вайсковых дыктатараў, што цягнулася ажно да сярэдзіны XX стагодзьдзя. З 1958 году краіна мела шэраг дэмакратычных урадаў. Эканамічныя крызы ў 1980-х і 1990-х гадоў прывялі да некалькіх палітычных крызаў, у тым ліку бунтаў у Каракасе ў 1989 годзе і дзьве спробы дзяржаўнага перавароту ў 1992 годзе. У 1993 годзе адбыўся імпічмэнт дзейнага прэзыдэнта Карляса Андрэса Пэрэса за растрату дзяржаўных сродкаў і абвалу даверу да кіруючай улады. У канцы 1990-х пачаўся ўздым кар’еры вайсковага афіцэра і аднаго з удзельнікаў перавароту Уга Чавэса, які запусьціў гэтак званую «Баліварыянскую рэвалюцыю». Пераўтварэньне дзяржавы пачалося ў 1999 годзе ва Ўстаноўчым сходзе, менавіта ў гэты час была напісаная новая канстытуцыя краіны, паводле якой назва краіны была зьмененан на Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла.

Дзяржава зьяўляецца фэдэратыўнай прэзыдэнцкай рэспублікай, якая складаецца з 23 штатаў і сталічнай акругі, а таксама залежных тэрыторыяў, якія ахопліваюць прыбярэжныя астравы Вэнэсуэлы. Акрамя таго, Вэнэсуэла дэкляруе сувэрэнітэт над часткай тэрыторыі Гаяны на захад ад ракі Эсэкіба плошчай у 159500 км²[2]. Вэнэсуэла зьяўляецца адной з самых урбанізаваных краінаў Лацінскае Амэрыцы[3][4], а пераважная большасьць вэнэсуэльцаў мешкаюць у гарадох на поўначы краіны, асабліва ў Каракасе, які зьяўляецца самым буйным горадам у Вэнэсуэле.

Нафта была знойдзена ў краіне ў пачатку XX стагодзьдзя, і, на сёньня, Вэнэсуэла мае найбуйнешыя ў сьвеце выведаныя запасы нафты і зьяўляецца адным зь вядучых сусьветных экспартэраў гэтае сыравіны. Раней краіна была слабаразьвітым экспартэрам сельскагаспадарчых тавараў, як то кава і какава, але нафта хутка выціснула астатнія пазыцыі з экспартнага сьпісу, то бок дзяржаўныя даходы ў першую чаргу базуюцца на нафце. Перанасычэньне сусьветнага рынку нафты ў 1980-я гады прывяло да крызы зьнешняй запазычанасьці і зацягнутай эканамічнай крызы ўнутры дзяржавы. Інфляцыя дасягнула піку на ўзроўні 100% у 1996 годзе і ўзровень беднасьці вырас да 66% у 1995 годзе, у той час як СУП на душу насельніцтва на 1998 год упаў да ўзроўню 1963 году, зьнізіўшыя на траціну ў параўнаньні зь пікам у 1978 годзе. Аднаўленьне коштаў на нафту на пачатку 2000-х гадоў падсілкавалі нафтавыя фонды Вэнэсуэлы, даючы магчымасьць аднавіць эканамічныя паказчыкі з 1980 году. Урад Вэнэсуэлы ачолены Уга Чавэсам затым усталяваў папулісцкую палітыку ў галіне сацыяльнага забесьпячэньня, якая першапачаткова спрыяла росту вэнэсуэльскай эканомікі і павелічэньню выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, а таксама часоваму скарачэньню эканамічнай няроўнасьці і беднасьці ў першыя гады рэжыму[5]. Тым ня менш, далейшае зьніжэньне коштаў на нафту прывяло да краху нацыянальнай эканомікі і дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне. Крыза прывяла да гіпэрінфляцыі і эканамічнай дэпрэсіі[6], недахопу асноўных спажывецкіх тавараў[7][8] і рэзкага павелічэньня беспрацоўя[9], беднасьці[10], распаўсюду хваробаў, дзіцячай сьмяротнасьці, недаяданьня і злачынства.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

Вэнэсуэла падзелена на 23 штаты (estados), адну фэдэральную (сталічную) акругу (distrito federal) і адно фэдэральнае ўладаньне (dependencia federal; 72 дробныя выспы ў Карыбскім моры). На муніцыпальным узроўні Вэнэсуэла падзяляецца на 335 муніцыпіяў (municipios), а на базавым — на 1084 паветы (parroquias).

Палітыка

рэдагаваць

Дзяржаўны лад

рэдагаваць

Вэнэсуэла — фэдэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы і ўраду — прэзыдэнт, які абіраецца насельніцтвам на шэсьць гадоў ня больш як на два тэрміны запар. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Asamblea Nacional), якая складаецца са 165 дэпутатаў, пры гэтым тры месцы замацавана за прадстаўнікамі карэнных народаў Вэнэсуэлы. Тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Дэпутаты могуць выбірацца максымум на тры тэрміны. Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд (Tribunal Supremo de Justicia). Яго сябры абіраюцца на адзін дванаццацігадовы тэрмін.

У краіне назіраецца культ Сымона Балівара.

Эканоміка

рэдагаваць

Вэнэсуэла належыць да найбольш разьвітых краінаў Лацінскай Амэрыкі. Прамысловасьць дае да 35 % ВУП, сельская гаспадарка — 6 %.

Нафтавы сэктар

рэдагаваць

Вядучае месца ў гаспадарчым комплексе займае нафтаздабыўная і нафтахімічная прамысловасьць (каля 1/3 ВУП, 70 % даходаў бюджэту, звыш 80 % экспарту). Нафтавы сэктар краіны працуе ў рамках дзяржаўнай кампаніі «Petroleos de Venezuela» (PDVSA), якой паміж іншым належыць сетка з 14 000 аўтазаправачных станцыяў CITGO (ЗША). Асноўныя раёны здабычы нафты — западзіна возера Маракайба і паўночная частка басэйну ракі Арынока. Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Каракас. Галоўныя парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў — Маракайба, Амуай, Кабімас.

На 31 сьнежня 2011 г. даказаныя запасы нафты ў Вэнэсуэле склалі 296,5 млрд барэляў (17,9% сусьветных запасаў), што зрабіла краіну ўладальнікам найбольшых у сьвеце запасаў нафты[11].

Прамысловасьць і энэргетыка

рэдагаваць

Здабыўная прамысловасьць: нафты 128 млн т, жалезнай руды 17 млн т, каменнага вугалю 4 тыс. т, золата 8,1 т (1997). Здабываюць таксама басіты, нікелевыя, марганцавыя руды, срэбра, алмазы і інш.

Мэталюргія: выплаўка сталі, алюміну. Мэталюргічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба.

Машынабудаваньне: вытворчасьць аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машынаў, электрычнай апаратуры ў Каракасе і Баркісімэта.

Энэргетыка: ГЭС Гуры і Макагуа на рацэ Карані, на долю якіх прыпадае да 1/3 усіх энэргетычных магутнасьцяў краіны. Вытворчасьць электраэнэргіі 87,4 млн кВт * гадзін (2003).

Аграпрамысловы комплекс

рэдагаваць

Сельская гаспадарка не забясьпечвае нутраных патрэбнасьцяў краіны. Сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі займаюць 25 % тэрыторыі краіны, асноўны земляробчы раён на поўначы і паўночным захадзе, жывёлагадоўчы — Льянас (цэнтральная Вэнэсуэла). Пануе буйное землеўладаньне. Галоўныя культуры: кукуруза, рыс, цукровы трысьнёг, сорга, бульба, какава, бананы, памідоры, апэльсіны, кава. З тэхнічных культураў — бавоўнік і сізаль. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, сьвіней, козаў, авечак, птушку.

Да 1970-х Вэнэсуэла спаборнічала з Калюмбіяй па вытворчасьці кавы, пазьней быў зроблены акцэнт на нафтаздабычу (з чаго ператварылася ў найбольш багатую краіну Паўднёвай Амэрыкі) і сёньня трымае каля 1 % сусьветнага рынку кавы. У апошнія гады адбываецца ўздым вытворчасьці какавы (Вэнэсуэла некалі была адным з галоўных вытворцаў, пазьней саступіла Заходняй Афрыцы), у краіне вырошчваецца рэдкі сорт какавы, які лічыцца самым смачным і араматным у сьвеце і прымяняецца для вырабу арыгінальнага шакаляду.

Транспарт

рэдагаваць

Галоўны від транспарту — аўтамабільны. Даўжыня аўтадарогаў 96 тыс. км, у тым ліку 32 тыс. км зь цьвёрдым пакрыцьцём. Галоўныя аўтамагістралі — Каракас — Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калюмбіяй. Чыгункі 682 км. Даўжыня нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Разьвіты паветраны транспарт (375 аэрапортаў і аэрадромаў). Суднаходзтва па рацэ Арынока і яе прытоках (7 тыс. км). Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Галоўны порт краіны для нянафтавых тавараў — Ля-Гуайра (аванпорт Каракаса).

Адносіны з Рэспублікай Беларусь

рэдагаваць

Дыпляматычныя адносіны ўсталяваны 4 лютага 1997 году[12]. Кіраўніцтвы Беларусі і Вэнэсуэлы маюць падобныя пазыцыі па асноўных пытаньнях сусьветнай палітыкі. Краіны актыўна ўдзельнічаюць у працы ААН, Руху недалучэньня. У апошнія гады актывізавалася эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама разьвіцьцё двухбаковых сувязяў у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сфэры.

Аснову беларускага экспарту ў 2005 годзе склалі калійныя і азотныя ўгнаеньні. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэньня аб’ёмаў паставак іншых асноўных экспартных тавараў і дывэрсыфікацыі экспарту: шын, электраабсталяваньня, дэталей і абсталяваньня для аўтамабіляў і трактароў, сынтэтычных ніцей. Двухбаковы таваразварот склаў звыш 15 млн. USD.

Разьвіцьцю двухбаковых адносінаў судзейнічалі:

  • афіцыйны візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў Беларусь у ліпені 2006 (падпісаная Дамова аб стратэгічным супрацоўніцтве, мэмарандум аб узаемапаразуменьні ў сфэры палітычных кансультацыяў паміж МЗС Беларусі і Вэнэсуэлы, дасягнуты пагадненьні ў галіне нафтахіміі, мэталюргіі, сельскай гаспадаркі і ў вайскова-тэхнічнай галіне);
  • сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Вэнэсуэлы падчас саміта Руха недалучэньня ў Гаване ў верасьні 2006;
  • візыт афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале зь Дзяржаўным сакратаром Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь Віктарам Шэйманам у Вэнэсуэлу ў верасьні 2006 (падпісаныя 23 пагадненьні, у тым ліку ў вайскова-тэхнічнай галіне на агульную суму каля 1 млрд USD).

На пачатку красавіка 2012 г. беларускія будаўнікі запусьцілі між Гватырэ і Гварэнасам (гарадамі-спадарожнікамі Каракаса) найбольшы ў Лацінскай Амэрыцы завод будаўнічых матэрыялаў (магутнасьць 125 000 тонаў цэглы, або 25 млн цагляных блёкаў за год), які пачалі будаваць на замову сумеснага прадпрыемства «Вэмпроімко» ў лістападзе 2009 году[13].

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Горад Калёнія-Тавар у штаце Арагуа зьяўляеца самым вялікім местам у краіне з колькасьцю вэнэсуэльцаў нямецкага паходжаньня.

Вэнэсуэла зьяўляецца адной з самых урбанізаваных краінаў у Лацінскае Амэрыцы[3][4], пераважная большасьць вэнэсуэльцаў жыве ў гарадох на поўначы краіны, асабліва ў Каракасе, які таксама зьяўляецца самым буйным горадам. 73% жыхароў жывуць на адлегласьці меншай за 100 км ад берагавой лініі[14]. Не зважаючы на тое, што амаль палова зямельнай плошчы Вэнэсуэлы пралягае на поўдзень ад Арынока, толькі 5% вэнэсуэльцаў пражываюць там. Самым вялікім і самым важным горадам на поўдзень ад Арынока зьяўляецца Сьюдад-Гуаяна, які ёсьць шостым горадам краіны паводле колькасьці насельніцтва[15]. Да ліку іншых буйных гарадоў адносяцца Баркісымэта, Валенсія, Маракай, Маракайба, Барсэлёна-Пуэрта-ля-Крус, Мэрыда і Сан-Крыстобаль.

Каля 95 % жыхароў краіны складаюць вэнэсуэльцы, народ, які ўтварыўся ад зьмяшэньня гішпанскіх заваёўнікаў і перасяленцаў зь мясцовым насельніцтвам — індзейцамі аравацкай, карыбскай і іншых моўных сем’яў, а таксама з нэграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У XIX—XX стагодзьдзях сюды прыехалі мігранты, пераважна з Паўднёвай Эўропы. Агульная колькасьць індзейцаў паводле ацэнак складае каля каля 500 тысячаў чалавек, які пражываюць пераважна ў малаасвоеных раёнах на поўдні, захадзе і ўсходзе краіны. Канстытуцыя прызнае шматнацыянальны, шматкультурны і шматмоўны характар краіны і ўключае ў сябе разьдзел, прысьвечаны правам карэнных народаў, што адчыніла пэўныя прасторы для іхнае палітычнай інтэграцыі на нацыянальным і мясцовым узроўні з 1999 году.

Згодна з дасьледаваньнем сацыёлягаў Цэнтральнага ўнівэрсытэту Вэнэсуэлы на 2014 год, больш за 1,5 млн вэнэсуэльцаў, або ад 4% да 6% насельніцтва краіны, пакінулі межы дзяржавы з 1999 году пасьля Баліварыянскае рэвалюцыі[16][17]. Тым ня менш Вэнэсуэла стала падтрымлівае станоўчы прырост насельніцтва.

Паводле расавага складу вылучаюцца наступныя групы: мэтысы (67 %), белыя (21 %), чорныя (10 %), індзейцы — (менш за 2 %). Большасьць вернікаў краіны зьяўляюцца каталікамі, але пашыранае таксама пратыстэнства, у пераважнасьці, эвангелісты.

Адукацыя і культура

рэдагаваць

У горадзе Барынас (штат Барынас) дзейнічае сельскагаспадарчы каледж міжнароднай супольнасьці імя Сымона Балівара.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ «World Conservation Monitoring Centre of the United Nations Environment Programme». World Conservation Monitoring Centre of the United Nations Environment Programme (UNEP-WCMC), 2004.
  2. ^ «Geneva Agreement, 17 February 1966». United Nations.
  3. ^ а б «South America». Encarta.
  4. ^ а б «Annex tables». World Urbanization Prospects: The 1999 Revision.
  5. ^ Smilde, David (14 September 2017). «Crime and Revolution in Venezuela». NACLA Report on the Americas. 49 (3): 303–308. doi:10.1080/10714839.2017.1373956. ISSN 1071-4839.
  6. ^ «Volver a ser pobre en Venezuela». El Pais.
  7. ^ «Venezuela shuts border with Colombia as cash crisis escalates». CNNMoney.
  8. ^ «Venezuela's Economy Was the Worst Performing of 2016, IMF Estimates». Bloomberg.
  9. ^ «Chamber of Commerce: 80% of Venezuelans are in poverty». El Universal.
  10. ^ «Venezuela Issues New Bank Notes Because of Hyperinflation». The New York Times.
  11. ^ Вэнэсуэла можа лічыцца уладальнікам найбуйнейшых запасаў нафты ў сьвеце // Зьвязда : газэта. — 16 чэрвеня 2012. — № 115 (27230). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Венесуэла// Сайт Валерыя Леванеўскага. Дата доступу: 26 траўня 2009
  13. ^ Андрэй Сьмірноў. Беларуская цэгла для вэнэсуэльскіх новабудоўляў // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 83 (27198). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ «Coastal and Marine Ecosystems—Venezuela». EarthTrends Country Profiles. World Resources Institute.
  15. ^ «Cuadro Magnitud y Estructura Demográfica». Ine.gob.ve.
  16. ^ «Venezuela agobiada por la fuga masiva de cerebros». El Nuevo Herald.
  17. ^ «El 90% de los venezolanos que se van tienen formación universitaria». El Impulso.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць